Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Facebook выдаліў большасьць групаў, зьвязаных з пракрамлёўскай «Фабрыкай троляў»


Пра гэта выданьню The Bell паведаміла крыніца, блізкая да кіраўніцтва пецярбургскага «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў» прадпрымальніка Яўгена Прыгожына, больш вядомага як «Фабрыка троляў».

Паводле крыніцы, у Facebook было закрыта 25 суполак, якія мелі агулам тры мільёны падпісантаў, у Instagram — 32 групы з двума мільёнамі падпісантаў. У Twitter заблякавалі 50 акаўнтаў, на якія былі падпісаныя 600 тысяч чалавек.

Групы, як піша The Bell, ствараліся «пад перадвыбарчую кампанію» ў ЗША.

Крыніца выданьня сказала, што цяпер «Фабрыка троляў» працягвае «падтрымліваць аўдыторыю» ў незаблякаваных групах на выпадак, калі яны спатрэбяцца зноў. Верагоднасьць таго, што і іх заблякуюць, невялікая: большая частка карыстальнікаў групаў ня боты, а рэальныя людзі, а іх прыналежнасьць да «Фабрыкі троляў» Facebook можа вылічыць толькі па рэклямных кампаніях.

Крэмль масава купляе палітычную рэкляму ў Facebook?

Напярэдадні адміністрацыя Facebook заявіла, што яе ўнутранае расьсьледаваньне выявіла ў сацсетцы тысячы пастоў з палітычнай рэклямай, апублікаваных з фальшывых акаўнтаў, як мяркуецца, зьвязаных з Расеяй.

Гэта падмацавала падазрэньні наконт расейскага ўмяшаньня ў леташнія выбары ў ЗША. Як паведаміла ў сераду кіраўніцтва Facebook, хоць у рэклямных публікацыях наўпрост ня згадваліся канкрэтныя кандыдаты, пасты былі прысьвечаныя праблемным сацыяльным пытаньням: іміграцыі, міжрасавым дачыненьням і кантролю над абарачэньнем зброі.

Удалося прасачыць, што фальшывыя акаўнты зьвязаныя зь пецярбурскай арганізацыяй, вядомай тым, што займаецца прасоўваньнем пазыцыяў расейскіх уладаў з фальшывых акаўнтаў у сацсетках. У пэрыяд з чэрвеня 2015 году па травень 2017-га з 470 акаўнтаў было апублікавана каля 3000 рэклямных пастоў на агульную суму 100 тысяч даляраў.

Усе акаўнты, пра якія ідзе гаворка, былі заблякаваныя.

Пасьля выбараў у ЗША ад Facebook настойліва патрабуюць абмежаваць плыні лжывай інфармацыі. Кампанія прызналася, што ўрады ды іншыя інтарэсы выкарыстоўваюць мэханізмы сацсетак для маніпуляваньня грамадзкай думкай, у тым ліку падчас прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША і Францыі.

XS
SM
MD
LG