Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калоскую царкву прапануюць уключыць у Сьпіс сусьветнай спадчыны UNESCO


Калоская царква ХІІ стагодзьдзя
Калоская царква ХІІ стагодзьдзя

У Горадні адбылася другая міжнародная навукова-практычная канфэрэнцыя «Сьвята-Барыса-Глебская (Калоская) царква: пошукі шляхоў захаваньня».

Галоўнай мэтай канфэрэнцыі было выпрацаваньне стратэгіі захаваньня Барыса-Глебскай (Калоскай) царквы ХІІ стагодзьдзя. У ёй узялі ўдзел адмыслоўцы зь Беларусі, Польшчы, Украіны і Расеі.

Асаблівую ўвагу прыцягнулі даклады спэцыялістаў пра сучасны стан Калоскай царквы. Так, адзін з дакладаў гарадзенскіх дасьледнікаў датычыўся геадэзічных паказаньняў грунту, на якім месьціцца Каложа. Аказалася, што паказаньні замерваюцца штомесяц і, паводле настаяцеля храма айца Аляксандра Балоньнікава, у дакладзе прагучала, што грунты пад Каложай трывалыя і зьменаў, якія маглі б выклікаць небясьпеку, не назіраецца.

Яшчэ адзін з дакладаў закрануў леташнія дасьледаваньні навукоўцамі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту стану даху, каменнай і драўлянай часткі царквы. Навукоўцы засьведчылі, што драўляная частка царквы не адносіцца да помніка архітэктуры і на сёньня яна ў такім стане, што няма магчымасьці яе захаваць.

Айцец Аляксандар Балоньнікаў, настаяцель Калоскай царквы
Айцец Аляксандар Балоньнікаў, настаяцель Калоскай царквы

— На жаль, усе гады пасьля ўзьвядзеньня ёю ніхто і ніколі не займаўся. Праўда, у 1896–1906 гадах, калі яна будавалася, ніхто і не называў гэта рэканструкцыяй. Драўляная частка ўзводзілася як кансэрвацыя тых руінаў, якія дайшлі да нас з ХІІ стагодзьдзя, але сёньня яна выпрацавала свой рэсурс.

Паводле айца Аляксандра, праект замены гэтай часткі сьцяны распрацавалі адмыслоўцы «Гроднаграмадзянпраекту», і гэтая прапанова нават прайшла экспэртызу ў Міністэрстве культуры. Вядома, што яны прапануюць дабудаваць каменны мур. Дарэчы, падобны праект рабілі яшчэ на пачатку ХХ стагодзьдзя, калі ўзводзілі драўляную частку. Але ёсьць і крытычныя думкі пра гэты праект.

Драўляная частка Каложы
Драўляная частка Каложы

— Мы з поўнай адказнасьцю ставімся да захаваньня Каложы. Храм ХІІ стагодзьдзя — гэта вельмі адказна, і мы гэта адчуваем, а таму не сьпяшаемся з рэалізацыяй праекту. Мы хочам яшчэ раз прааналізаваць тое, што могуць сёньня прапанаваць сучасная навука і тэхніка. Ня будзем сьпяшацца, каб проста зрабіць хутчэй.

Навукоўцы з суседніх краінаў у сваіх дакладах дзяліліся досьведам захаваньня падобных помнікаў. І ў той самы час аднагалосна, паводле айца Аляксандра, заклікалі яшчэ раз скласьці падрабязны звод матэрыялаў дасьледаваньня помніка, уключаючы праекты па рэканструкцыі Калоскай царквы у ХІХ–ХХ стагодзьдзях. А таксама працягнуць архіўныя, натурныя і археалягічныя дасьледаваньні Калоскай царквы, скласьці картаграмы перабудоваў помніка. Працягнуць вывучэньне гідрагеалёгіі, а таксама рэгулярны маніторынг стану грунтоў і падпорных канструкцыяў. І галоўнае, што прапаноўвалі ўсе навукоўцы, — стварыць міжнародную рабочую групу з прыцягненьнем профільных спэцыялістаў як зь Беларусі, так і іншых краінаў для распрацоўкі і ажыцьцяўленьня праекту рэканструкцыі. Каложа — сусьветны помнік, і справа яго захаваньня — справа сусьветная.

Калоская царква ХІІ стагодзьдзя
Калоская царква ХІІ стагодзьдзя

Адзін з пунктаў у праекце рэзалюцыі канфэрэнцыі зьвернуты да гарадзенскіх уладаў з заклікам спрыяць актывізацыі падрыхтоўкі дакумэнтаў для намінацыі Калоскай царквы ў Сьпіс сусьветнай культурнай і прыроднай спадчыны UNESCO.

Як цікавінка на канфэрэнцыі прагучала паведамленьне польскага навукоўца пра тое, што на грошы польскае дзяржавы зробленая 3D-мадэль Калоскай царквы. Гэта фотаграмэтрыя, безь якой нават немагчыма пачынаць рэстаўрацыйныя работы.

Да канца году гэты праект, сказаў айцец Аляксандар, павінен будзе зьявіцца на сайце Калоскай царквы, і кожны ахвотны зможа віртуальна зрабіць для сябе экскурсію па храме.

Удзельнікі канфэрэнцыі, улічваючы значнасьць помніка ХІІ стагодзьдзя, выступілі за далейшы працяг кваліфікаванай навуковай дыскусіі з прыцягненьнем большай колькасьці як айчынных, так і замежных навукоўцаў, і прапанавалі правесьці трэцюю міжнародную навукова-практычную канфэрэнцыю ў пытаньні захаваньні Каложы.

Першая канфэрэнцыя, прысьвечаная захаваньню Барыса-Глебскай царквы, адбылася ў Горадні летась у чэрвені. Арганізатарамі абедзьвюх навукова-практычных канфэрэнцый выступіла Беларуская праваслаўная царква.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG