Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цэнтры Кіева застрэлілі былога дэпутата Дзярждумы Расеі Дзяніса Вараненкава


У цэнтры Кіева, на вуліцы Пушкінскай каля гатэлю «Прэм’ер-палац», застрэлілі былога дэпутата Дзяржаўнай Думы Расеі Дзяніс Вараненкаў, які ўваходзіў склад фракцыі Камуністычнай партыі Расеі, але напрыканцы 2016 года атрымаў грамадзянства Ўкраіны.

Паводле інфармацыі Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, ён выходзіў з гатэля са сваім ахоўнікам, калі невядомы адкрыў па іх агонь. Пры гэтым ахоўнік, які быў паранены, пасьпеў стрэліць у адказ і параніў нападніка.

Экспэрты зьвяртаюць увагу на тое, што ў момант гэтай перастрэлкі, у адным з прылеглых будынкаў — агенцтве «Укрінформ», праходзіла прэсавая канфэрэнцыя старшыні Службы бясьпекі Ўкраіны Васіля Грыцака.

Сьпікер Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Арцём Шаўчэнка заявіў, што за забойствам Вараненкава могуць стаяць расейскія спэцслужбы.

Дзяніс Вараненкаў эміграваў ва Ўкраіну разам з жонкай у кастрычніку 2016 года, а ўжо ў сьнежні атрымаў грамадзянства Ўкраіны. Ад сярэдзіны лютага 2017 году знаходзіцца ў расейскім фэдэральным вышуку, з 27 лютага — у міжнародным вышуку.

Ва Ўкраіне грамадзянская супольнасьць неаднойчы патрабавала прыцягнуць Дзяніса Вараненкава да крымінальнай адказнасьці ў сувязі з тым, што ў часе свайго дэпутацтва падтрымаў анэксію Крыму Расеяю.

Нядаўна Генэральная пракуратура Ўкраіны дапытвала Дзяніса Вараненкава ў справе пра дзяржаўную здраду былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча.

У лістападзе 2014 года, камэнтуючы зьмену ўлады ва Ўкраіне, Дзяніс Вараненкаў заявіў: «Украіна сёньня — гэта не толькі трагедыя брацкага нам народа. Гэта ўрок усім нам! Вось што адбываецца з моладзьдзю, якая мэтанакіравана на працягу многіх гадоў падвяргаецца пэўнаму ўзьдзеяньню. Празь СМІ, фільмы, песьні, школу, бытавыя паводзіны навакольных. 25 гадоў некалькі пакаленьняў маладых людзей выхоўваліся ў антырасейскім і русафобскім духу. Вынік мы бачым».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG