Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапановы дэпутаткі Анісім аб беларусізацыі заканадаўства заблякавалі яе ж калегі


Алена Анісім
Алена Анісім

Гэта адбылося 18 красавіка на пленарным пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў. Апошнім пытаньнем парадку дня былі дапаўненьні і зьмяненьні ў рэглямэнт працы палаты.

Алена Анісім прапанавала зьмяніць артыкул № 119 рэглямэнту і запісаць, што законы Палата прадстаўнікоў прымае на беларускай і рускай мовах, а не на беларускай і (альбо) расейскай мовах, як гэта прапісана цяпер.

Старшыня камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраваньні і рэглямэнце Леанід Цупрык сказаў дэпутатам, што, на думку камісіі, ініцыятыва Алены Анісім супярэчыць адразу двум законам: «Аб Нацыянальным сходзе» і «Аб мовах». Бо ў абодвух гэтых нарматыўных актах прапісана аб прыняцьці законаў на беларускай і (альбо) расейскай мовах. Таму, сказаў Цупрык, камісія ня мае падставаў станоўча паставіцца да прапановы дэпутаткі.

Разам з тым, падкрэсьліў старшыня камісіі, Алена Анісім, як і кожны дэпутат Палаты прадстаўнікоў, мае права заканадаўчай ініцыятывы. А гэта азначае, што яна можа вынесьці на разгляд калегаў свае зьмены да двух згаданых раней законаў.

Анісім: «Я не спынюся»

Адразу пасьля паседжаньня спадарыня Анісім пракамэнтавала сытуацыю для Свабоды.

«Мяне гэтым не спыніць. Я хацела вырашыць задачу найпрасьцейшым спосабам. Нічога, буду рыхтаваць зьмены да двух законаў. Гэта, зразумела, зойме дадатковы час, але што зробіш. Ад сваёй мэты не адступлюся. І ня ўсё так страшна», — сказала яна.

Дэпутатка таксама сказала, што адначасова будзе прасоўваць прыняцьцё законаў на дзьвюх дзяржаўных мовах пры другім чытаньні. На круглым стале ў Палаце прадстаўнікоў, паводле яе, усе юрысты казалі, што юрыдычных перашкодаў для гэтага няма.

«У мяне складаецца ўражаньне, што прынцыповых праціўнікаў прыняцьця законаў на дзьвюх мовах няшмат. Галоўны іхны аргумэнт — неабходнасьць дадатковага фінансаваньня. І вось тут трэба добра падумаць, як мінімізаваць выдаткі», — сказала дэпутатка.

«Паколькі законаў на беларускай мове няма, пераклады іх ня маюць юрыдычнай сілы»

На думку Алены Анісім, адсутнасьць усіх законаў на беларускай мове — прамое парушэньне Канстытуцыі, якое не дае грамадзянам абараніць свае правы ў судовым парадку. Бо пакуль законаў на беларускай мове няма, пераклады іх ня маюць юрыдычнай сілы.

«Людзі зьвяртаюцца з тым, што іхнія правы парушаюцца, асабліва ў судах, і спасылаюцца на адсутнасьць заканадаўства на беларускай мове. А мы як заканадаўцы, атрымліваецца, самі перашкаджаем іх канстытуцыйнаму праву і абвешчанай роўнасьці моваў», — кажа Алена Анісім.

«Прыярытэт павінна мець беларуская мова». 5 найярчэйшых цытатаў з круглага стала па беларусізацыі заканадаўства

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG