Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Давыдзька стаў «сэнатарам»: «Я паважаю нацыянальную сымболіку. Яна цудоўная»


Генадзь Давыдзька

Былы кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька правёў сёньня першы дзень на новай працы ў офісе праўладнай арганізацыі «Белая Русь». Таксама Лукашэнка прызначыў яго чальцом Савету Рэспублікі. Карэспандэнт Свабоды пагутарыў з Давыдзькам пра асаблівасьці працы на чале дзяржаўнага ТБ і будучыя праекты.

«Былі нейкія такія адчуваньні, што такое можа стацца»

— Ці ваша адстаўка з пасады старшыні Белтэлерадыёкампаніі была нечаканай?

— Нельга так доўга быць у мэдыяструктуры. Трэба іншым займацца. Тым больш там трэба было вырашаць тэхнічныя пытаньні. Усё наладжана. Патрэбны маладыя сілы з маладой арыентацыяй на маладыя СМІ. Усё натуральна выглядае. Я тут ня бачу нічога дзіўнага, а наадварот, нейкія пэрспэктывы ў сваім творчым і грамадзкім жыцьці.

Вельмі цікавая арганізацыя [«Белая Русь»], у якой шмат магчымасьцяў, у якой цудоўны статут. Для мяне гэта пачэсна і цікава. І калі на зьезьдзе выказалі мне давер, як я не магу аддацца ўвесь у гэтую працу? А што да Белтэлерадыёкампаніі, там моцны прафэсійны калектыў, які здольны выконваць любыя задачы. То бок нічога дзіўнага няма.

— Дык ці была адстаўка нечаканай для вас? Ці размаўлялі вы з Аляксандрам Лукашэнкам?

— 50 на 50. Былі нейкія такія адчуваньні, што такое можа стацца. Проста ў сакавіку ў мяне сканчаецца кантракт. І трэба было ці са мной працягваць кантракт, ці не.

У мяне была размова не з Аляксандрам Рыгоравічам, а ў Адміністрацыі, што вось, як вы лічыце, які працяг, што можа быць. Я казаў, што калі ёсьць нейкія думкі наконт таго, што я ня бачу (усё ж зрок замыльваецца ў любога кіраўніка) і калі трэба некаму прыйсьці, хто будзе лепш кіраваць, — я саступлю гэтую пасаду, зраблю так, як трэба для дзяржавы.

«Я ўжо сэнатар»

Генадзь Давыдзька
Генадзь Давыдзька

— То бок вам адразу прапанавалі быць старшынём «Белай Русі»?

— Мне не прапанавалі. Я прыйшоў на зьезд, ня ведаючы, што будзе адбывацца. А потым ужо ў кулюарах... Я ня буду расказваць.

— Вам паабяцалі яшчэ пасаду сэнатара.

— Прэзыдэнт падпісаў учора ўказ, я ўжо сэнатар. І таксама цікава, чым я там буду займацца. Я яшчэ не сустракаўся. Я ня ведаю, якія паўнамоцтвы будуць і сфэра дзейнасьці. Але я папрашуся, каб займацца СМІ, бо я ў гэтым разумею сёе-тое. А што да грамадзкай дзейнасьці, яна мяне цікавіць. Тым больш што наперадзе ня вельмі простыя гады, ня вельмі простыя мерапрыемствы і ў палітычным жыцьці нашай краіны. Трэба неяк змагацца за чысьціню, за шчырасьць, за спакой, за законнасьць. Мы паспрабуем насамрэч быць народным рухам, кансалідаваць вакол сябе ня проста патрыятычныя, а канструктыўныя грамадзкія сілы, сапраўды незалежныя. Можа здолеем.

«Клюб рэдактараў» застаецца

— А «Клюб рэдактараў» на БТ застаецца? Ці будзеце вы там удзельнічаць?

— Застаецца. Я аўтар і вядучы гэтай перадачы. Спадзяюся, ён будзе на карысьць тым ідэалам.

— Вы працавалі разам з новым кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі Іванам Эйсмантам. Што вы думаеце пра яго?

Іван Эйсмант
Іван Эйсмант

​— Ён адукаваны, пэрспэктыўны і здольны для гэтай справы. Ён інтэлектуал. Дысцыплінаваны, пунктуальны, мае аўтарытэт у калектыве. Я спадзяюся, што ў яго ўсё зьдзейсьніцца і ён вырасьце ў нармальнага кіраўніка. Белтэлерадыёкампанія — гэта такі структураваны завод, і там сэгмэнты, якія працуюць незалежна. І нават калі адзін сэгмэнт адпадае, другі зусім незалежна існуе. І працуюць, як гадзіньнік добра наладжаны. Так што кіраўнік — гэта мадэратар і чалавек, які адказвае за арганізацыю працэсу. Гэта моцны мэханізм. Ён не пабудаваны аўтарытарна, а вельмі дэмакратычна. Ставіцца так, што там вырашае толькі старшыня, нельга.

— То бок у вас няма нейкага расчараваньня, што вас выціснулі?

— Ды не, я ж супрацоўнічаю, і «Клюб рэдактараў» застанецца. Я думаю, можа і яшчэ зьявіцца нейкая праграма, і таксама час для творчасьці. Так што можна сказаць, што я шчасьлівы.

«На такіх нарадах няма нават гэндэрных асаблівасьцяў»

— Але яму давядзецца езьдзіць на нарады да сваёй жонкі і адначасова кіраўніка прэс-службы прэзыдэнта Натальлі Эйсмант, атрымліваць там указаньні.

— Ну вось, я чакаў гэтага пытаньня ад вас. Гэта ж так цікава, жонка, а ён сядзіць, нібыта ён падначалены ў жонкі. А-я-яй, як прыемна гэта напісаць.

Натальля Эйсмант
Натальля Эйсмант

— Але ж такія нарады праводзяцца?

— На такіх нарадах няма нават гендэрных асаблівасьцяў. Ёсьць чалавек, які выконвае абавязак. І хто ён — муж, сын, жонка, бацька — ня мае ніякага значэньня. Ёсьць даручэньні, пляны, мэты, і туды трэба накіроўвацца. Калі нехта з родзічаў нейкую галоўную пасаду займае, трэба працаваць яшчэ больш. І прыклад паказваць. Гэта ня проста так. І таму цяпер Іван і Натальля Эйсмант такую вялікую адказнасьць маюць, бо ім працаваць трэба лепш, каб такіх нараканьняў не было. Я, напрыклад, за сямейнасьць у такім разуменьні. І калі я некага са сваіх буду браць на працу, яны павінны паказваць прыклад.

Катэдж будуецца на дзьве сям'і

— А вось нам былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі Зімоўскі казаў, што адной з прычын адставак была эканамічная, бо дзяржаўныя СМІ датацыйныя. Якой вы пакідаеце Белтэлерадыёкампанію новаму кіраўніку?

— Кампанія атрымлівае менш грошай, чым, напрыклад, «Белсат». Мы ня цалкам датацыйныя. Сёньня ў заробку супрацоўніка Белтэлерадыёкампаніі больш за 50% — гэта небюджэтныя грошы. Тэхніка таксама набываецца ў асноўным з пазабюджэтных сродкаў. Калі я прыйшоў 8 гадоў таму на пасаду, вымушаны быў браць крэдыт, каб заплаціць заробкі людзям. Вось такі быў стан на той час. Больш за тое, трэба было выплачваць 4 мільёны эўра за адзіную купленую перасовачную тэлестанцыю. Цяпер у кампаніі ёсьць грошы.

— А вы цяпер будуеце катэдж у менскім элітным раёне «Дразды-2» — у Весьнінцы...

— Так, ён будуецца на дзьве сям'і ўжо сем гадоў. Дзьве вялізныя сям'і. Я штогод пішу дэклярацыю пра ўласныя даходы. Дом з двума пад’ездамі, кухнямі, з адной гасьцёўняй. І што тут дзіўнага?

«Я ня ведаю, адкуль Якубовіч браў інфармацыю»

— Як вы ацэньваеце сваю дзейнасьць на пасадзе старшыні БТ? Ці не шкадуеце, што, напрыклад, агучвалі фільм «Плошча. Железом по стеклу», які стаў першым буйным праектам пад вашым кіраўніцтвам?

— Гэты фільм я агучваў, калі яшчэ ня быў старшынём. Але агучыў, бо так і трэба было казаць. Фільмы выходзілі дзеля таго, каб у дзяржаве была стабільнасьць. І каб даць адпор сілам, якія спрабуюць гэты спакой парушыць, антыдзяржаўным сілам. Я не шкадую пра гэта. Гэтыя фільмы былі зробленыя правільна, іх трэба было зрабіць. Рабіў ня я, ня я мантаваў. Але я адказваю за ўсё, што адбывалася ў Белтэлерадыёкампаніі. І вынікі маёй працы, сярод іншага, ляжаць у тым, што за гэтыя 8 год дзяржава наша стаіць і пакуль яна незалежная. Гэта важна.

— А вось Павал Якубовіч распавёў нам у інтэрвію, што пра «фраў А.» даведаўся з БТ. Гэтая справа тычылася «Белага легіёну».

— Я ня ведаю, што сказаў Якубовіч. Я ня ведаю, адкуль Якубовіч браў інфармацыю. Я адказваю толькі за сваю інфармацыю і за сваю дзейнасьць. Мала што ён кажа. А можа, БТ у яго ўзяло інфармацыю? Гэта рабіла Агенцтва тэленавін. Яны працавалі натхнёна і зрабілі правільную карціну, якую трэба было рабіць.

Павал Якубовіч
Павал Якубовіч

«Я даўно даваў каманду, каб паказалі «Жоўты пясочак»

Стала вядома, што фільм Аляксея Туровіча «Жоўты пясочак» паводле Быкава могуць паказаць па дзяржаўным тэлебачаньні. Кажуць, пасьля вашага сыходу ў Белтэлерадыёкампаніі пачалася адліга.

— Павінен выйсьці, я даў каманду, каб паказалі фільм, месяцы тры таму.

Ён вельмі марудны, з цудоўнай апэратарскай працай. Акторы намагаліся зрабіць. Але з гледзішча рэжысуры ён вельмі сумны, зацягнуты. Я сказаў: пакажыце гэта кіно, каб проста супакоіліся. Бо людзі глядзець яго ня будуць. Гэта не мастацкае кіно, а проста акцыя. Быкава вельмі цяжка экранізаваць. І гэты фільм не атрымаўся.

Каго абвінавачваюць у гэтым фільме? Ідэйная скіраванасьць, хто вінаваты? Бальшавікі — ды халера зь імі, хто ж іх паважае. Ленін — супярэчлівая фігура, Сталін — зусім супярэчлівая фігура. І што пра іх казаць? Нам трэба сёньня жыць і будаваць сваю краіну. І працаваць, каб яна была незалежнай.

Генадзь Давыдзька дэманструе саколку з «Пагоняй» у праграме «Клюб рэдактараў», 28 лютага 2016 году
Генадзь Давыдзька дэманструе саколку з «Пагоняй» у праграме «Клюб рэдактараў», 28 лютага 2016 году

— Вы раней дэманстравалі майку з «Пагоняй». Вы яе носіце?

— Я паважаю нацыянальную сымболіку. Яна цудоўная і прыгожая. Трэба ёй надаць статус нацыянальнай каштоўнасьці гістарычнай. І кінуць гэтую тэму. Таму майкі з «Пагоняй» у мяне ёсьць.

Клюб былых рэдактараў. Чым запомняцца звольненыя босы дзяржаўных мэдыя

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG