Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СБУ: Бабчанка жывы, арганізатара замаху затрымалі


Аркадзь Бабчанка на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве 30 траўня.

Аркадзя Бабчанку прывезьлі на прэсавую канфэрэнцыю ў Кіеве.

Дзякуй, што жывы: рэакцыі сацсетак на «ўваскрасеньне» Бабчанкі


На прэсавай канцэрэнцыі ў Кіеве 30 траўня расейскі журналіст Аркадзь Бабчанка сказаў:

«Я хачу перад вамі выбачыцца за тое, што прымусіў вас хвалявацца і ўсё гэта перажыць, але па іншаму нельга было. Асабіста я хачу папрасіць прабачэньня ў сваёй жонкі, што яна прайшла гэтае пекла. І хачу падзякаваць Службе бясьпекі Ўкраіны за тое, што ўратавалі маё жыцьцё».

Аркадзь Бабчанка дадаў, што пра гэтую апэрацыю яму паведамілі месяц таму. Пазьней прэс-сакратарка СБУ Алена Гітлянская сказала ў інтэрвію Радыё Свабода, што жонка Бабчанкі была ў курсе таго факту, што ягоная сьмерць зьяўляецца інсцэніроўкай.

Увечары 29 траўня зьявіліся паведамленьні, што ў Аркадзя Бабчанку стралялі на парозе ягонай кватэры ў Кіеве. Пазьней паліцыя заявіла, што Бабчанка памёр у карэце хуткай дапамогі.

На прэсавай канфэрэнцыі 30 траўня старшыня Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Грыцак заявіў, што замах на забойства Бабчанкі меліся выканаць ветэраны антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны на заказ спэцслужбаў Расеі.

«Для рэалізацыі гэтага пляну, спэцслужбы Расеі завэрбавалі грамадзяніна Ўкраіны Г., які атрымаў заданьне знайсьці выканаўцаў зь ліку колішніх удзельнікаў антытэрарыстычнай апэрацыі», — паведаміў Васіль Грыцак на брыфінгу ў Кіеве.

Паводле яго, за гэта расейскія спэцслужбы прапанавалі 40 тысяч даляраў. Зь іх імавернаму кілеру арганізатар абяцаў 30 тысяч і адразу перадаў 15 тысяч у якасьці задатку.

Як калегі адрэагавалі на «ўваскрашэньне» Бабчанкі. ВІДЭА

Прадстаўнікі праваахоўных органаў таксама паведамілі, што ўдзельнік антытэрарыстычнай апэрацыі, які нібыта застрэліў расейскага журналіста, цяпер праходзіць у справе як сьведка, а не абвінавачаны. Але падрабязнасьцяў пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі не распавялі. Паводле асобных выказваньняў можна было зрабіць выснову, што гэты чалавек паведаміў СБУ пра падрыхтоўку замаху на Аркадзя Бабчанку.

Зьлева направа — Васіль Грыцак, Аркадзь Бабчанка, Юры Луцэнка
Зьлева направа — Васіль Грыцак, Аркадзь Бабчанка, Юры Луцэнка

Генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка сказаў пра выдатнае выкананьне спэцыяльнай апэрацыі.

«Для мяне была вялікім расчараваньнем рэакцыя ўкраінскага палітыкуму, які пачаў абвінавачваць улады ў гэтым тэракце. Я не магу аспрэчыць, што праваахоўная сыстэма працуе не заўсёды так, як хацелася б, я не магу аспрэчыць, што ўлада часам памыляецца. У часы вайны палітыкі ня маюць ставіць пад сумнеў нацыянальныя інтарэсы».

Юры Луцэнка паведаміў, што былі атрыманыя апэратыўныя дадзеныя аб тым, што грамадзянін Украіны пачаў набываць зброю для арганізацыі шэрагу замоўных забойстваў. Ад гэтага моманту за ім было ўсталявана сачэньне. «Ён затрыманы і цяпер вядуцца сьледчыя дзеяньні», — сказаў Луцэнка.

Старшыня СБУ Васіль Грыцак дадаў, што агулам гаворка ішла пра забойства 30 чалавек.

«Рэпартэры бязь межаў» абураныя інсцэніроўкай забойства Бабчанкі

***

Расейскі журналіст Аркадзь Бабчанка салдатам тэрміновай службы прайшоў першую чачэнскую вайну, па кантракце — другую чачэнскую. Як вайсковы журналіст быў у Паўднёвай Асэтыі. Аўтар кніг «Дзесяць гісторый пра вайну», «Божы чалавек», «Алхан-юрт».

Бабчанка вёў рэпартажы падчас падзеяў на Майдане ў студзені-лютым 2014. Летась Аркадзь Бабчанка пакінуў Расею, апошнім часам жыве ў Кіеве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG