Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амаль два гады расьсьледаваньня забойства Шарамета: ні падазраваных, ні доказаў, ні зачэпак


Падчас разьвітаньня з Паўлам Шараметам, 2016 год

У Менску ўсталявалі помнік на магіле беларускага журналіста Паўла Шарамета, якога забілі 20 ліпеня 2016 году ў Кіеве — у цэнтры гораду выбухнула аўто, на якім ён ехаў на працу. Як ідзе сьледзтва па гэтай справе, высьвятляла карэспандэнтка Свабоды.

Адразу пасьля забойства Паўла Шарамета кіраўніцтва праваахоўных органаў і ўлады Ўкраіны заявілі, што расьсьледаваньне — справа гонару, але ўжо праз год справу «закрылі» ад грамадзкасьці. Засакрэцілі нават судовыя рашэньні, якія тычыліся вывучэньня сьледчымі тэлефонных званкоў паблізу ад месца злачынства і ў некаторых раёнах у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе, а такама відэазапісаў, вынятых з камэр назіраньня на бліжэйшых будынках.

На пытаньні журналістаў праваахоўныя органы адказваюць фармальна — навінаў няма, як няма і падазраваных выканаўцаў і замоўнікаў гэтага злачынства.

Трэба расьсьледаваць тэракт, а не забойства, — удава Шарамета

Каб атрымаць доступ да матэрыялаў справы, удава (былая грамадзянская жонка) Паўла Шарамета, заснавальніца інтэрнэт-выданьня «Ўкраінская праўда» Алена Прытула зьвярнулася да генэральнага пракурора Ўкраіны Юрыя Луцэнкі з просьбай прызнаць яе пацярпелым бокам.

Алена Прытула
Алена Прытула

Апроч таго, Алена Прытула прапанавала расьсьледаваць справу як тэрарыстычны акт.

«Выбух адбыўся за некалькі соцень мэтраў ад нашага дома на скрыжаваньні, дзе ў той час рухалася вялікая колькасьць аўтамабіляў і пешаходаў, фактычна перад уваходам у вядомы рэстаран хуткага харчаваньня «МакДональдз».

Злачынцы разьлічвалі забіць ня толькі Паўла Шарамета, але і атрымаць псыхалягічныя наступствы ад тэрарыстычнага акту ў шматлюдным месцы ў выглядзе панікі і зьняверы ва ўласнай бясьпецы, — аргумэнтавала Прытула.

Сьледзтва, як і раней, працуе над некалькімі вэрсіямі забойства, але прыярытэтнай лічыць тую, што зьвязана з прафэсійнай дзейнасьцю Паўла Шарамета, як ва Ўкраіне, гэтак і за яе межамі.

Зачэпкі ня спраўдзіліся

Пэўныя надзеі на зачэпкі ў справе Шарамета зьявіліся летась у кастрычніку, калі ў Кіеве ад выбуху каля будынка аднаго з тэлеканалаў пацярпеў народны дэпутат, прадстаўнік Радыкальнай партыі Ігар Масійчук. На відэазапісах з гэтага месца сьледчыя нібыта пабачылі чалавека, падобнага да таго, які «засьвяціўся» на месцы гібелі Паўла Шарамета.

Яшчэ праз паўтара месяца паліцыя абвясьціла пра затрыманьне групоўкі, якая падрывала аўтамабілі. У адным з эпізодаў, якія ёй інкрымінаваліся, была закладзеная такая ж міна, ад якой выбухнуў аўтамабіль Паўла Шарамета. Аднак пазьней генэральны пракурор Юры Луцэнка заявіў пра хібнасьць гэтых зачэпак.

Доказы яшчэ зьбіраюцца

Некалькі тыдняў таму намесьнік кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны Віктар Кананенка паведаміў, што ў сьледзтва дагэтуль няма рэальнай доказнай базы — яна ўсё яшчэ ў працэсе фармаваньня. А раскрыцьцю забойства, паводле яго, перашкаджаюць «абставіны». Але якія — ён не ўдакладніў.

Супрацоўнікі СБУ ўваходзяць у склад сьледча-апэратыўнай групы, якая расьсьледуе справу Паўла Шарамета, разам з прадстаўнікамі Генэральнай пракуратуры і Нацыянальнай паліцыі. Журналісты ня раз уздымалі пытаньне пра тое, каб далучыць да сьледзтва замежнага сьледчага. Публічна гэтую ідэю падтрымлівалі ўсе — ад прэзыдэнта Ўкраіны да кіраўніцтва праваахоўных органаў. Але і ў гэтым справа ня зрушылася зь месца. Засакрэчанымі застаюцца зьвесткі і пра колькасьць сьледчых, і пра аб’ём матэрыялаў крымінальнай справы.

Альтэрнатыўнае расьсьледаваньне

Праваахоўныя органы тлумачаць засакрэчанасьць справы Паўла Шарамета неабходнасьцю пазьбегнуць нэгатыўнага ўплыву на вынікі расьсьледаваньня, і адначасова — забясьпечыць абарону жыцьця асобаў, «якія ўдзельнічаюць у крымінальным судаводзтве».

Засакрэчваньне справы супала з дэманстрацыяй дакумэнтальнага фільму «Забойства Паўла», які падрыхтавалі журналісты праекту «Слідство.Інфо» разам з прадстаўнікамі міжнароднай сеткі OCCRP. Журналісты высьветлілі асобаў, якія ў ноч перад забойствам знаходзіліся каля дома Паўла Шарамета і маглі быць як сьведкамі, так і саўдзельнікамі падзеяў той ночы. У прыватнасьці, у фільме было названа імя адной такой асобы — Ігара Ўсьціменкі, які працаваў у Службе бясьпекі Ўкраіны да 2014 году.

Адзін з аўтараў журналісцкага расьсьледаваньня Дзьмітры Гнап мяркуе, што закрыцьцё расьсьледаваньня справы ад грамадзкасьці не адбілася на выніковасьці афіцыйнага сьледзтва:

«Як да закрыцьця матэрыялаў справы, так і пасьля выхаду нашага расьсьледаваньня і засакрэчваньня ўсіх матэрыялаў сьледчыя асабліва далёка не прасунуліся. Асаблівых вынікаў няма».

Паводле яго, група журналістаў працягвае сваё расьсьледаваньне.

«Мы працягваем патроху працаваць і займацца гэтай справай. Ня так шмат часу ўдаецца цяпер аддаваць гэтай справе, як хацелася б, але сыстэмна і рэгулярна мы спрабуем атрымаць важную інфармацыю па расьсьледаваньні забойства Паўла. Пэўную інфармацыю нам удалося атрымаць, але цяпер не магу пра гэта казаць. Каб яе праверыць, нам яшчэ патрэбны дадатковы час. Час ад часу мы абменьваемся інфармацыяй з афіцыйнай сьледчай групай — гэта праўда. Але таксама мы дамовіліся пакуль не разгалошваць тое, што ўдалося знайсьці», — сказаў Свабодзе Дзьмітры Гнап.

Дзьмітры Гнап
Дзьмітры Гнап

Гнап таксама ня выключыў, што па выніках расьсьледаваньня будзе падрыхтаваны яшчэ адзін дакумэнтальны фільм.

«Мы працуем, а там — як складзецца. Сваю працу мы робім», — сказаў ён.

Памяць пра Паўла жыве

У Кіеве, на месцы, дзе загінуў Павал Шарамет, кожны дзень стаяць жывыя кветкі. Перад Вялікаднем на слуп, дзе прыладкаваны партрэт журналіста, нехта прымацаваў і велікодны ручнік. На месца гібелі Шарамета прыяжджаюць і беларусы, якія яго ведалі і ня ведалі, і якія таксама чакаюць, што ўкраінскае сьледзтва знойдзе выканаўцаў і замоўнікаў забойства Паўла Шарамета.

Акцыя да гадавіны забойства Паўла Шарамета ў 2017 годзе
Акцыя да гадавіны забойства Паўла Шарамета ў 2017 годзе

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG