Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегаты атрымалі шампанскае і кнігу «Про зайчат». Рэпартаж са зьезду «Белай Русі»


Кнігі для дэлегатаў зьезду «Белай Русі»

19 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы прайшоў зьезд грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь». Новым кіраўніком стаў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. Аляксандар Радзькоў, які ўзначальваў арганізацыю ад самага заснаваньня ў 2007 годзе, застаецца ў яе радзе. Што карэспандэнт Свабоды пачуў і пабачыў у калідорах зьезду — у нашым рэпартажы.

На зьезд прыбылі 422 дэлегаты зь Менску і ўсіх абласьцей Беларусі. Перад пачаткам дэлегацыі рабілі калектыўныя фота, а Аляксандар Радзькоў сфатаграфаваўся з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Відаць было, што Радзькоў хваляваўся, бо адмаўляўся даваць інтэрвію журналістам. Затое з ахвотай раздаваў інтэрвію старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька.

Аднак перад пачаткам паседжаньня ніхто з апытаных карэспандэнтам Свабоды дэлегатаў зьезду нават і ня згадваў імя Давыдзькі ў якасьці магчымага кандыдата на пасаду старшыні арганізацыі.

«Цяпер рабіце што хочаце»

Старшыню арганізацыі абіралі на рэспубліканскай радзе «Белай Русі», якую павялічылі з 60 да 100 сяброў. Патлумачылі гэта тым, што шэрагі арганізацыі вырасьлі.

Рада мела паседжаньне пасьля заканчэньня зьезду з удзелам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальлі Качанавай.

Пасьля таго як Давыдзьку абралі аднагалосна, Радзькоў сказаў яму: «Цяпер рабіце што хочаце».

У сваім першым выступе ў якасьці старшыні Давыдзька сказаў: «Ня трэба мяне параўноўваць з Радзьковым, у мяне зусім іншая манера».

Генадзь Давыдзька
Генадзь Давыдзька

«Так, усе сродкі Белтэлерадыёкампаніі ідуць на папулярызацыю, ускосна, арганізацыі „Белая Русь“. Але ў першую чаргу гэта папулярызацыя тых ідэй, якія транспартуе ў грамадзтва Аляксандар Лукашэнка. „Белая Русь“ на ўсіх радыё- і тэлеканалах цяпер прапісалася», — сказаў Давыдзька.

Лукашэнка не прыехаў, людзі «не расчараваныя»​

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, якога чакалі, на зьезд не прыехаў. Ад яго імя вітаньне перадала Натальля Качанава.

Адразу стала зразумела, што пытаньне зь пераўтварэньнем арганізацыі ў палітычную партыю адпала.

Стэнд з цытатай Лукашэнкі «Ў краіне ёсьць дзьве магутныя арганізацыі — прафсаюзы, колькасьцю больш за 4 мільёны чалавек, і грамадзкае аб’яднаньне „Белая Русь“... Яны гралі і будуць граць больш істотную ролю ў жыцьці нашага грамадзтва» чамусьці прыбралі і схавалі за астатнімі стэндамі.

Стэнд з цытатай Лукашэнкі прыбралі за іншыя стэнды
Стэнд з цытатай Лукашэнкі прыбралі за іншыя стэнды

Уся візуальная інфармацыя ў залі і выступы былі выключна па-расейску. У афармленьні дамінавалі чырвона-зялёныя колеры, толькі на ўваходзе былі сьцяжкі з арнамэнтам.

У адной з дэлегатак зьезду, якая назвалася Натальляй са сфэры адукацыі з Горадзенскай вобласьці, пытаемся: ці яна расчараваная, што Лукашэнка не прыехаў на зьезд?

«Не. Гэта справа ўсяго нашага жыцьця. Абсалютна не расчараваныя. Мы пасланьне прэзыдэнта атрымалі», — адказала жанчына.

Выступы па паперцы, рашэньні —​аднагалосныя

Па заканчэньні зьезду карэспандэнт Свабоды спытаў у Натальлі Качанавай, калі ж «Белая Русь» стане партыяй.

«Ня ведаю. Тады, калі гэтая патрэба ўзьнікне ў народу. Калі гэтага захочуць сябры „Белай Русі“», — адказала яна.

Новаабраны ж кіраўнік Генадзь Давыдзька запэўніў нас, што час для гэтага яшчэ «не насьпеў".

Натальля Качанава сярод дэлегатаў зьезду
Натальля Качанава сярод дэлегатаў зьезду

​Зьезд «Белай Русі» цягнуўся крыху больш за тры гадзіны. Усе выступалі па паперцы.

Адзін з выступоўцаў сказаў, што «партыя» асацыюецца з апазыцыяй, таму пераўтварэньне арганізацыі ў партыю выкліча адток сяброў.

Выступы былі ў нечым падобныя адзін да аднаго, таму заля стамілася і загудзела размовамі напаўголасу. Усе рашэньні прымаліся аднагалосна.

Абед у кавярні ды падарункі

Абед для дэлегатаў
Абед для дэлегатаў

​Пасьля зьезду дэлегаты накіраваліся на абед у кавярню «Явар». На некаторых століках стаялі таблічкі «Для членов Республиканского совета».

Абед для дэлегатаў зьезду
Абед для дэлегатаў зьезду

На выхадзе з кавярні кожны дэлегат атрымліваў пакет з падарункамі: бутэлькай шампанскага, цукеркамі, кнігамі, сярод якіх «Про зайчат», «Как профессию себе дети выбирали» і «Шмель Марат».

Перад пачаткам зьезду сябры дэлегацый афармлялі камандзіровачныя лісты на адзін дзень. Утварылася чарга і да стала з кавай, печывам ды цукеркамі.

Паказвалі фільм пра дзейнасьць «Белай Русі».

Тыя, хто заставаўся ў фае, слухалі эстрадна-сымфанічны ансамбль «Камэранс» з музыкай 60–80-х гадоў. Гучалі кампазыцыі «Бітлз», Джэймса Браўна і Гары Мура.

«Даярак, сьвінарак, напэўна, няма»

Былы рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту харчаваньня прафэсар Вячаслаў Шаршуноў сказаў карэспандэнту Свабоды, што ад вобласьці прыехалі 49 дэлегатаў. Ці ёсьць сярод іх сьвінаркі ці даяркі, рабочыя?

«Не, ну, даярак, сьвінарак, напэўна, няма. Гэта ўсё ж такі ўзровень. Гэта ўзровень кіраўнікоў хаця б пярвічных арганізацый. Прадстаўнікі рабочага клясу, канечне ж, ёсьць, але іх зусім мала, бо яны ж, як правіла, не ачольваюць арганізацыі. У асноўным кіраўнічае зьвяно».

Як дэлегаты змаглі пакінуць сваю працу і прыехаць на зьезд? Вячаслаў Шаршуноў сказаў, што "ўзялі звычайныя камандзіроўкі, адзін дзень". Аўтобус аплачаны за кошт сродкаў абласной арганізацыі.

Падарункі дэлегатам
Падарункі дэлегатам

Старшы дыспэтчар інструмэнтальнага цэху баранавіцкага ААТ «Торгмаш» Ілона Якімчык сказала Свабодзе, што чакае ад зьезду «стабільнасьці і паляпшэньня ў эканамічнай і палітычнай абстаноўцы ў краіне».

А вось намесьніца старшыні Савету рэспублікі Марыяна Шчоткіна ад інтэрвію адмовілася. Некаторыя дэлегаты таксама ўхіляліся ад размовы, некаторыя не жадалі называцца.

Дэлегатка з Гомельшчыны сказала, што ўступіла ў «Белую Русь», бо «жыхарка Беларусі, бо жыву ў Белай Русі».

Зьезд праўладнага аб’яднаньня «Белая Русь» у фотарэпартажы Свабоды

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG