Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Facebook робіць два «вялікія крокі» для барацьбы з умяшальніцтвам у выбары


Заснавальнік Facebook Марк Цукербэрг
Заснавальнік Facebook Марк Цукербэрг

Сацыяльная сетка Facebook уводзіць новыя інструмэнты для барацьбы з умяшальніцтвам у выбары ў сьвеце, заявіў заснавальнік кампаніі Марк Цукербэрг.

Ён адзначыў, што пасьля выяўленьня ўмяшальніцтва Расеі ў выбары прэзыдэнта ЗША ў 2016 годзе Facebook увёў новыя інструмэнты абароны, якія дапамаглі выдаліць дзясяткі тысяч фэйкавых акаўнтаў. Цяпер кампанія мае намер зрабіць яшчэ два «вялікія крокі».

«З гэтага часу кожны рэклямадаўца, які хоча разьмяшчаць палітычныя аб’явы, павінен быць вэрыфікаваны. Для гэтага рэклямадаўцы павінны пацьвердзіць сваю асобу і месцазнаходжаньне. Любому рэклямадаўцу, які ня пройдзе вэрыфікацыю, забароняць разьмяшчаць палітычныя абʼявы. Мы таксама пазначым іх і рэклямадаўцы вымушаныя будуць паказаць, хто аплаціў абʼявы. Мы ўводзім гэта ў ЗША і распаўсюдзім на ўвесь сьвет у наступныя месяцы », — напісаў Цукербэрг.

Ён дадаў, што для «большай празрыстасьці палітычных абʼяваў» Facebook стварае інструмэнт, які дазваляе бачыць усю рэкляму, разьмешчаную на старонцы. Зараз сэрвіс тэстуецца ў Канадзе. Цукербэрг чакае, што глябальна яго пачнуць выкарыстоўваць летам. Заснавальнік сацыяльнай сеткі адзначыў, што таксама ствараецца архіў для пошуку старых палітычных абʼяваў.

Цукербэрг заявіў, што другое навіна — вэрыфікацыя мадэратараў вялікіх старонак.

«Гэта ўскладніць мадэрацыю старонак з дапамогай фэйкавых акаўнтаў або распаўсюджваньня такім чынам дэзінфармацыі або супярэчлівага кантэнту», — лічыць кіраўнік кампаніі.

Ён заявіў, што Facebook возьме на працу тысячы людзей для падтрымкі новаўвядзеньняў.

«Гэтыя крокі самі па сабе ня спыняць усіх людзей, якія спрабуюць гуляць з сыстэмай. Аднак ім будзе значна цяжэй зрабіць тое, што зрабілі расейцы падчас выбараў у 2016 годзе, і выкарыстоўваць фэйкавыя акаўнты і старонкі для распаўсюджваньня рэклямы », — адзначыў Цукербэрг.

У студзені 2017 выведслужбы ЗША выступілі з сумеснай заявай пра тое, што расейская ўлада праводзіла маштабную дзейнасьць, спрабуючы паўплываць на ход прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2016 году.

Пры гэтым расьсьледаваньне, куратарам якога зьяўляецца спэцпрокурор Робэрт Мюлер, адносна магчымага ўмяшальніцтва Расеі ў прэзыдэнцкія выбары і таемнай змовы паміж кампаніяй Дональда Трампа і Масквой пакуль не ўстанавіла, ці паўплывалі дзеяньні Масквы на вынік выбараў.

Прэзыдэнт Трамп адмаўляе змову і называе расьсьледаваньне «паляваньнем на ведзьмаў». Расея таксама адмаўляе ўмяшальніцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG