Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Washington Post: Трамп павіншаваў Пуціна насуперак рэкамэндацыям


Дональд Трамп і Ўладзімір Пуцін размаўляюць на саміце ў Віетнаме 11 лістапада 2017 году
Дональд Трамп і Ўладзімір Пуцін размаўляюць на саміце ў Віетнаме 11 лістапада 2017 году

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падчас свайго тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным у аўторак не скарыстаўся рэкамэндацыямі сваіх дарадцаў па нацыянальнай бясьпецы, — піша газэта Washington Post са спасылкай на крыніцы ў Белым Доме.

У матэрыялах, падрыхтаваных для Трампа, зьмяшчалася дакладная рэкамэндацыя падчас размовы ўстрымацца ад віншаваньняў Пуціну зь перамогай на выбарах прэзыдэнта Расіі — адзначае газэта. Трамп, аднак, пачаў размову з віншаваньняў, пра што пасьля паведамілі і Белы Дом, і Крэмль.

Сьцьвярджаецца, што ў матэрыялах таксама зьмяшчалася рэкамэндацыя падняць перад Пуціным пытаньне аб атручваньні ў Брытаніі Сяргея Скрыпаля і яго дачкі, у якім Лёндан вінаваціць Расею. Трамп, аднак, ня стаў гаварыць з Пуціным пра Скрыпаля. Яны абмеркавалі Паўночную Карэю і іншыя пытаньні міжнароднай палітыкі.

Крыніцам Washington Post невядома, ці Трамп праігнараваў рэкамэндацыі сьвядома, ці не азнаёміўся зь імі да званка Пуціну.

Белы Дом не камэнтаваў паведамленьні аб рэкамэндацыях не віншаваць Пуціна. Трамп раней неаднаразова крытыкаваў СМІ за публікацыю «выцекаў» зь яго адміністрацыі.

Званок зь віншаваньнямі расейскаму прэзыдэнту раскрытыкаваў сэнатар Джон Маккейн, назваўшы яго «абразай расейскага народу», які, на думку сэнатара, быў пазбаўлены права на свабодны выбар. Сэнатар Боб Коркер заклікаў не зьвяртаць на званок асаблівай увагі, паколькі прэзыдэнт ЗША, паводле яго слоў, раней віншаваў лідэраў «і больш таталітарных рэжымаў», чым расейскі.

18 сакавіка Ўладзімір Пуцін быў пераабраны прэзыдэнтам Расіі на чацвёрты тэрмін, атрымаўшы, паводле афіцыйных дадзеных, рэкордную колькасьць галасоў. Міжнародныя назіральнікі адзначылі адсутнасьць рэальнай канкурэнцыі на выбарах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG