Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні ў арганізатараў сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР праблемы з электрычнасьцю


Ілюстрацыйнае фота. Дзень Волі ў Менску, 2015 год

Пляцоўка ў Калоскім парку Горадні, адведзеная ўладамі для правядзеньня мітынгу-канцэрту 25 сакавіка, ня мае падводу электрычнага кабелю. Гэта ўскладніць правядзеньне канцэрту, кажуць арганізатары.

Адзін з заяўнікаў імпрэзы да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР, кіраўнік горадзенскай арганізацыі «Гавары праўду» Зьміцер Бандарчук зьвяртаўся ў гарвыканкам, каб улады дапамаглі выправіць становішча, але там адказалі, што за такі кароткі тэрмін падвесьці электрычнасьць не атрымаецца.

Паводле Бандарчука, адзіны шанец уратаваць становішча — падключыцца да аўтаномных генэратараў, і гэтая праблема ўжо вырашаецца.

«Хацелася б, каб больш хутка зьбіраліся грошы, бо ў нас справы ідуць не такімі тэмпамі, як Менску. Калі будуць грошы, то ніякіх праблемаў ні з чым ня будзе», — кажа Бандарчук.

На сайце Talaka.by арганізатары канцэрту ў Горадні зьбіраюць грошы на аплату арэнды апаратуры і сцэны, кампэнсацыі выканаўцам, аздабленьне пляцоўкі і аплату камунальных паслуг, сымболіку і прома-прадукцыю. Усяго спадзяюцца сабраць 8720 рублёў. Уваход на канцэрт-мітынг будзе бясплатным, таму «купіць» можна «велізарную ўдзячнасьць», сувэніры кшталту значкоў і паштовак, а таксама статус спонсара.

«Мы выкарыстоўваем усе шляхі для збору сродкаў, камусьці зручна зрабіць ахвяраваньні прыватна — калі ласка, хтосьці можа дапамагчы тэхнічна, паўдзельнічаць у камандзе валянтэраў — запрашаем!» — пішуць на старонцы збору сродкаў.

***

Мітынг-канцэрт 25 сакавіка ў Горадні дазволены (туды запрасілі N.R.M., на канцэрт пакуль сабрана толькі 11% патрэбных сродкаў). Таксама канцэрты дазволеныя ў Менску (на менскі канцэрт 25 сакавіка арганізатары плянуюць сабраць да 25 тысяч чалавек) і Берасьці (выступяць :B:N:, Re1ikt і іншыя, сабрана 11%), а ў Лідзе ўлады і мясцовыя актывісты зладзяць канцэрт у музэі, дазволаў чакаюць яшчэ ў некалькіх гарадах. Гарадзкія ўлады Гомля адмовілі арганізацыйнаму камітэту сьвяткаваньня 100-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў правядзеньні канцэрту

Паплечнікі палітыка Міколы Статкевіча падалі ў Менгарвыканкам заяўку на шэсьце 25 сакавіка, а сам Статкевіч казаў, што правядзе шэсьце, нават калі яно ня будзе санкцыянаванае ўладамі. Кіраўніцтва аргкамітэту сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР адмежавалася ад ініцыятываў Статкевіча.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG