Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША заклікалі да канструктыўнага дыялёгу ў Армэніі


Офіс прэс-сакратара Дзярждэпартамэнту ЗША Гэзэр Наўэрт распаўсюдзіў заяву, у якой гаворыцца, што наступныя дні ўяўляюць сабой гістарычны момант для народа Армэніі і яе лідэраў, паколькі яны прыступаюць да працэсу фармаваньня новага ўраду, паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Мы заклікаем ўсе бакі канструктыўна, у рамках заканадаўчай базы канстытуцыі Армэніі, забясьпечыць мірны пераход улады, кіруючыся вяршэнствам закона, — падкрэсьліваецца ў заяве. — Мы спадзяемся на шчыльнае супрацоўніцтва з новым урадам па многіх напрамках, якія ўяўляюць узаемную цікавасьць для Злучаных Штатаў і Армэніі».

У заяве ўказваецца, што як сябар і партнэр Злучаныя Штаты аддаюць належнае армянскаму народу за ягонае ўменьне весьці дыялёг для таго, каб пабудаваць самастойную будучыню з дапамогай «дэмакратычных і мірных сродкаў».

«Аксамітная рэвалюцыя» ў Армэніі. Як гэта было

Пасьля амаль двух тыдняў масавых дэманстрацыяў прэм’ер-міністар Армэніі Сэрж Саргсьян сышоў у адстаўку.

Апазыцыя пратэставала супраць прызначэньня Саргсьяна, які на працягу 10 папярэдніх гадоў займаў пасаду прэзыдэнта. Гнеў апазыцыі выклікала тое, што Саргсьян, займаючы пасаду прэзыдэнта, у 2015 годзе правёў канстытуцыйную рэформу, якая зьмяніла форму кіраваньня з паўпрэзыдэнцкай рэспублікі на парлямэнцкую. Гэта азначае, што менавіта Саргсьян атрымаў бы ўсю паўнату ўлады, бо менавіта прэм’ер, а не прэзыдэнт цяпер лічыцца першай асобай Армэніі.

Тысячы людзей выходзілі на акцыі пратэсту ў Армэніі штодня. Акцыі пратэсту пачаліся з 13 красавіка. Пратэстоўцы блякавалі вуліцы і будынкі, паміж імі і паліцыяй адбываліся сутычкі, былі затрыманыя сотні чалавек. У нядзелю, 22 красавіка, на плошчу Рэспублікі ў Ерэване выйшлі, паводле розных ацэнак, ад 35 да 100 тысяч чалавек. Гэта стала найбуйнейшай акцыяй пратэсту ў найноўшай гісторыі Армэніі. 23 красавіка Сэрж Саргсьян заявіў, што сыходзіць у адстаўку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG