Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея забівае ўкраінцаў для праверкі адміністрацыі Трампа, — Маккейн


Амэрыканскі сэнатар-рэспубліканец ад штату Арызона Джон Маккейн тлумачыць пагаршэньне сытуацыі на Данбасе тым, што Расея пакуль выпрабоўвае адміністрацыю прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

«Расейцы забіваюць украінцаў штодня. Яны іх забіваюць. Я лічу, што сытуацыя пагаршаецца, паколькі гэта час для выпрабоўваньня адміністрацыі Трампа», — заявіў Маккейн 17 лютага падчас выступленьня на штогадовай Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў справе бясьпекі.

«Мы перамаглі ў халоднай вайне дзякуючы значным абарончым магчымасьцям. NATO было асновай гэтага. Мы таксама змаглі перамагчы дзякуючы Радыё Свабодная Эўропа (Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода — РС) і «Голасу Амэрыкі», — падкрэсьліў Джон Маккейн.

Сытуацыя ў зоне баявых дзеяньняў на Данбасе рэзка абвастрылася ў канцы студзеня.

На працягу апошніх тыдняў Джон Маккейн мінімум двойчы заклікаў Дональда Трампа надаць Украіне сьмяротнае ўзбраеньне.

Расея анэксавала ўкраінскі Крым у сакавіку 2014 году. Кіеў і Захад не прызнаюць гэтага і лічаць паўвостраў і надалей украінскай тэрыторыяй.

Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ў падтрымцы прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе. Масква гэтыя абвінавачваньні адкідае, заяўляючы, што на Данбасе няма расейскіх вайскоўцаў, але ёсьць «добраахвотнікі».

Праз агрэсію Расеі супраць Украіны Захад увёў шэраг санкцыяў супраць Масквы.

Станоўчыя водгукі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа на адрас расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна выклікалі асьцярогі адносна будучыні санкцый супраць Масквы.

XS
SM
MD
LG