Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цукербэрг: Facebook мусіў раней адрэагаваць на ўмяшаньне Расеі ў выбары ў ЗША


Марк Цукербэрг
Марк Цукербэрг

Заснавальнік сацыяльнай сеткі Facebook Марк Цукербэрг заявіў Кангрэсу на гэтым тыдні, што ягоная кампанія мела раней заўважыць расейскае ўмяшаньне ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША. Пра гэта гаворыцца ў стэнаграме ягоных паказаньняў, апублікаванай 9 красавіка.

«Мы былі занадта павольнымі ў выяўленьні і адказе на расейскае ўмяшаньне, і мы працуем над тым, каб палепшыцца», — скажа Марк Цукербэрг камітэту ў пытаньнях энэргетыкі і гандлю Палаты прадстаўнікоў у заплянаваным на 11 красавіка выступе.

33-гадовы Цукербэрг таксама павінен зьявіцца на сумесным пасяджэньні сэнацкіх камітэтаў 10 красавіка.

Як вынікае са стэнаграмы, сетка Facebook ведала пра традыцыйныя расейскія кібэрпагрозы, хакерство і шкоднае праграмнае забесьпячэньне задоўга да паведамленьня аб умяшаньні Расеі ў пэрыяд прэзыдэнцкіх выбараў 2016 году.

У стэнаграме сказана, што Facebook «выявіў і вырашыў» некалькі пагрозаў, уключаючы дзейнасьць групы, якая называецца APT28, зьвязанай, як сьцьвярджае ўрад ЗША, з расейскай вайсковай выведкай.

Чакаецца, што Цукербэрг таксама абвесьціць, што ягоная кампанія стварае незалежную камісію, якая будзе вывучаць уплыў сацыяльных мэдыя на выбары і дэмакратыю.

На мінулым тыдні Цукербэрг заявіў, што сетка Facebook уводзіць новыя інструмэнты для барацьбы з умяшаньнем у выбары ў сьвеце. Ён адзначыў, што пасьля выяўленьня умяшаньня Расеі ў выбары прэзыдэнта ЗША ў 2016 годзе Facebook увёў новыя інструмэнты абароны, якія дапамаглі выдаліць дзясяткі тысяч фэйкавых акаўнтаў. Цяпер кампанія мае намер зрабіць яшчэ два «вялікія крокі».

У студзені 2017-га выведныя службы ЗША выступілі з сумеснай заявай аб тым, што расейская ўлада праводзіла маштабную дзейнасьць, спрабуючы паўплываць на ход прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2016 году.

Пры гэтым расьсьледаваньне, куратарам якога зьяўляецца спэцпрокурор Робэрт Мюлер, магчымага ўмяшаньня Расеі ў прэзыдэнцкія выбары і тайнай змовы паміж кампаніяй Дональда Трампа і Масквой пакуль ня высьветліла, ці паўплывалі дзеяньні Масквы на вынік выбараў.

Прэзыдэнт Трамп пастаянна адмаўляе змову і называе расьсьледаваньне «паляваньнем на ведзьмаў». Расея таксама адмаўляе ўмяшаньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG