Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнатар Маккейн: «Я не ненавіджу Расею... Але я ненавіджу Пуціна»


Сэнатар-рэспубліканец Джон Маккейн.
Сэнатар-рэспубліканец Джон Маккейн.

Сэнатар-рэспубліканец Джон Маккейн напісаў у сваёй новай кнізе, што ЗША павінны сур’ёзна абдумаць нанясеньне кібэратакі ў адказ на расейскае ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары, каб рашуча пазначыць сваю пазыцыю, паведамляе Голас Амэрыкі.

Пра зьмест кнігі, якая яшчэ ня выйшла, паведаміў партал Defense News.

«Я лічу, што, калі расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна не прымусіць шкадаваць пра яго рашэньні, ён будзе вяртацца на месца злачынства зноў і зноў», — напісаў Маккейн, сэнатар ад штату Арызона, які цяпер змагаецца з ракам мозгу.

Па дадзеных Defense News, кніга Маккейна пад назвай «Несуцішная хваля» (The Restless Wave) выйдзе 22 траўня.

На думку Маккейна, хоць санкцыі і гандлёвыя абмежаваньні ў дачыненьні да Пуціна і яго сяброў зьяўляюцца стрымліваючымі фактарамі, «каб прымусіць Пуціна моцна пашкадаваць аб яго нападзе на аснову нашай дэмакратыі — свабодныя і справядлівыя выбары, — неабходна сурʼёзна задумацца аб зваротным удары той жа зброяй».

«У нас таксама ёсьць кібэрмагчымасьці. Неабходна задзейнічаць іх, каб выкрыць гіганцкія маштабы карупцыі яго рэжыму ці іншым чынам скампрамэтаваць Пуціна», — піша сэнатар.

Па словах Маккейна, Амэрыцы час перайсьці ў наступ у інфармацыйнай вайне з Расеяй.

На працягу ўсёй кнігі Маккейн падкрэсьлівае неабходнасьць рашучай вонкавай палітыкі, якая па максымуму выкарыстоўвае альянсы і прасоўвае заходнія каштоўнасьці.

Выпрацаваны прэзыдэнтам Дональдам Трампам падыход «Амэрыка найперш» ён называе «неабачлівым» і лічыць гэта паўторам памылкі вонкавай палітыкі Барака Абамы.

«Я турбуюся, што мы знаходзімся ў паваротнай кропцы, у пераломным моманце гісторыі, і прынятыя заўтра рашэньні могуць пакласьці канец эпосе, калі ў сьвеце лідзіравала Амэрыка, — піша Маккейн. — Спадзяюся, што гэтага ня здарыцца. Пэўна, яшчэ ня позна. Але мой час у гэтай барацьбе падышоў да канца».

Маккейн не падзяляе меркаваньне Трампа аб тым, што Расея можа быць саюзьнікам ЗША. «Пуцін нам не партнэр, ніколі ім ня быў і ня будзе», — напісаў сэнатар.

Маккейн выказвае шкадаваньне з нагоды таго, што Пуціну ўдалося дасягнуць мэтаў умяшаньня ў выбары, нанёсшы шкоду кампаніі Гілары Клінтан і паспрыяўшы дысфункцыі ўраду ЗША.

«Ён кожны дзень бачыць свой посьпех у нашых спрэчках і невырашальных супярэчнасьцях», — піша сэнатар.

Называючы заляцаньні Трамп з Пуціным «наіўнасьцю і агульнай несурʼёзнасьцю ўспрыманьня антаганізму Пуціна ў дачыненьні да амэрыканскіх інтарэсаў і каштоўнасьцяў», Маккейн адзначае, што абвінавачаньні ў сувязях з Расеяй выклікаюць неспакой, аднак ён «паняцьця ня мае, што зь іх праўда».

«Але я сумняваўся, што Трамп або яго памочнікі актыўна садзейнічалі расейскаму ўмяшаньню, — піша ён. — І я, пэўна, не хацеў верыць, што Крэмль мог атрымаць кампрамат на амэрыканскага прэзыдэнта».

У сваёй кнізе Маккейн таксама аспрэчвае сьцьвярджэньні расейскага дзяржаўнага канала Russia Today пра тое, што ён ненавідзіць Расею.

«Я не ненавіджу Расею. Я хачу, каб у яе была тая ж свабода, справядлівасьць і росквіт, як у амэрыканцаў. Але я ненавіджу Пуціна», — піша Маккейн, называючы расейскага лідэра «злачынным чалавекам».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG