Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні рамантуюць драўляную частку Каложы, не спыняючы набажэнствы


Узводзяць часовую сьцяну ўсярэдзіне храма
Узводзяць часовую сьцяну ўсярэдзіне храма

У плянах будаўнікоў замяніць стары каркас сьцяны, ашаляваць новымі дошкамі, адрамантаваць дах і вырашыць праблему з адводам грунтовых водаў.

Работы на Каложы распачалі не адмыслоўцы-рэстаўратары, а рабочыя «Гроднажылбуду». Самі будаўнікі кажуць, што вельмі адказна падыходзяць да справы, правяраюць кожную дошку, тлумачаць прыхаджанам і турыстам, што і чаму будуць рабіць.

Адзін зь іх распавядае, што канструкцыя драўлянай сьцяны даволі простая, у іх ёсьць праект, і падчас яе разбору будзе відаць, што ў якім стане захавалася. Ужо зараз відаць, што драўляная сьцяна была абшытая звычайнай шалёўкай і ўцепленая шклаватай.

«Зразумела, за 150 гадоў тут шмат што згніло. Але згніло ўжо і тое, што цалкам замянілі ў 1956-м і рамантавалі ў 1977 годзе. Але ўсё будзе відаць, калі сьцяну пачнём разьбіраць, у ходзе працы і рашэньні будуць прымацца. Нас, дарэчы, пастаянна кансультуюць спэцыялісты зь Менску».

Цяпер рабочыя ўзводзяць часовую сьцяну ўсярэдзіне, каб службы ў царкве не спыняліся на час рамонту. Дарэчы, ніхто не забараняе вернікам і турыстам уваходзіць у храм. Адна з пажылых верніц, паслухаўшы рабочых, паказвае на цагляную сьцяну і прамаўляе:

«Вось, глядзіце, нашыя продкі больш як 800 гадоў таму паставілі сьцяну — і нічога не гніе. Нават галасьнікі сюды ўмантавалі, і ня столькі дзеля акустыкі, колькі дзеля таго, каб аблегчыць канструкцыю. Усё прадумвалі, бо будавалі храм на абрыве над ракой. А ўжо 150 гадоў таму зашылі дошкамі — і ўсё згніло».

Гарадзенскі гісторык і археоляг Алесь Краўцэвіч, які ў свой час рабіў раскопкі на Каложы, сказаў Свабодзе, што ў яго цяпер няма трывогі за яе.

Алесь Краўцэвіч
Алесь Краўцэвіч

«Мне вельмі падабаецца сучасны падыход да пытаньня рэстаўрацыі Каложы сьвятароў, якія самі не аддаюць загадаў, як рабіць, а раяцца з адмыслоўцамі, праводзяць дзеля гэтага навуковыя канфэрэнцыі. Яны адмовіліся ад канцэпцыі адбудовы столі з купаламі (цыбулінамі), ад гэтых фантазійных праектаў, якія яшчэ 10 гадоў таму былі ў самым разгары. Я бачу, што гэтым займаюцца інтэлігентныя людзі і яны не нашкодзяць помніку».

Паводле афіцыйнай інфармацыі, на капітальны рамонт сьцяны зь дзяржаўнага бюджэту выдзелена каля 200 тысяч рублёў. Алесь Краўцэвіч кажа, што пакуль складана казаць, на колькі хопіць гэтых сродкаў, але, калі іх будзе неставаць, то варта абʼявіць збор сродкаў, каб давесьці стан Каложы да належнага.

«Думаю, што людзі ў Беларусі на гэта адгукнуцца, я і сам не пашкадую сваіх сродкаў, бо гэта наш самы старажытны храм».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG