Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антон Астаповіч супраць Сьцяпана Стурэйкі: што і як рабіць з помнікамі архітэктуры. І каму гэта трэба


Руіны Крэўскага замку, архіўнае фота
Руіны Крэўскага замку, архіўнае фота

Нядаўняя публікацыя Свабоды аб падыходах да захаваньня архітэктурнай спадчыны выклікала дыскусію сярод сяброў Беларускага камітэту ICOMOS (Міжнароднай рады помнікаў і мясьцінаў), які аб’ядноўвае гісторыкаў, архітэктараў, археолягаў і рэстаўратараў. Сьцяпан Стурэйка і Антон Астаповіч завочна дыскутуюць, што і якім чынам неабходна ў сёньняшніх умовах рабіць з гісторыка-культурнымі помнікамі.

У нядаўняй публічнай лекцыі новы кіраўнік праўленьня Беларускага камітэту ICOMOS Сьцяпан Стурэйка разважаў аб сучасных падыходах да захаваньня архітэктурнай спадчыны Горадні. Такія погляды ня ўсім здаюцца слушнымі. Зь ім палемізуе Антон Астаповіч, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, які таксама ўдзельнічае ў ICOMOS.

Для каго трэба захаваць «старыя камяні»?

Сьцяпан Стурэйка адзначае, што сёньня, калі мы імкнёмся захаваць ня толькі аб’екты першакляснага значэньня, але таксама шараговую гарадзкую забудову і шмат іншага, само «захаваньне старога» «ўжо ня можа быць галоўным зьместам дзейнасьці».

Яно становіцца мажлівым і дзейсным толькі тады, калі ператвараецца з мэты ў інструмэнт, інструмэнт дзеля разьвіцьця, кажа ён. Разьвіцьця мясцовых супольнасьцяў, гарадоў і цэлых рэгіёнаў.

Сьцяпан Стурэйка
Сьцяпан Стурэйка

«Мы захоўваем спадчыну ня дзеля продкаў або нашчадкаў, а каб зьмяняць нашае ўласнае жыцьцё тут і цяпер, — удакладняе думку Стурэйка. — У цэнтры гэтага падыходу — людзі, супольнасьці, а не старыя камяні з будынкамі».

Сьцяпан Стурэйка нагадвае, што гэта не яго асабістая «прыдумка».

«Кожны сказ мог бы зьмяшчаць спасылкі на дзясяткі сурʼёзных аналітычных публікацый, якія абагульняюць сусьветны досьвед працы са спадчынай і зьяўляюцца працягам пэўнай інтэлектуальнай традыцыі, практычна адсутнай на постсавецкай прасторы», — кажа гісторык архітэктуры.

Антон Астаповіч, аднак, ня згодны, што ў Беларусі ў асноўным прапануецца проста захаваць спадчыну дзеля таго, каб захаваць. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што звычайна гэтае пытаньне пачынае турбаваць грамадзтва, калі яно становіцца на шлях фармаваньня нацыі, стварэньня сваёй дзяржавы, яе разьвіцьця.

Гісторыка-культурная спадчына — своеасаблівы падмурак нацыятворчага працэсу, кажа ён.

Антон Астаповіч
Антон Астаповіч

«Чаму для нас сёньня гэта больш надзённа, чым для многіх іншых краінаў у Эўропе? Таму што мы знаходзімся на самым пачатку пабудовы сваёй дзяржавы, і мы вельмі маладая нацыя», — лічыць Антон Астаповіч. Захаваць тое, што нам засталося ад продкаў, значыць умацаваць сваю нацыянальную ідэнтычнасьць, перакананы ён.

«У першую чаргу трэба разглядаць спадчыну не як прадукт для нейкіх іншых, скажам, эканамічных патрэбаў, а як магчымасьць усьвядоміць, што гэта наша багацьце, наша адказнасьць. Інакш мы яе не захаваем», — адзначае экспэрт.

Ён яшчэ раз нагадвае: «Калі Стурэйка гаворыць, што мы захоўваем яе, каб зьмяніць уласнае жыцьцё тут і цяпер, я згодны. Але як зьмяніць? У першую чаргу, каб умацаваць культурную ідэнтычнасьць сучаснай беларускай нацыі».

Інвэстары і насельніцтва не экспэрты па спадчыне

Ілюстрацыйнае фота. Дабудаваная вежа Наваградзкага замку. Наваградак, 23 чэрвеня 2016 году
Ілюстрацыйнае фота. Дабудаваная вежа Наваградзкага замку. Наваградак, 23 чэрвеня 2016 году

​Што яшчэ выклікае нязгоду ў кіраўніка таварыства аховы помніка?

«Сьцяпан гаворыць, што ў цэнтры павінны быць людзі, супольнасьці, а не старыя камяні з будынкамі, пастаянна зьвяртаецца да сацыяльнага падыходу: што супольнасьць сама павінна прымаць рашэньне наконт спадчыны, — кажа Астаповіч. — Што абмежавальныя мэханізмы, якія быццам бы навязаны дзяржавай, правам, экспэртамі, яны перашкаджаюць яе захаваньню. Але Стурэйка абапіраецца на практыку разьвітых эўрапейскіх краінаў. Дзе ў грамадзтва разьвітае пачуцьцё адказнасьці за сваю гісторыю, за дзяржаву, спадчыну, там іншы падыход. Але там дзейнічаюць тым жа часам вельмі жорсткія прававыя абмежаваньні».

Антон Астаповіч зьвяртае ўвагу на тое, што, калі абапірацца на інтарэсы інвэстараў, жыхароў, гістарычная забудова ў выніку цярпіць. Прыклад — вуліца Зыбіцкая, былая Гандлёвая, у Менску. Было зроблена нямала парушэньняў, але вынік падабаецца і народу, і таму, хто ўклаў грошы. Значыць, перш, чым прыцягваць супольнасьць да пытаньняў спадчыны, яе трэба спачатку выхоўваць.

Вуліца Зыбіцкая (былая Гандлёвая) у Менску, 2013 год
Вуліца Зыбіцкая (былая Гандлёвая) у Менску, 2013 год

«Наша грамадзтва яшчэ досыць сырое. І таму пытаньні спадчыны павінны быць у руках экспэртаў», — кажа Астаповіч.

Сьцяпан Стурэйка закранаў і такое балючае пытаньне: што і як можна будаваць сёньня на месцы разбураных камяніц? Ён згаджаецца, што гэта вельмі няпростая справа і вымагае асаблівай адказнасьці:

«Але калі абмяжоўваць сучасных архітэктараў, спасылаючыся на папярэднія няўдалыя спробы, разьвіцьця не адбудзецца ніколі».

Прыклады сучаснай архітэктуры ў гістарычным асяродзьдзі ня могуць радаваць, лічыць Антон Астаповіч. Досыць узгадаць Менск, Магілёў, Берасьце. Што з гэтага вынікае? Што павінны быць жорсткія рамкі.

«Мы не выступаем супраць сучаснай архітэктуры, але яна павінна аднаўляць альбо падкрэсьліваць гістарычную аб’ёмна-пляніровачную структуру. Не павінна быць у дысанансе з гістарычнай забудовай», — кажа Астаповіч, дадаючы, што псэўдагістарычнаму стылю таксама не павінна быць месца.

«Рабі што хочаш, табе за гэта нічога ня будзе»

Ілюстрацыйнае фота. Лідзкі замак
Ілюстрацыйнае фота. Лідзкі замак

У Стурэйкі шмат спасылак на замежны досьвед. Кіраўнік Беларускага камітэту ICOMOS усьведамляе, што без уліку мясцовых асаблівасьцяў гэтага недастаткова.

«Напрыклад, ці праводзіўся аналіз дзейснасьці Сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, нашага галоўнага інструмэнту захаваньня? Ці разумеем мы, якім чынам сучасныя тэхналёгіі, якіх не было яшчэ 15 гадоў таму, уплываюць на спажываньне спадчыны і практыкі яе аднаўленьня? Можа, мы вывучылі заканамернасьці паміж абыходжаньнем са спадчынай і эканамічным разьвіцьцём, сацыяльным складам і культурнымі асаблівасьцямі гарадоў?» — разважае ён.

«Ці праводзіўся аналіз дзейснасьці Сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў? — паўтарае пытаньне Антон Астаповіч. — Так, гэта інструмэнт недасканалы. Але ня трэба ставіць пытаньне з падтэкстам, што гэта „не працуе“».

Для Беларусі важна не прасоўваньне ідэі, што нам трэба зламаць старую сыстэму і ўсё памяняць, мяркуе ён. Праблема ў нарматыўна-прававой базе ў сфэры аховы спадчыны. Яна недасканалая.

Ілюстрацыйнае фота. Ружанскі палац
Ілюстрацыйнае фота. Ружанскі палац

Кодэкс аб культуры, у якім ёсьць разьдзел аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, Астаповіч называе настолькі лібэральным дакумэнтам, што нельга ставіць пытаньне аб існаваньні перашкодаў для інвэстараў.

«Раскрытыя проста вароты: рабі што хочаш, табе за гэта нічога ня будзе», — сьцьвярджае экспэрт. Таму надзённым, на яго думку, сёньня ёсьць пытаньне аб тым, як спалучыць інтарэсы соцыюму, экспэртаў, дзяржавы: «Пра гэта трэба гаварыць. А не пра агульныя рэчы, якія па вялікім рахунку зьяўляюцца правакацыйнымі».

Што азначае барацьба за спадчыну?

Сьцяпан Стурэйка, зрэшты, таксама выказвае думкі, сугучныя меркаваньню Антона Астаповіча.

«Барацьба за спадчыну — гэта амаль заўсёды барацьба кампэтэнцый, гэта спрэчка паміж тымі, хто лічыць сябе ўпаўнаважаным прымаць рашэньні. Адпаведна гэтую кампэтэнцыю трэба падвышаць. Найгоршае, што можна рабіць — абвесьціць нашае разуменьне сытуацыі дастатковым, а ўсіх нязгодных — ворагамі. Культура разьвіваецца, грамадзтва разьвіваецца, і стаўленьне да спадчыны таксама мусіць зьмяняцца. Яно мусіць увайсьці ў сынхроннасьць з усім іншым», — лічыць Стурэйка.

Падсумоўваючы, Антон Астаповіч тым ня менш падкрэсьлівае: «Дарэчы, усё што гаворыць Сьцяпан, зафіксавана ў міжнародных дакумэнтах, але гэта не зьяўляецца іх асноўнай думкай. Асноўнае — захаваньне. Яго трэба ставіць на першае месца. Іначай спадчына перастане існаваць».

Руіны Гальшанскага замку
Руіны Гальшанскага замку

Ён падмацоўвае свае словы яскравым прыкладам. У Польшчы пад аховай дзяржавы амаль 60 тысяч аб’ектаў, зь іх добрая палова — архітэктурныя. А ў Беларусі іх агулам каля 6 тысяч, і архітэктурных — менш за 20 працэнтаў. Таму трэба быць вельмі абачлівымі ў размове пра новыя падыходы да захаваньня спадчыны, каб не было магчымым яе зьнікненьне, перакананы Антон Астаповіч.

Са Сьцяпанам Стурэйкам Антон Астаповіч знаёмы восем гадоў, і ён лічыць патрэбным зазначыць:

«І ўсе восем гадоў у нас са Сьцяпанам спрэчкі. Хаця ёсьць моманты, у якіх мы добра сыходзімся. Мы не канфліктуем. Мы палемізуем. Спрачаемся. Я не адмаўляю чужой думкі. Але калі лічу, што яна памылковая, я пра гэта кажу. Гэта нармальная дыскусія».

Беларускі камітэт ICOMOS паўстаў у 2002 годзе. Гэтая грамадзкая арганізацыя займаецца падтрымкай і прасоўваньнем тэорый, мэтадалёгій і і навуковых тэхналёгій у кансэрвацыі архітэктурнай і археалягічнай спадчыны. Міжнародная арганізацыя ICOMOS (Міжнародная рада помнікаў і мясьцінаў) была створаная ў 1965 годзе.

Якія замкі і палацы ў Беларусі будуць аднаўляць у 2018 годзе

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG