Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армянскі экспэрт: Калі прэм’ер-міністрам стане не Пашыньян, гэта будзе няправільна


Сьвяткаваньне перамогі дэмакратыі ў Ерэване

23 красавіка прэм’ер-міністар Сэрж Сарґсьян​ сышоў з пасады пасьля 10-дзённых шматтысячных акцый апазыцыі, якая абвінавачвала былога кіраўніка краіны ў спробе ўзурпацыі ўлады. Прэзыдэнт Армэніі Армэн Сарґсьян​ падпісаў указ, якім прыняў адстаўку ўраду.

Другі запар прэзыдэнцкі тэрмін Сэржа Сарґсьян​а скончыўся сёлета. У выніку канстытуцыйнай рэформы кіроўная партыя вылучыла яго на пасаду кіраўніка ўраду. Спроба вярнуцца да ўлады выклікала абурэньне ў грамадзтве.

Лідэр пратэставага руху, дэпутат Нацыянальнага сходу Армэніі Нікол Пашыньян адзначыў, што наступным крокам павінна стаць прызначэньне прэм’ер-міністрам не чарговага «нягодніка», а сапраўднага абраньніка народу. Мяркуючы па ўсім, гэта адбудзецца ўжо на наступным тыдні. Пакуль будзе працаваць часовы ўрад на чале зь першым віцэ-прэм’ерам Карэнам Карапэт’янам, затым адбудуцца пазачарговыя парлямэнцкія выбары.

Рэвалюцыя ня можа быць палавіністай

Як заявіў Нікол Пашыньян, «рэвалюцыя ня можа быць палавіністай». Ён папярэдзіў: калі Сэрж Сарґсьян і ягоныя паплечнікі спадзяюцца на сытуацыю, пры якой яны працягнуць ценявое кіраваньне, варта найхутчэй пра гэта забыцца. «Народ перамог, і гэтая перамога павінна быць прызнаная адназначна, без усялякіх умоваў», — сказаў палітык.

Дзяўчынка з армянскім сьцягам
Дзяўчынка з армянскім сьцягам

Які варыянт разьвіцьця падзеяў найбольш верагодны пры цяперашнім палітычным раскладзе? У камэнтары для Радыё Свабода на гэтую тэму паразважаў армянскі палітоляг Сьцяпан Грыгар’ян.

«Найперш вельмі добра, што Сэрж Сарґсьян сышоў мірна. Так можна казаць ужо таму, што ніхто не загінуў, — усьцешаны ён. — А цяпер пачынаюцца сур’ёзныя зьмены, бо відавочна, што Армэнія ня можа быць аўтарытарнай краінай. Цалкам выключана, каб армянскі народ пайшоў па шляху дыктатураў. Гэта быў пратэст ня толькі супраць Сарґсьяна, каб ён кіраваў краінай трэці раз. Гэта пратэст, каб нас зноў не ўцягнулі ў таталітарызм».

Сьцяпан Грыгар’ян лічыць, што пасьля датэрміновых выбараў улада ў Армэніі павінна перайсьці да лідэра пратэстаў, кіраўніка апазыцыйнай фракцыі «Елк» у армянскім парлямэнце Нікола Пашыньяна.

«Пашыньян павінен заняць пасаду выканаўцы абавязкаў прэм’ер-міністра, ён выразны палітычны лідэр, — перакананы палітоляг. — Зараз будзе сфармаваны часовы ўрад і распушчаны парлямэнт, які на 60% складаецца з дэпутатаў кіроўнай „Рэспубліканскай партыі“ — фактычна гэта былыя камуністы. Паводле Канстытуцыі працэдура выглядае так: пасьля расфармаваньня ўраду парлямэнт будзе распушчаны, прызначаць новыя выбары. І калі прэм’ер-міністрам стане хтосьці іншы, гэта будзе няправільна».

Улада пайшла на рэпрэсіі і атрымала па заслугах

Што стала паваротным момантам у «аксамітнай рэвалюцыі» па-армянску? 10 дзён улады не зьбіраліся ісьці на саступкі мітынгоўцам, і раптам Сэрж Сарґсьян​ заяўляе пра адстаўку.

«Найперш, гэта не была барацьба апазыцыі з уладай, гэта быў агульнанацыянальны супраціў, — кажа палітоляг. — Сарґсьян​ падмануў народ, сказаўшы, што ня будзе прэм’ерам. І калі ўлада дзейнічае так нахабна, людзі ўстаюць. Канчатковым пераломам стаў удзел у акцыях людзей у форме. Гэта ня проста вайскоўцы, гэта нашы міратворцы — тыя, хто быў у Аўганістане, Іраку, Косаве, прыкладна тысяча чалавек. Што да палітычнага пералому, то ён здарыўся яшчэ раней, калі цягам дня былі арыштаваныя 350 чалавек. Улада пайшла на рэпрэсіі — і адразу атрымала статысячны мітынг».

Жалобная цырымонія ў мэмарыяле Цыцэрнакабэрд
Жалобная цырымонія ў мэмарыяле Цыцэрнакабэрд

24 красавіка ў Армэніі згадваюць ахвяраў генацыду армянаў у Асманскай імпэрыі, ахвярамі якога на пачатку ХХ стагодзьдзя сталі больш за 1,5 мільёна чалавек. Жалобнае шэсьце ад Плошчы Рэспублікі, яшчэ ўчора ахопленай масавым пратэстам, да мэмарыялу Цыцэрнакабэрд узначаліў Нікол Пашыньян. У сваім звароце да суайчыньнікаў палітык сказаў, што сёньня актыўнасьць абмяжуецца толькі памятнымі імпрэзамі, калі ня здарыцца нечага экстраардынарнага.

А ўжо 25 красавіка заплянаваныя шматбаковыя перамовы адносна перадачы ўлады. Пра іх вынікі будзе паведамлена падчас вечаровага мітынгу на Плошчы Рэспублікі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG