Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Facebook выдаліў сотні акаўнтаў, зьвязаных з расейскай «фабрыкай троляў»


Ілюстрацыйная карыкатура
Ілюстрацыйная карыкатура

Кіраўнік Facebook Марк Цукерберг заявіў, што кампанія выдаліла звыш 270 акаўнтаў, якія кантралююцца «Агенцтвам інтэрнэт-дасьледаваньняў», якое зьвязваюць зь блізкім да Крамля расейскім бізнэсоўцам Яўгенам Прыгожыным і называюць «фабрыкай троляў». Пра гэтае рашэньне Цукерберг напісаў у сябе на старонцы.

«Гэта расейскае Агенцтва неаднаразова падманвала і маніпулявала жыхарамі ЗША, Эўропы і Расеі. Мы не жадаем іх бачыць на Фэйсбуку нідзе ў свеце», — напісаў Цукерберг.

Як заявіў заснавальнік кампаніі, Facebook раней спрабаваў прадухіліць умяшаньне «АІД» у палітыку замежных дзяржаў, але гэтым разам выдаленьне акаўнтаў зьвязана з акцыямі ўнутры Расеі. Па дадзеных Цукерберга, супрацоўнікі тэхнічнай бясьпекі выявілі «вялікую сетку» акаўнтаў «АІД», якія спрабуюць «маніпуляваць людзьмі ўнутры самой Расеі». Апроч іншага іх актыўнасьць была нацэлена на Ўзбэкістан, Азэрбайджан і Ўкраіну.

Сацсетка выдаліла акаўнты, грунтуючыся на іх прыналежнасьці да «АІД», нават калі яны былі не падстаўнымі, а таксама некалькі груп з больш чым паўмільёна падпісчыкаў.

Цукерберг таксама анансаваў выпуск адмысловага інструмэнту, які дапаможа вызначыць, ці падпісаны карыстальнік на адзін са зьвязаных з «АІД» акаўнтаў.

У канцы сакавіка заснавальнік Facebook прызнаў віну кампаніі ва ўцечцы дадзеных карыстальнікаў.

На дадзены момант юрыдычнай асобы «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў» ужо не існуе, яно перарэгістравалася пад назвай «Фэдэральнае агенцтва навінаў».

Яго кіраўнік Яўген Зубараў распавёў, што сацсетка «без усялякіх тлумачэньняў» заблякавала іх групу. Таксама былі заблякаваныя групы выданьняў «Журналистская правда», «Невские новости» и «Экономика сегодня».

«Гэта акт палітычнай цэнзуры, мы не публікавалі ніякага забароненага кантэнту», — пракамэнтаваў сытуацыю РБК Зубараў.

Восеньню 2017 Facebook распавёў, што зьвязаныя з Расеяй акаўнты, у прыватнасьці з «АІД», пачынаючы з пэрыяду выбараў прэзыдэнта ЗША куплялі ў сацсетцы рэкляму, якая насіла палітычны характар. На думку некаторых экспэртаў, гэта дапамагло перамагчы Дональду Трампу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG