Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве заявілі, што раскрылі забойства расейскага дэпутата, да якога датычнае ФСБ


Сьледчыя на месцы забойства Дзяніса Вараненкава. Кіеў, 23 траўня 2017 году

Генэральная пракуратура Ўкраіны раскрыла забойства ў Кіеве былога дэпутата Дзяржаўнай Думы Расеі Дзяніса Вараненкава.

«Мы афіцыйна паведамляем, што перадаём справу ў суд паводле факту забойства Вараненкава Дзяніса», — паведаміў сёньня на брыфінгу генэральны пракурор Украіны Юрый Луцэнка.

Паводле яго, сьледзтва таксама ўстанавіла замоўнікаў забойства.

«У студзені 2017 году ў якасьці сьведкі Дзяніс Вараненкаў даў сьведчаньні Галоўнай вайсковай пракуратуры ў справе пра дзяржаўную здраду экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча, а таксама ў справе пра іншыя злачынствы супраць асноў нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны з боку прадстаўнікоў улады Расейскай Фэдэрацыі. Гэта выклікала занепакоенасьць з боку Крамля і, паводле дакладна вызначанай вэрсіі сьледзтва, кіраўніцтва ФСБ разам з кіраўнікамі злачыннага сьвету Расеі падрыхтавалі забойства, зь іх пункту гледжаньня, надзвычай каштоўнага сьведкі», — дадаў Юры Луцэнка.

Генэральны пракурор Украіны таксама паведаміў, што, паводле сьледзтва, непасрэдным арганізатарам забойства быў колішні муж Марыі Максакавай Уладзімір Цюрын — вядомы пад мянушкай «Цюрык» злодзей у законе, падкантрольны ФСБ. Сьледзтва выставіла яму абвінавачаньні, і неўзабаве будзе вырашанае пытаньне пра ягоны статус як падазраванага.

У справе забойства Варанянкова арыштаваныя двое грамадзян Ўкраіны, якія, на думку сьледзтва, былі выканаўцамі злачынства, у тым ліку добраахвотнік, актывіст «Правага сэктару» Яраслаў Тарасенка. Паводле сьледзтва, ён падвозіў забойцу Паўла Паршова на месца злачынства на аўтамабілі «Ланас». Яшчэ двое грамадзян, якія вялі назіраньне за Дзянісам Вараненкавым, аб’яўленыя ў вышук.

Вараненкаў быў застрэлены ў цэнтры Кіева 23 сакавіка. Нападнік у той жа дзень памёр у шпіталі — яго параніў ахоўнік былога расейскага дэпутата.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў забойства «актам дзяржаўнага тэрарызму з боку Расеі». Масква заявіла аб правакацыі ўкраінскіх спэцслужбаў.

Дзяніс Вараненкаў эміграваў ва Ўкраіну разам з жонкай Марыяй Максакавай у кастрычніку 2016 году, а ўжо ў сьнежні атрымаў грамадзянства Ўкраіны. Ад сярэдзіны лютага 2017 году знаходзіцца ў расейскім фэдэральным вышуку, з 27 лютага — у міжнародным вышуку па абвінавачаньні ў незаконным адчужэньні маёмасьці.

Ва Ўкраіне грамадзянская супольнасьць неаднойчы патрабавала прыцягнуць Дзяніса Вараненкава да крымінальнай адказнасьці ў сувязі з тым, што ў часе свайго дэпутацтва ён падтрымаў анэксію Крыму Расеяю.

XS
SM
MD
LG