Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марк Цукербэрг: Расея ўжыла новыя сродкі ўмяшаньня


Марк Цукербэрг дае паказаньні на слуханьнях у Сэнаце ЗША, 10 красавіка 2018 году

Заснавальнік і кіраўнік кампаніі Facebook Марк Цукербэрг заявіў, што настойліва супрацьдзейнічае групам, якія падтрымлівае Расея і якія імкнуцца выкарыстаць сацыяльную сетку для маніпуляваньня выбарамі і грамадзкай думкай. 33-гадовы інтэрнэт-магнат зрабіў гэтую заяву, даючы паказаньні на слуханьнях у Сэнаце ЗША 11 красавіка.

Цукербэргу задавалі пытаньні пра выкарыстаньне ягонай сацыяльнай сеткі для ўплыву звонку на прэзыдэнцкія выбары ў ЗША, пра парушэньне таямніцы асабістай перапіскі і таямніцы асабістых дадзеных карыстальнікаў, пра мову нянавісьці, якую выкарыстоўваюць некаторыя карыстальнікі.

Марк Цукербэрг узяў на сябе адказнасьць за няздольнасьць прадухіліць дзеяньні кампаніі Cambridge Analytica, якая сабрала асабістыя дадзеныя 87-мі мільёнаў карыстальнікаў у спробе паўплываць на зыход прэзыдэнцкай кампаніі 2016 году. Ён таксама прызнаў, што ня ўжыў дастатковых мераў для процідзеяньня фальшывым навінам, замежнаму ўмяшаньню і зьяўленьню ў сетцы «мовы нянавісьці».

У Расеі ёсьць людзі, чыя праца — спрабаваць выкарыстоўваць нашы сыстэмы і іншыя інтэрнэт-сыстэмы.

Выступаючы ўпершыню ў Кангрэсе ЗША, Цукербэрг заявіў, што «ў Расеі ёсьць людзі, чыя праца — спрабаваць выкарыстоўваць нашы сыстэмы і іншыя інтэрнэт-сыстэмы». Цукербэрг назваў тое, што адбываецца, «гонкай узбраеньняў», і падкрэсьліў важнасьць умацаваньня Facebook, каб процідзейнічаць вонкавым спробам уплываць на выбарчыя кампаніі.

Кіраўнік Facebook сказаў, што найбольш раскайваецца ў тым, што Facebook дзейнічаў павольна «ў вызначэньні расейскіх інфармацыйных апэрацыяў падчас амэрыканскай прэзыдэнцкай кампаніі 2016 году». «Мы былі гатовыя працаваць ва ўмовах традыцыйных кібэратак, якія мы раскрывалі з самага пачатку... але мы не змаглі хутка ідэнтыфікаваць новыя інфармацыйныя апэрацыі», — прызнаў Марк Цукербэрг.

Ён паведаміў, што плянуе да канца гэтага году павялічыць штат супрацоўнікаў інфармацыйнай бясьпекі і кантэнт-аналізу да 20 тысяч. Гэта дазволіць змагацца з пагрозамі, сказаў Цукербэрг, дадаўшы, што Facebook ужо пачаў эксплюатацыю новых сродкаў штучнага інтэлекту, якія распазнаюць фальшывыя акаўнты.

Facebook, як распавёў дырэктар сацыяльнай сеткі Марк Цукербэрг, супрацоўнічае з адмысловым пракурорам Робэртам Мюлерам, які расьсьледуе сувязі паміж Расеяй і ўдзельнікамі прэзыдэнцкай кампаніі Дональда Трампа.

***

У сярэдзіне сакавіка брытанскія і амэрыканскія журналісты апублікавалі расьсьледаваньне аб Cambridge Analytica. Брытанскую кампанію Cambridge Analytica, якая займаецца аналізам дадзеных, абвінавацілі ў тым, што яна выкарыстоўвала асабістыя дадзеныя карыстальнікаў Фэйсбуку ў ходзе перадвыбарнай кампаніі ў ЗША. У распараджэньні фірмы апынуліся дадзеныя 87 мільёнаў чалавек.

Скандал вакол «уцечкі дадзеных» Facebook. Што такое Cambridge Analytica і прычым тут Трамп з Расеяй

Facebook прызнала, што яшчэ ў 2015 годзе прасіла Cambridge Analytica выдаліць атрыманыя дадзеныя, але не пераканалася, што патрабаваньне было выканана.

Фэдэральная гандлёвая камісія ЗША пачала расьсьледаваньне ў дачыненьні да кампаніі Facebook.

Cambridge Analytica ў ЗША супрацоўнічала са штабамі кандыдатаў у прэзыдэнты ад рэспубліканцаў Тэда Круза і Дональда Трампа. Ці аказала рэкляма, пабудаваная на атрыманых дадзеных, уплыў на прэзыдэнцкую выбарчую кампанію, дакладна невядома.

3 красавіка Facebook таксама выдаліў больш за 270 акаўнтаў і старонак, створаных карыстальнікамі з Расеі, зьвязанымі з так званай «фабрыкай троляў» — Агенцтвам інтэрнэт-дасьледаваньняў. Большая частка выдаленых акаўнтаў і матэрыялаў — расейскамоўныя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG