Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Facebook дазволіць карыстальнікам выдаляць сабраную пра іх інфармацыю


Ілюстрацыйнае фота.

Сацыяльная сетка Facebook апублікавала інфармацыю пра новыя функцыі, з дапамогай якіх можна будзе зрабіць свой акаўнт больш бясьпечным. Абнаўленьні зьявіліся пасьля таго, як сацсетку абвінавацілі ў незаконнай перадачы пэрсанальных зьвестак Cambridge Analytica. Запіс апублікаваны ў блогу кампаніі.

Цяпер карыстальнікі змогуць выдаліць інфармацыю пра сяброў, гісторыі пошуку, лайкаў і камэнтарах. Зьмены закранулі мэню наладаў прыватнасьці, якое стала больш даступным і зразумелым. Таксама карыстальнікам будзе дадзена больш магчымасьцяў для абароны свайго акаўнту ад узлому і крадзяжу, напрыклад двухфакторная аўтэнтыфікацыя.

У пачатку сакавіка журналісты абвінавацілі брытанскую аналітычную кампанію Cambridge Analytica ў незаконным выкарыстаньні дадзеных карыстальнікаў Facebook падчас выбарчай кампаніі Дональда Трампа. Паводле расьсьледаваньня тэлеканалу Channel 1, кампанія ўдзельнічала ў больш як 200 перадвыбарных кампаніях па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Нігерыі, Кеніі, Чэхіі, Індыі і Аргентыне. У расьсьледаваньні адзначаецца, што кампанія выкарыстоўвала хабары і распаўсюд ілжывай інфармацыі і кампрамат пра кандыдатаў.

Заснавальнік і кіраўнік Facebook Марк Цукербэрг апублікаваў заяву з нагоды незаконнага збору асабістай інфармацыі кампаніяй Cambridge Analytica. Ён прызнаў, што ягоная кампанія нясе адказнасьць за зьвесткі сваіх карыстальнікаў.

Фэдэральная гандлёвая камісія ЗША пачала расьсьледаваньне ў дачыненьні Facebook пасьля таго, як зьявілася інфармацыя пра ўцечку асабістых дадзеных карыстальнікаў сацыяльнай сеткі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG