Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Палаце прадстаўнікоў дыскутуюць, як пачаць пісаць законы па-беларуску: тры варыянты


Алена Анісім і Алег Трусаў падчас круглага сталу

Калі ёсьць патрэба і насьпеў час прымаць законы на беларускай мове, гэтаму няма ніякіх юрыдычных перашкод. Пра гэта на круглым стале ў Палаце прадстаўнікоў аб праблемах беларусізацыі заканадаўства заявіў 5 красавіка былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч.

«Калі ласка, рыхтуйце праекты на абедзьвюх мовах. І Канстытуцыя, і Закон аб мовах прадугледжваюць такі падыход. Тут справа ў мэнталітэце і затратах», — сказаў ён.

Рыгор Васілевіч
Рыгор Васілевіч

Васілевіч прапанаваў свой варыянт падыходу да вырашэньня праблемы: на першы час можна адну сэсію праводзіць на беларускай мове (усе законапраекты рыхтуюцца па-беларуску), другую — на расейскай.

«Перашкод няма. Дзяржаўныя службоўцы павінны выконваць тыя патрабаваньні, якія ёсьць у Законе аб мовах і ў Законе аб дзяржаўнай службе. Яны павінны ведаць дзьве дзяржаўныя мовы. І чыноўнікі парушаюць заканадаўства, калі адказваюць на беларускамоўныя звароты па-расейску», — сказаў Васілевіч.

Паводле яго, калі нехта паступае на дзяржаўную службу, мусіць здаваць экзамэн на веданьне абедзьвюх моваў. Калі атрымлівае грамадзянства, чалавек павінен ведаць беларускую мову на ўзроўні разуменьня.

Дэпутат Марзалюк: Беларуская і расейская мовы маюць аднолькавы статус

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк заявіў, што «мову вызначае суб’ект права, які распрацоўвае дакумэнты. Палата прадстаўнікоў разглядае закон на той мове, на якой ён пададзены ў парлямэнт.

Ігар Марзалюк
Ігар Марзалюк

«Палата не рэгулюе пытаньні падрыхтоўкі, гэта рэгулюецца Законам аб нарматыўна-прававых актах. Прыняцьце законаў на беларускай мове магчымае толькі пасьля зьменаў у заканадаўстве», — сказаў Марзалюк.

Варыянты пераводу заканадаўства на беларускую мову, паводле Марзалюка, наступныя: «Першы — унясеньне і прыняцьце законапраектаў адразу на дзьвюх дзяржаўных мовах.

Другі — закон прымаецца на адной мове, а потым ідзе афіцыйны пераклад».

Марзалюк удакладніў мэханізм другога варыянту: праект абмяркоўваецца на адной мове, а на этапе другога чытаньня дакумэнт перакладаецца на дзьве мовы. Прыцягнуўшы спэцыялістаў — перакладчыкаў, лінгвістаў, юрыстаў — перад апублікаваньнем закон перакладаецца на другую мову і выдаецца ўжо на абедзьвюх.

Лукашанец: устаўкі ў законах «ці» —​на беларускай ці рускай мовах у дужках —​ насьпеў час здымаць

Акадэмік Аляксандар Лукашанец нагадаў, што, згодна з Канстытуцыяй, у Беларусі дзьве мовы зьяўляюцца дзяржаўнымі. Гэта вынікае і з Закону аб мовах.

Аляксандар Лукашанец
Аляксандар Лукашанец

«Але ўстаўкі у законах „ці“ — на беларускай ці рускай мовах у дужках — насьпеў час здымаць, — сказаў ён. — Я лічу, што ўсе заканадаўчыя акты, якія маюць агульнадзяржаўнае значэньне, павінны публікавацца на дзьвюх мовах. Думаю, што часткова не дае карыстацца беларускай мовай некампэтэнтнасьць і невалоданьне мовай, у тым ліку і дзяржаўных службоўцаў».

На яго думку, найбольш аптымальны варыянт мог быць наступны: праекты падаюцца на любой мове, але прымацца і зацьвярджацца яны павінны сынхронна на абедзьвюх мовах і мець аднолькавую заканадаўчую сілу.

«Фінансавае пытаньне ня самае галоўнае, гэта адгаворка, — працягнуў спадар Лукашанец. — Тыя невялікія фінансавыя выдаткі зь ліхвой акупяцца, бо яны здымуць велізарную колькасьць праблем, якія ўзьнікаюць. Давайце рыхтаваць законы па-беларуску, а потым паглядзім, ці хопіць сродкаў на пераклад на расейскую мову».

Паводле акадэміка, у Беларусі дастаткова і лінгвістаў, і юрыстаў, каб падрыхтаваць аўтэнтычна граматны, дакладны дакумэнт на дзьвюх мовах. Законы павінны прымацца, публікавацца на дзьвюх дзяржаўных мовах, гэта адназначна, падсумаваў ён.

Намесьнік старшыні Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў адзначыў, што арганізацыя заўсёды займалася гэтым пытаньнем. Канстытуцыйны суд, удакладніў ён, тэарэтычна таксама падтрымліваў, што заканадаўства павінна быць на дзьвюх мовах. Але на справе было ўсё ня так.

Алег Трусаў і Алена Анісім
Алег Трусаў і Алена Анісім

«Часьцяком узьнікаюць праблемы ў судах, калі беларускамоўныя грамадзяне скардзяцца, — працягнуў ён. — У судах судзьдзі не валодаюць мовай, таму даводзіцца наймаць за дзяржаўныя грошы перакладчыкаў. Гэта ж абсурд — плаціць за пераклад з расейскай на беларускую ці наадварот. Таму я падтрымліваю любую вэрсію, галоўнае, каб законы прымаліся на дзьвюх мовах. Акадэмія навук з гэтым пасьпяхова справіцца».

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім заявіла, што адсутнасьць заканадаўства на беларускай мове прыводзіць да парушэньняў моўных правоў грамадзян.

«Праваўжывальная практыка паказвае, што права вядзеньня працэсу па-беларуску, якое часта патрабуе грамадзянін, ігнаруецца, — адзначыла яна. — І суды наймаюць перакладчыка. Адпаведна, статус беларускай мовы не запясьпечаны».

Удзельнікі круглага сталу
Удзельнікі круглага сталу

Ігар Марзалюк у якасьці рэплікі зрабіў заўвагу, што ўсе судзьдзі павінны валодаць беларускай мовай як дзяржаўныя службоўцы.

Далей спадарыня Анісім зазначыла, што нават падрыхтаваныя заканадаўчыя акты па-беларуску не прымаюцца праз адсутнасьць адпаведнага рэглямэнту. Гэта азначае, што неабходна ўнесьці зьмены ў закон аб нарматыўна-прававых актах.

«Трэба стварыць экспэртную раду для правядзеньня лінгвістычнай экспэртызы для ўжо падрыхтаваных законаў і для распрацоўкі новых, — перакананая дэпутатка. — Ужо склалася сур’ёзная грамадзянская ініцыятыва, якая здолела мабілізаваць блізу 100 чалавек. Яны працуюць, прапануюць, як мінімізаваць затраты на пераклад. Наша задача — зрабіць так, каб ужо падрыхтаваныя законы маглі прымацца ў Палаце прадстаўнікоў. Грамадзтва мае патрэбу ў мове, ёсьць рэсурсы — застаецца ўсё гэта мабілізаваць».

Яе калега па Палаце прадстаўнікоў Ігар Марзалюк заўважыў, што беларусы любяць «песьні жальбы», маюць пэўны комплекс непаўнавартасьці. Але ў сьвеце ёсьць і іншыя падобныя прыклады — Ірляндыя, Уэльс. Асабіста ён не староньнік радыкальных захадаў на моўнай глебе.

«1995 год — вынік непрадуманых кавалерысцкіх наскокаў, рэфэрэндум быў адказам на бальшавіцкія мэтады, — лічыць дэпутат. — Што да гэтага круглага стала, мы рашэньні прымаць ня можам, яны прымаюцца ў Авальнай залі. Уносьце прапановы. Калі мы заўтра за паўгода перакладзем усе законы, гэта не палепшыць моўнай практыкі на вуліцы. Але абсалютная большасьць беларусаў хоча жыць тут, успрымае беларускую культуру, мае беларускае сэрца».

Пасьля гэтага ён працытаваў паэта Алеся Разанава: «Кожны народ стварыў адзін геніяльны твор — мову». Беларуская мова была, ёсьць і будзе, выказаў упэўненасьць спадар Марзалюк.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG