Гэтак мяркуюць у Сусьветнай арганізацыі супраць катаваньняў (World Organisation Against Torture), якая апублікавала матэрыялы пра тое, як беларускі рэжым ператварыў публічную дэманстрацыю прымусовых прызнаньняў у жорсткі інструмэнт псыхалягічных катаваньняў і палітычных рэпрэсій.
Паводле дадзеных, сабраных Сусьветнай арганізацыяй супраць катаваньняў, праўладныя СМІ Беларусі трансьлююць вымушаныя прызнаньні па дзяржаўным тэлебачаньні, праз YouTube і Telegram-каналы, часта з выкарыстаньнем праўладных вобразаў і сэнсацыйных сюжэтаў.
У выніку ахвярамі ціску становяцца актывісты, журналісты, студэнты і звычайныя грамадзяне, якіх здымаюць на відэа пасьля затрыманьня, яны зазнаюць пагрозы, фізычны гвалт і прыніжэньні. Эмацыйная траўма, сорам і сацыяльная ізаляцыя могуць захоўвацца яшчэ доўга пасьля таго, як відэа апублікавана ў інтэрнэце.
Праз пяць гадоў пасьля рэпрэсій 2020 года сытуацыя ў Беларусі застаецца адным з самых сур’ёзных крызісаў у галіне правоў чалавека ў Эўропе. Вытворчасьць і распаўсюджваньне відэазапісаў прымусовых прызнаньняў у прамысловых маштабах стала адным з самых яркіх сымбаляў гэтага крызісу.
Чаго ўлады дамагаюцца ад удзельнікаў пратэстаў
Паводле сьведчаньняў людзей, якіх прымусілі здымацца на відэа, ад іх найперш патрабавалі прызнацца ва ўдзеле ў пратэстах, прычым у форме тэрарыстычнай альбо экстрэмісцкай дзейнасьці. Часта — ад імя замежных дзяржаў з атрыманьнем фінансаваньня ад замежных донараў.
Таксама часта такая дзейнасьць нібыта суправаджалася ўжываньнем наркотыкаў або зьдзяйсьненьнем іншых крымінальных злачынстваў. Пры гэтым даводзілася раскрываць рэальную або сфабрыкаваную асабістую інфармацыю, у тым ліку пра сэксуальную арыентацыю.
Паводле былых палітвязьняў, пасьля прызнаньні віны звычайна мусілі прагучаць выказваньні ў падтрымку дзеючай улады, раскаяньне ў мінулай пратэстнай дзейнасьці і асуджэньне палітычнай апазыцыі ды прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці,
Праваабаронцы прадставілі сьведчаньні людзей, якія прайшлі праз прымусовыя відэапрызнаньні (імёны сьведак не названыя ў мэтах бясьпекі):
Відэа запісвалі з чырвона-зялёным шалікам на шыі
«Падчас відэазапісу мяне прымусілі павязаць на шыю чырвона-зялёны шалік, а да галавы прыляпілі паштоўку з дзяржаўнай сымболікай. У нейкі момант супрацоўнікі ГУБАЗІКа (Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС — Р.С.) прымусілі мяне надзець ніжнюю бялізну паверх штаноў і зрабілі зьневажальныя заўвагі, сьцьвярджаючы, што я гомасэксуаліст"— распавёў былы палітвязень.
Палохалі электрашокерам
«Хтосьці побач сказаў: «Яе трэба ўдарыць электрашокерам, гэтую сучку», а потым пачуўся гук электрашокера. Мяне правялі назад па калідорах — у пакой з літарай Z на дошцы і зялёным фонам для відэазапісу. Мяне пасадзілі каля дзьвярэй і вызвалілі адну руку з кайданкоў, каб я магла «паправіць прычоску». Я была ў вельмі дрэнным стане. Хтосьці прынёс у пакой кепку з сымболікай Лукашэнкі, але вырашылі яе не апранаць. На мяне былі накіраваны відэакамэры.
Супрацоўнік службы бясьпекі спытаў, ці давала я інтэрвію «экстрэмісцкім фарміраваньням. Я сказала, што не. Потым яны спыталі пра ўдзел у пратэстах, праваабарончую дзейнасьць і некаторыя іншыя рэчы. У рэшце яны выкарысталі толькі адзін фрагмэнт запісу для канала Telegram, і для гэтай часткі яны загадзя сказалі мне, што менавіта трэба сказаць», — распавяла іншая былая палітзьняволеная.
«Гэта было садызмам»
«Я лічу, што яны зьнялі гэта відэа са мной дзеля ўласнай забавы, каб паказаць мяне жаласным, нікчэмным і запалоханым. Яны сьмяяліся, здымаючы мяне — гэта было для іх забаўкай. З майго пункту гледжаньня, гэта было падобна на садызм. Было надзвычай балюча, калі мяне здымалі без маёй згоды, у стане моцнага стрэсу, і ў той жа час мяне білі і прыніжалі. Я разглядаю гэтыя відэа як спробы дыскрэдытаваць людзей і прынізіць чалавечую годнасьць», — мяркуе былы асуджаны за пратэсты супраць агрэсіі Расеі супраць Украіны.
Зьбівалі за тое, што не паўтарыў частку сцэнару
«У Галоўным упраўленьні па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю мяне прывялі ў пакой, дзе было шмат людзей. Супрацоўнікі прачыталі мне сцэнар і сказалі, што я павінен паўтарыць яго, пакуль яны запісваюць відэа. Гэта была поўная лухта — нешта, што ня мела да мяне ніякага дачыненьня. Я не паўтарыў частку сцэнарыя. Мяне вывелі ў калідор, пачалі зьбіваць і растлумачылі, што я ўсё роўна павінен сказаць тэкст. Потым мяне зноў прывялі ўнутр. Апэратар сказаў: „Як мы можам здымаць відэа ў такім выглядзе?“ — маючы на ўвазе мае бачныя траўмы. Супрацоўнікі, якія мяне зьбівалі, адказалі: „Калі трэба, мы яго размыем, выражам або адфаташопім“. Усё запісвалася на мабільны тэлефон. Падчас запісу вакол стаяла шмат супрацоўнікаў, якія пастаянна рабілі камэнтары», — з успамінаў іншага ўдзельніка мірных пратэстаў.
Самаагавор пад пагрозай
«Пакуль я ляжаў тварам уніз на падлозе, супрацоўнікі міліцыі раздрукавалі тэкст, які я павінен быў прачытаць на камэру. Я адмовіўся. Адзін з супрацоўнікаў міліцыі сказаў, што ім выдаюць прэзэрватывы оптам, і праз паўхвіліны хтосьці паднёс да майго твару дубінку з прэзэрватывам, нацягнутым на яе, і спытаў: „Ці будзеце вы зараз запісваць?“ Я адказаў: „Вядома, зараз буду“. Адзін супрацоўнік міліцыі сядзеў за сталом і трымаў у руках аркуш з буйным шрыфтам, на якім было напісана: „Я, [імя], удзельнічаў у пратэстах і доўгі час зьяўляюся пастаянным спажыўцом наркотыкаў“. Яны ўключылі камэру, і я прачытаў тэкст уголас. Мне было вельмі балюча з-за пералому рэбраў, і я быў вельмі напалоханы. Яны запісалі некалькі дубляў», — прызнаў былы зьняволены.
Выставілі «польскім агентам»
«Відэазапіс з вымушанымі прызнаньнямі, запісаны са мной, быў апублікаваны ў Telegram-канале „Жоўтыя зьлівы“ разам з фотаздымкамі, зробленымі падчас ператрусу ў маім доме. Сярод здымкаў былі грошы, атрыманыя ад продажу аўтамабіля, а таксама 100–200 польскіх злотых (каля 23–46 эўра). Публікацыя была з подпісам: „Польскі агент атрымлівае злотыя“. Яна таксама суправаджалася іншымі зьневажальнымі камэнтарамі», — з расповеду былога палітвязьня.
Прымусовыя прызнаньні як інструмэнт псыхалягічнай вайны
Доказы, сабраныя Сусьветнай арганізацыі супраць катаваньняў пацьвярджаюць вынікі расьсьледаваньня, праведзенага Камітэтам ААН супраць катаваньняў, згодна з якімі катаваньні ў Беларусі носяць сыстэматычны характар і выклікаюць сурʼёзную занепакоенасьць.
«Беларусь ператварыла прымусовыя прызнаньні ў інструмэнт псыхалягічнай вайны, — заявіла Эвіндар Башбага, супрацоўніца па правах чалавека Сусьветнай арганізацыі супраць катаваньняў. — Гэта не спантанныя запісы. Дзяржава вырабляе, рэжысіруе і распаўсюджвае іх, каб прычыніць максымальную шкоду. Гэтыя здымкі адпавядаюць крытэрам жорсткага абыходжаньня ў адпаведнасьці з міжнародным правам і ў некаторых выпадках могуць даходзіць да ўзроўню катаваньняў».
Шарэнда-Панасюк: «Так рабіў Сталін»
З гэтымі высновамі згодная былая палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, якая больш за 4 гады адбыла ў беларускіх вязьніцах паводле надуманых абвінавачаньняў. Жанчыне таксама давялося рабіць прызнаньні ў сваёй нібыта віне на відэа, пра што яна дагэтуль згадвае з вялікімі пакутамі. Паліна заявіла ў інтэрвію Свабодзе:
«Так, гэта інструмэнт фізычных і псыхалягічных катаваньняў, я згодная з такім вызначэньнем. Фізычных, бо людзі даюць такія прызнаньні на відэа пасьля зьбіцьця альбо пасьля ў выніку знаходжаньня ў бесчалавечнымі ўмовамі ў вязьніцах, як было са мной. Згодная і з вызначэньнем, што гэта моцны псыхалягічны ціск, бо людзей прымушаюць агучваць ілжывую карціну сьвету: што нібыта Лукашэнка перамог на выбарах, што пратэсты былі нібыта справакаваныя і фінансаваліся звонку.
Паводле мэты — гэта ў псыхалягічным пляне прыкладна тое, што любіў рабіць з апанэнтамі свайго рэжыму альбо проста з арыштаванымі Сталін, калі на публічных працэсах людзей прымушалі прызнавацца, што яны „ворагі народу“ ды пры гэтым ухваляць савецкую ўладу і асабіста правадыра. Але я б дадала і трэці чыньнік: такую форму ціску ў нас ужываюць і дзеля таго, каб на будучыню абнуліць палітычны лёс чалавека, каб яму больш не давяралі паплечнікі і нават сваякі. Гэтая шматгранная акцыя ціску і помсты, вось што такое відэапрызнаньні», — мяркуе былая палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк.
У Сусьветнай арганізацыі супраць катаваньняў падкрэсьліваюць, што публічнае распаўсюджваньне прызнаньняў, атрыманых пад прымусам, павінна быць прызнана відавочным парушэньнем артыкулаў 2, 15 і 16 Канвэнцыі ААН супраць катаваньняў.
Форум