Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэстаўрацыя Калоскай царквы ў Горадні зацягваецца, бо аб’ект «нестандартны»


Рэстаўрацыя Калоскай царквы

Рабочыя «Гроднажылбуду», якія ўпершыню займаюцца рэстаўрацыяй помніка архітэктуры, ня здолеюць, як паведамлялася раней, да Новага году скончыць работы па рэстаўрацыі Калоскай царквы — аб’ект надта складаны.

Нягледзячы на тое, што «чарнавыя» работы, як кажуць рабочыя на рэстаўрацыі царквы, ужо скончыліся, але ўкласьціся ў тэрмін і скончыць рэстаўрацыю да Новага году ня ўдасца.

Паводле майстра рабочай брыгады Леаніда Барысіка, складанасьць у тым, што раней ніколі не даводзілася займацца падобнай працай, таму яна вядзецца павольна і асьцярожна. Канчатковую дату рэстаўрацыі будаўнікі назваць ня могуць.

Майстар Леанід Барысік
Майстар Леанід Барысік

Ужо на пачатку рэстаўрацыйных работ рабочыя сутыкнуліся з тым, што вонкавая сьцяна Каложы, якую мяняюць, прасела на 34 см уніз, на 24 см ад’ехала ў бок Нёмана і па дыяганалі на 9 см распаўзлася.

Так выглядае каркас вонкавай сьцяны Каложы, які рыхтуюцца абшываць адмысловымі дошкамі
Так выглядае каркас вонкавай сьцяны Каложы, які рыхтуюцца абшываць адмысловымі дошкамі

«Мы выводзілі нанова сьцяну, паставілі яе на месца. Вельмі складаная праца, для нас нестандартны аб’ект, вельмі працаёмкі, і мы прытрымліваемся пры гэтым усіх нормаў архітэктуры, а таксама працуем згодна з дакумэнтацыяй, распрацаванай інстытутам «Гроднаграмадзянпраект», — адказна заяўляе Леанід Барысік.

Рабочыя на рэстаўрацыі Калоскай царквы
Рабочыя на рэстаўрацыі Калоскай царквы

Паводле майстра, цяпер яны распачынаюць дэкаратыўнае адстройваньне сьцяны, і гэта таксама будзе патрабаваць часу болей, чым плянавалася раней, паколькі замяраецца кожная дошка, прычым па некалькі разоў. Матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца пры рэстаўрацыі Каложы, паводле Барысіка, самыя сучасныя.

Рэстаўрацыя Калоскай царквы
Рэстаўрацыя Калоскай царквы

Сьцяна Каложы будзе абшыта дошкамі з тэрмамадыфікаванай беларускай хвоі. Дошка апрацаваная спэцыяльным алеем і здолее вытрымліваць перапады тэмпэратуры, узьдзеяньне ультрафіялету і вільгаці.

Нягледзячы на рэстаўрацыйныя работы, Каложу па-ранейшаму наведваюць вернікі і турысты.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG