Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заснавальніка WikiLeaks адключылі ад інтэрнэту пасьля камэнтароў у сацсетках


Джуліян Асанж
Джуліян Асанж

Улады Эквадору прыпынілі «сыстэму камунікацыі» заснавальніка WikiLeaks Джуліяна Асанжа са зьнешнім сьветам у сувязі зь ягонымі допісамі ў сацыяльных сетках, якія могуць нашкодзіць дыпляматычным адносінам краіны, заявіў урад Эквадору ў сераду.

«Гэты захад быў прыняты ва ўмовах адмовы Асанжа выконваць пісьмовае абавязацельства, якое ён узяў на сябе ў канцы 2017 году, у адпаведнасьці зь якім ён быў абавязаны не публікаваць допісы, якія могуць нашкодзіць адносінам (Эквадору — РС) зь іншымі дзяржавамі», — сказана ў заяве ўраду Эквадору, паведамляе Reuters.

Нядаўна Джуліян Асанж выказваўся праз сацыяльныя сеткі пра дыпляматычны крызіс паміж Лёнданам і Масквой, а таксама пра каталёнскі сэпаратызм, нягледзячы на папярэджаньні з боку Эквадору пазьбягаць спрэчных палітычных пытаньняў.

У заяве не сказана, якая менавіта «сыстэма камунікацыі» прыпыненая. Але крыніца, блізкая да WikiLeaks паведаміла, што ўрад Эквадору «паставіў электронныя глушылкі ўнутры амбасады ў аўторак увечары, каб перашкодзіць Асанжу разьмяшчаць паведамленьні ў Twitter, а таксама спыніць сувязь па тэлефоне і інтэрнэт цалкам». Паводле крыніцы, урад Эквадору таксама даручыў чыноўнікам у амбасадзе не пускаць у амбасаду наведнікаў, якія прыходзяць да Асанжа.

Урад Эквадору паведаміў адвакату Асанжа, што заснавальнік WikiLeaks павінен спыніць публікаваць твіты аб Каталёніі і павінен сьцерці пэўны твіт на гэтую тэму. Але Асанж адмовіўся выдаліць твіт, дадала крыніца.

Джуліян Асанж жыве ў амбасадзе Эквадору ў Лёндане з чэрвеня 2012 году, калі ён увайшоў у будынак, каб пазьбегнуць экстрадыцыі ў Швэцыю з нагоды абвінавачваньняў у сэксуальных злачынствах, якія ён заўсёды адмаўляў.

У 2017 годзе Асанж атрымаў грамадзянства Эквадору, але ўлады Вялікабрытаніі адмовіліся даць яму дыпляматычны статус, каб пакінуць краіну. У леташнім траўні справа Асанжа ў Швэцыі была закрытая. Тым ня менш брытанская паліцыя абяцала затрымаць яго за парушэньне мясцовых законаў, калі ён пакіне тэрыторыю амбасады. Заснавальнік WikiLeaks асьцерагаецца, што яго могуць выдаць у ЗША, дзе яго вінавацяць у разгалошваньні сакрэтнай інфармацыі.

Прэзыдэнт Эквадору Ленін Марэна назваў Асанжа «камнем у нашым абутку», атрыманым у спадчыну ад свайго папярэдніка, а ўрад заявіў, што сытуацыя зьяўляецца «непрымальнай». У 2016 годзе Эквадор ужо абмяжоўваў Асанжу доступ у інтэрнэт за камэнтары адносна ўнутрыдзяржаўных спраў ЗША.

Гілары Клінтан: WikiLeaks — памагаты расейскай выведкі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG