Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зімоўскі пра адстаўкі кіраўнікоў СМІ, магчымасьці «перабіць Расею» і пра «царыцу мэдыя»


Аляксандар Зімоўскі

Пракамэнтаваць гучныя адстаўкі кіраўнікоў вядучых дзяржаўных СМІ мы папрасілі былога кіраўніка Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага. Цяпер ён працуе мэдыякансультантам у Санкт-Пецярбургу.

— Сёньня Лукашэнка не жадае вяртацца да адной і той жа праблемы некалькі разоў. Калі існуюць праблемы ў сфэры мэдыя, то ён палічыў за лепшае іх вырашыць разам, а не замяніць аднаго цяпер, другога — праз поўгады, трэцяга — праз год. Гэта прасьцей і для апарату.

— Вы сказалі — калі існуюць праблемы ў мэдыя. А яны існуюць, прычым ва ўсіх гэтых?

— Ну ўявіце. Прыходзіць кіраўнік адміністрацыі да прэзыдэнта і кажа — у нас праблема ў друкаваных СМІ, іх ніхто не чытае. Замянілі кіраўніка. Праз пэўны час яна ізноў прыходзіць і скардзіцца на праблемы ў мэдыя. Потым прыходзіць трэці раз. Тады прэзыдэнт проста гаворыць: Дык а нашто тады мне ты, як ідэалягічны кіраўнік, які павінен за гэтымі мэдыя наглядаць?

— Ну, а з пункту гледжаньня ўлады якія праблемы? Ані мецяжоў, ані забурэньняў, тысячаў людзей на вуліцах няма.

Калі б не дзяржава, яны б памерлі

— Гэтыя праблемы найперш зьвязаныя з эканомікай. СМІ, у якіх адбыліся кадравыя зьмены, праблемныя з пункту гледжаньня іх эканомікі, яны ўсе датацыйныя. Некаторыя зь іх нават банкруты. Калі б не дзяржава, яны б памерлі. Выдаткі высокія, самі СМІ аддачы не даюць. Патрэбныя захады, якія б зьменшылі нагрузку на дзяржаву.

— А раней гэтага не было? Дзяржаўныя СМІ наагул — гэта цяжар, а не даходны актыў. Ім дзяржава дае грошы, каб яны праводзілі нейкую лінію, а не для таго, каб грошы зарабляць.

— Ёсьць патрабаваньне з боку Лукашэнкі і адміністрацыі, каб яны выходзілі на самаакупальнасьць. Але зараз беларускі мэдыйны рынак не такі, каб гэтыя мары зьдзейсьніліся. Няма на гэта грошай. СТБ — гэта закрытае акцыянэрнае таварыства. СБ — гаспадарчае падразьдзяленьне адміністрацыі. Дзяржаўным зьяўляецца толькі БТ. Калі я там працаваў, 30% выдаткаў мы пакрывалі за кошт рэклямы.

— У адным з камэнтароў вы сказалі, што гэтыя адстаўкі, магчыма, падрыхтоўка да наступных прэзыдэнцкіх выбараў. А якая такая патрэба неяк да іх рыхтавацца ў існых беларускіх умовах?

Лукашэнка адчувае, што адбываюцца пэўныя зьмены ў мэдыя і ў аўдыторыі

— Жыцьцё не стаіць на месцы, адбываюцца зьмены ў аўдыторыі беларускіх мэдыя. Колькі там засталося гледачоў, слухачоў і чытачоў — мы ўжо ня ведаем. За 25 гадоў вырасла новае пакаленьне, якое карыстаецца інтэрнэтам.

З усіх прызначэньняў, на мой погляд, самае ўдалае — гэта прызначэньне Дзьмітрыя Жука. Я яго добра ведаю, ён прайшоў жорсткую школу Інтэрфаксу, працаваў у прэзыдэнцкім пуле, добра арыентуецца ў інтэрнэце і ведае выдавецкі бізнэс. Гэта кіраўнік трошкі новай фармацыі, у адрозьненьне ад паважанага Паўла Ізотавіча. Ён будзе больш увагі надаваць інтэрнэт-кантэнту, які больш адпавядае новым СМІ. Мяркую, што ён зьменіць паліграфічны вобраз газэты, бо яна троху архаічная. Але тут пытаньне, наколькі сам кіраўнік дзяржавы гатовы да гэтых зьменаў. Магчыма, яму гэтыя новыя фарматы і не падабаюцца. Ён жа галоўны чытач. Лукашэнка адчувае, што адбываюцца пэўныя зьмены ў мэдыя і ў аўдыторыі, у яго добры палітычны інстынкт на гэта. Інстынкт яму падказвае, што патрэбныя новыя падыходы.

— Зараз шмат ад каго можна пачуць — ой, ніхто не чытае газэты, ніхто не глядзіць тэлевізар, усе сышлі ў інтэрнэт, у сацсеткі. А гэта не занадта моцнае перабольшаньне? Статыстыка што па Беларусі, што па Расеі, што па іншых краінах гэта не пацьвярджае. Так, новыя мэдыя растуць, пашыраюць аўдыторыю, але, як той казаў, можа на наш век і хопіць. Усё ж галоўнай крыніцай інфармацыі застаецца тэлебачаньне, яно застаецца галоўнай крыніцай для масаў, а не для менскіх хіпстэраў, якія чытаюць КУКУ. А маса глядзіць «тэлек». Вось вы казалі, што трэба ісьці ў інтэрнэт. Я задам пытаньне, як «адвакат д’ябла» — а навошта?

Магчыма, кіраўнік дзяржавы паглядзеў тэлебачаньне

— Юры, вы маеце рацыю. Ёсьць так званая мода. Інтэрнэт зараз нібыта пад-над усё, як сказалі б ва Ўкраіне. Аўдыторыя атамізуецца, робіцца больш дробнай. Але застаецца ядзерны электарат Лукашэнкі, які суткамі ў інтэрнэце не сядзіць. Але і для іх трэба нешта новае. Я вам, як адвакату дʼябла, распавяду, што мне казаў адзін добра абазнаны чалавек у Менску. Калі я яго спытаў пра адстаўкі, чаму яны адбыліся, ён мне адказаў: магчыма, кіраўнік дзяржавы паглядзеў тэлебачаньне. Нейкі час таму Аляксандар Рыгоравіч перастаў глядзець беларускае тэлебачаньне. Гэта жартоўная вэрсія, але яна мае права на існаваньне.

— Яшчэ адна мэта новых кіраўнікоў — гэта неяк канкураваць з расейскімі мэдыя. А ці могуць беларускія дзяржаўныя СМІ нечым перабіць уплыў расейскіх? Гэта выглядае даволі складаным, прычым па розных прычынах, у тым ліку і палітычных. Ці магчыма гэта бяз пэўных абмежаваньняў на расейскія СМІ? Неабавязкова размова ідзе пра адключэньне, як ва Ўкраіне. Але зараз расейскія тэлеканалы ў Беларусі — на кнопцы. У прынцыпе іх можна перавесьці на кабэль. А бяз гэтага ці можна ў Беларусі чыста творчымі, крэатыўнымі мэтадамі «перабіць Расею»?

Навошта на АНТ паказваць праграму «Время»?

— Я лічу, што ў беларускіх тэлеканалаў такія магчымасьці ёсьць. Па франшызных дамовах з расейцамі нашыя тэлеканалы могуць вярстаць сетку так, як яны хочуць. Напрыклад, навошта на АНТ паказваць праграму «Время»? Такое пытаньне мае права на існаваньне. Але калі «Время» з сеткі АНТ выкінуць, будзе дзірка, якую яны ня здолеюць запоўніць сваім інфармацыйным кантэкстам. І ня будзе куды чапляць камэрцыйную рэкляму, якая была прывязаная да «Время» напачатку і напрыканцы. Ахвяраваць гэтым рэкляманосьбітам — гэта губляць грошы.

Ну, і ня варта скідаць з рахункаў магчымыя палітычныя наступствы такога кроку. Ніхто ня ведае, які будзе крык зьверху. І невядома, якой будзе рэакцыя ў Маскве. Расейскія «сяброўскія» рэсурсы напішуць, што Беларусь адключыла праграму «Время».

— Бандэраўскі шлях.

— Так, напішуць і пра бандэраўскі шлях, і пра майданутых. Ёсьць пэўныя палітычныя рызыкі, якія кіраўнікі каналаў ня хочуць браць на сябе.

— На ваш погляд, чаму заблякавалі «Партызан» і «Хартыю»? Яны не падабаліся, дык яны заўсёды не падабаліся, здаецца, апошнім часам яны не пісалі нічога такога, чаго не пісалі раней.

Гэтае блякаваньне нічога не дае ўладзе і ня надта абмяжоўвае наведнікаў гэтых сайтаў

— Маё асабістае меркаваньне, што гэта спроба новага міністра інфармацыі такім чынам самасьцвердзіцца, прадэманстраваць актыўную працу. Гэтае блякаваньне нічога не дае ўладзе і ня надта абмяжоўвае наведнікаў гэтых сайтаў. Блок абыходзіцца адным націсканьнем кнопкі.

— Вядома, што адстаўленыя кіраўнікі СМІ, асабліва Якубовіч, маглі сёе-тое сабе дазваляць, у Якубовіча быў вялікі аўтарытэт. А зараз прыходзяць новыя людзі. Лінію яны самі будуць весьці ці будуць зьвяртацца ў адміністрацыю? І калі ў адміністрацыю, то да каго? Ці будзе нейкі «цар СМІ»? Не па дробязях, зразумела, але па лініі.

— Летась быў указ № 40 ад 13 лютага 2017 году, паводле якога ўсе СМІ павінны выходзіць на прэсавага сакратара прэзыдэнта.

Структурна, апаратна нічога не зьмянілася. Новыя людзі будуць езьдзіць да прэсавага сакратара на нарады і атрымліваць ад прэсавага сакратара прэзыдэнта карысныя ўказаньні.

— Асабліва гэта будзе пікантна для старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі.

— Я заўважыў, што некаторыя СМІ ўжо рабілі нейкія лёгкія намёкі на нэпатызм у гэтай сытуацыі. Але ў свой час Іван Эйсмант ажаніўся ня з прэсавай сакратаркай прэзыдэнта.

— Я нікога ні ў чым не абвінавачваю і не асуджаю, я проста кажу, што гэта будзе забаўна.

Якія зьмены палітычнай лініі СМІ адбудуцца пры новых кіраўніках, бліжэй да адлігі ці бліжэй да замаразкаў, жалезам па шкле ці па чым больш аксамітным?

— Калі будзе чарговы Дзень волі, то трэба будзе глядзець, што будзе рабіць апазыцыя і як на гэта будуць рэагаваць новыя кіраўнікі СМІ, якія там будуць тэксты, рэпартажы, відэа і г. д. Тады мы зможам зразумець, адліга гэта ці закручваньне шрубаў. Трэба важная падзея, па рэакцыі на якую можна будзе рабіць высновы наконт лініі. А рэакцыя будзе такая, якую запатрабуе прэзыдэнт.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG