Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МакМастэр: абвінавачаньні ва ўмяшаньні Расеі ў выбары «неабвержныя»


Гербэрт МакМастэр

Дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Гербэрт МакМастэр лічыць «неабвержнымі» выстаўленыя напярэдадні ў Злучаных Штатах абвінавачаньні на адрас расейскіх грамадзянаў ва ўмяшаньні ў выбары прэзыдэнта ЗША 2016 году. Пра гэта ён заявіў у суботу ў Мюнхене на міжнароднай канфэрэнцыі па бясьпецы.

Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў, які выступіў у Мюнхене перад МакМастэрам, заявіў пра абвінавачаньні: «Пакуль мы ня ўбачым фактаў, усё астатняе будзе плявузганьнем». Прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава раней выказала зьдзіўленьне абвінавачаньнем, напісаўшы, што 13 расійскіх грамадзянаў, якіх ФБР падазрае ва ўмяшаньні ў прэзыдэнцкую кампанію, наўрад ці маглі зрабіць на яе хоць нейкі ўплыў. Выступаючы ў Мюнхене, Лаўроў таксама назваў «мітам» заявы аб «глябальнай расейскай пагрозе», зь якімі напярэдадні тамсама выступіў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.

У абвінаваўчым заключэньні, падпісаным адмысловым пракурорам Робэртам Мюлерам, гаворыцца, што супрацоўнікі так званага «Агенцтва інтэрнэт-расьсьледаваньняў», выдаючы сябе за амэрыканцаў, праз сацсеткі агітавалі грамадзянаў ЗША, у тым ліку ў падтрымку кандыдатуры Дональда Трампа. Пра якую-небудзь каардынацыю іх дзеяньняў са штабам Трампа ў абвінавачаньні не гаворыцца. Адзін з абвінавачаных — Яўген Прыгожын, які, як сьцьвярджаецца, фінансуе пецярбурскае «Агенцтва інтэрнэт-расьсьледаваньняў», вядомае таксама як «фабрыка троляў».

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, які раней публічна выказваў сумненьні ў расейскім ўмяшаньні ў выбары, падкрэсьліў, што расейскае ўмяшаньне пачалося яшчэ ў 2014 годзе — задоўга да таго, як ён абвясьціў пра свой намер балятавацца ў прэзыдэнты. Ён зноў заявіў пра адсутнасьць якіх-небудзь доказаў «змовы» яго атачэньня з расейскім бокам.

XS
SM
MD
LG