Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цукербэргу ў Кангрэсе ЗША сёньня будзе горача


Марк Цукербэрг

Заснавальнік і генэральны дырэктар карпарацыі Facebook Марк Цукербэрг у аўторак і сераду будзе даваць паказаньні ў Сэнаце і Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ў справе аб працёку дадзеных мільёнаў карыстальнікаў сацыяльнай сеткі.

Слуханьні 10 красавіка пачнуцца а 21.15 паводле менскага часу.

Жывая трансьляцыя з Кангрэсу на нашым сайце.

​У заходніх мэдыях абмяркоўваюцца тэмы, якія могуць быць непрыемныя для Цукербэрга падчас дачы паказаньняў, і прапануюцца пытаньні, на якія яму будзе нялёгка адказаць.

Пра што трэба спытацца ў Цукербэрга?

Брытанская Financial Times вызначае некалькі такіх пытаньняў, якія лічыць ключавымі ў згаданай справе.

* Ці можа Кангрэс зазірнуць усярэдзіну рэклямнай сыстэмы Facebook?

Што калі злоўжывальнікаў сыстэмай было больш, чым на сёньня выяўлена? Якою была мэтавая аўдыторыі рэклямных кампаніяў расейскай «фабрыкі троляў»? Які быў зьмест рэклямы кампаніі Cambridge Analytica і колькі грошай на яе было патрачана?

* Чаму пра працёк дадзеных не паведамілі раней?

Замест таго, каб паведаміць пра выяўлены працёк належным інстанцыям, Facebook зьвярнуўся да Cambridge Analytica з патрабаваньнем, каб тыя зьнішчылі атрыманыя дадзеныя, і нават не праверыў, ці гэта было зроблена.

* Ці ня крыецца праблема ў самой асобе кіраўніка Facebook?

Аўтары Financial Times не выключаюць, што амэрыканскія заканадаўцы могуць запатрабаваць ад Цукербэрга пакінуць сваю пасаду (як гэта зрабіў сёлета кіраўнік Трэвіс Каланік).

Лічбавае дасье: што ведаюць пра вас Google і Facebook

Нічога ня трэба пытацца. Трэба рабіць

Найбольш ляканічны адказ на пытаньне, пра што варта спытацца ў Марка Цукербэрга падчас дачы паказаньняў, дае камэнтатарка New York Times Зэйнэп Туфэкджы: «Ні пра што». Заканадаўцам, паводле яе, і так ужо вядома дастаткова для таго, каб прыняць закон, які б абараніў карыстальнікаў сацсеткі ад спароджаных ёй праблемаў.

Што, паводле аўтаркі камэнтару, сапраўды варта было б зрабіць?

  • Па-першае, збор асабістых дадзеных мусіць дазваляцца толькі на падставе ясных, дакладных і празрыстых мэханізмаў добраахвотнай згоды карыстальнікаў. Тое самае мусіць датычыць і мэтавай рэклямы ў сетцы.
  • Па-другое, карыстальнікі мусяць мець доступ да ўсіх дадзеных, якія зьбірае пра іх сетка.
  • Па-трэцяе, выкарыстаньне любых сабраных дадзеных мусіць быць абмежавана канкрэтна вызначанымі мэтамі і быць дазволена толькі на пэўна вызначаны пэрыяд часу.

Кіраўнік Facebook выбачаецца

Напярэдадні былі апублікаваныя пісьмовыя сьведчаньні Марка Цукербэрга накіраваныя камітэту Палаты прадстаўнікоў па энэргетыцы і гандлі.

Брытанская кампанія Cambridge Analytica зьбірала дадзеныя карыстальнікаў Facebook, каб выкарыстоўваць іх у палітычнай рэкляме ў розных краінах. Паводле апошніх дадзеных, кампанія магла атрымаць доступ да інфармацыі 87 мільёнаў карыстальнікаў сацсеткі. Раней Цукербэрг прызнаў віну сацсеткі ў працёку; ён выкупіў рэкляму ў брытанскіх газэтах, каб папрасіць прабачэньня перад карыстальнікамі.

Цукербэрг ўзяў на сябе адказнасьць за працёк дадзеных і за тое, што сацсетка магла выкарыстоўвацца для распаўсюду «фальшывых навінаў» і распальваньня нянавісьці, у тым ліку падчас палітычных кампаній. Паводле дадзеных расьсьледаваньня, якое праводзіцца ў ЗША, менавіта гэтую сацыяльную сетку, у прыватнасьці, выкарыстоўвалі расейскія «інтэрнэт-тролі» перад выбарамі прэзыдэнта ЗША, каб умяшацца ў хаду кампаніі. Цукербэрг выбачыўся ў сувязі з тым, што Facebook зрабіўся інструмэнтам для гэтага.

Заснавальнік Facebook таксама апісаў захады, якія ўжыла сацсетка для таго, каб падобныя выпадкі не паўтараліся, у тым ліку выдаленьне мноства акаўнтаў арганізацый і асоб, якія маюць дачыненьне да ўмяшаньня ў выбары.

* * *

У студзені 2017-га выведныя службы ЗША выступілі з супольнай заявай аб тым, што расейская ўлада праводзіла маштабную дзейнасьць, спрабуючы паўплываць на хаду прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2016 году.

Пры гэтым расьсьледаваньне магчымага ўмяшаньня Расеі ў прэзыдэнцкія выбары і тайнай змовы паміж кампаніяй Дональда Трампа і Масквой пакуль ня высьветліла, ці паўплывалі дзеяньні Масквы на вынік выбараў.

Прэзыдэнт Трамп пастаянна адмаўляе змову і называе расьсьледаваньне «паляваньнем на ведзьмаў». Расея таксама адмаўляе ўмяшаньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG