Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каложу чакае капітальны рамонт, а не рэстаўрацыя


Калоская царква ў Горадні

Настаяцель храма ХІІ стагодзьдзя ў Горадні Аляксандар Балоньнікаў тлумачыць, на што пойдуць грошы, выдзеленыя з прэзыдэнцкага фонду.

Неўзабаве намячаецца капітальны рамонт элемэнтаў драўляных канструкцый, якія страцілі прыдатнасьць, — даха і сьцяны, прылеглай да Нёмана.

Падчас паводкі ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя адну сьцяну падмыла рака, яна абрынулася і была заменена драўлянай.

«Што датычыць рэстаўрацыі храма, то яе ніхто не прысьпешвае і праект пакуль не распрацоўваецца. Перш чым яго распрацоўваць, трэба вызначыць канцэпцыю. Гэта вельмі вялікая праца, якую нам трэба будзе зрабіць так, каб не было сорамна перад нашчадкамі», — зазначае айцец Аляксандар.

Настаяцель храма а. Аляксандар Балоньнікаў
Настаяцель храма а. Аляксандар Балоньнікаў

Аляксандар Балоньнікаў падкрэсьлівае, што рэстаўрацыя — справа будучыні:

«Спачатку мы вельмі ўважліва апошнія чатыры гады сачылі за тым, што адбываецца з храмам-помнікам. Мы правялі дзьве міжнародныя навуковыя канфэрэнцыі. Мы пачулі думкі і прапановы самых аўтарытэтных спэцыялістаў. Гэта складанае пытаньне, яно патрабуе спакойнага, узважанага падыходу, спачатку распрацоўкі канцэпцыі, як магчыма рэстаўраваць гэты помнік».

Драўляная сьцяна пасечаная асколкамі і кулямі

Грошы з прэзыдэнцкага фонду пойдуць на капітальны рамонт, кажа настаяцель:

«Царква ў аварыйным стане. У ХХ стагодзьдзі яна рамантавалася ня раз. Ад той пачатковай драўлянай сьцяны, зробленай з 1896-га да 1906 году, амаль нічога не засталося».

Аляксандар Балоньнікаў дэманструе тэхнічнае заключэньне Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту пра стан Каложы, у дакумэнце больш за сто старонак. Стан драўлянай часткі сьценаў ацэньваецца спэцыялістамі як нездавальняючы, фізычны знос складае 60 адсоткаў.

Як будавалі страчаную сьцяну? Звычайны драўляны каркас абшалявалі з двух бакоў. Сьцяна мела таўшчыню прыкладна трыццаць сантымэтраў, зазначае Аляксандар Балоньнікаў. А сёньня яна ўтрая шырэйшая. У 1970-я гады, калі царква належала музэю, заўважылі, што сьцяна падгнівае, і нарасьцілі з унутранага боку. Паставілі яшчэ адзін каркас і таксама абшылі яго фанэрай. Усярэдзіну засыпалі керамзыт, заклалі шклавату. У 1980-я гады яшчэ адзін слой быў нарошчаны, таксама ўнутры.

Сьвятар працягвае:

«Сёньня, калі мы ўскрывалі гэтую сьцяну, разгледзелі бэлькі, якія трымаюць усю драўляную канструкцыю; яны былі пастаўленыя, напэўна, у пасьляваенны час. Па-першае, расказалі пра гэта мясцовыя жыхары. У 1946-1947 годзе стан драўлянай сьцяны царквы быў вельмі дрэнны. Як яны казалі, уся яна была пасечаная асколкамі снарадаў, кулямі. Людзі прыносілі з двароў дошкі, у каго што было, і самі рамантавалі. Цяпер, калі супрацоўнікі „Гроднаграмадзянпраекту“ ўскрылі сьцяну, то ўбачылі, што бэлькі і слупы драўляныя сапраўды былі ўжываныя раней. Таму сёньня стан драўляных канструкцый вельмі нездавальняючы. Асабліва гэта датычыць ніжняга яруса, лежня, на якім стаіць сьцяна: ён амаль цалкам згніў».

Паўднёва-заходні вугал царквы прасеў, туды зацякала дажджавая вада. У храме перад калёнай каменная пліта, яна вывернутая. І нават калі ідзеш, спатыкаесься аб яе, прызнаецца айцец Аляксандар. Праўда, прасяданьне грунту прыпынілася, сьведчаць геадэзісты (яны сочаць за станам штомесяц). Падцяканьне вады ліквідаванае. Але вугал, які прасеў, пацягнуў за сабою й дах, надламаліся кроквы. У тых месцах, дзе яны былі гнілыя, проста рассыпаліся. Таму пашкоджаныя драўляныя канструкцыі трэба рамантаваць.

Капрамонт ня спыніць набажэнствы

Тэхнічнае заключэньне БНТУ якраз і дало штуршок для працы, якая сёньня праводзіцца, распавядае Аляксандар Балоньнікаў. Дах, паводле заключэньня, у небясьпечным стане:

«Мы пераканаліся, што рамантаваць кроквы, мяняць згнілыя бэлькі немагчыма, не адрамантаваўшы драўляную сьцяну. У выніку ўзьнік праект, які будзе выконвацца сёлета. Ажыцьцяўляць яго будзе інстытут „Гроднаграмадзянпраект“, а самі работы, хутчэй за ўсё, будзе выконваць „Гроднаграмадзянбуд“. Гэта, я лічу, добрая навіна для нас. Прычым мы зможам служыць у царкве спакойна і ў бясьпецы. І спадзяёмся, што работы ў храме не перашкодзяць тым, хто яго наведвае. А калі будзе зроблены рамонт, то можна будзе далей займацца пытаньнямі рэстаўрацыі і рэканструкцыі царквы».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG