Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы кіраўнік «Белай Русі» Давыдзька пра беларускую мову, нацыянальны ўнівэрсытэт і працу па начах


Генадзь Давыдзька падчас зьезду

Падчас сёньняшняга зьезду праўладнай арганізацыі «Белая Русь» яе новаабраны кіраўнік Генадзь Давыдзька адказаў на пытаньні карэспандэнта Свабоды.

«Адсотак беларускай мовы на тэлевізіі расьце»​

— Чаму ўсё афармленьне зьезду на расейскай мове? Гэта працоўная мова «Белай Русі»?

— Гэта адна зь дзяржаўных моваў, і я ня бачу тут істотнага пытаньня. 80 адсоткаў ці нават болей у Беларусі гавораць на расейскай мове, вы ж гэта бачыце. Мусіць, трэба нешта і па-беларуску напісаць.

Я ведаю, што шмат хто зь «Белай Русі» добра гаворыць па-беларуску. А тое, што тут выявы толькі на расейскай мове... Бадай, афармляльнік вырашыў, што гэта будзе больш прыемна для дэлегатаў.

— Калі беларуская мова будзе больш шырока выкарыстоўвацца ў праграмах тэлебачаньня?

— Мы намагаемся гэта рабіць. Стварылі тэлеканал «Беларусь 3», і адсотак беларускай мовы ў ягоных праграмах паступова расьце.

— А як вы ставіцеся да ідэі стварэньня нацыянальнага ўнівэрсытэту?

— Ідэя цікавая, трэба працаваць над гэтым. І калі будуць ахвочыя, якія ня проста гавораць на беларускай мове, а веды якіх адпавядаюць статусу ВНУ, тады чаму б і не.

«​У мяне ненармаваны працоўны дзень​»​

— Дэлегаты афармлялі камандзіроўкі, каб прыехаць на зьезд. А як вам сёньня ўдалося сысьці з працы?

— У мяне ненармаваны працоўны дзень. Ён у мяне часам канчаецца нават апоўначы. Пасьля праграмы «Панарама» я пачынаю адпачываць. А пачынаю працоўны дзень, бывае, і ноччу. Бывае, у выходныя і ў сьвяточныя дні працую. Так што лічыць мае працоўныя дні ня трэба.

— То бок вас адпусьцілі без праблем?

— Хто мяне адпусьціў? Я сам прыехаў сюды. І першую палову дня я буду тут. А потым паеду на тэлебачаньне, адкуль пайду ажно ўначы.

Зьезд праўладнага аб’яднаньня «Белая Русь» у фотарэпартажы Свабоды

Пра палітычную партыю: «​Не насьпеў час»​

— Ці варта станавіцца палітычнай партыяй «Белай Русі»?

— Ня варта. Не насьпеў яшчэ час. І потым, палітычныя партыі змагаюцца за ўладу, а «Белая Русь» павінна заставацца грамадзкай арганізацыяй, якая падтрымлівае стабільнасьць, незалежнасьць, дзяржаўнасьць. Гэта галоўнае.

— А калі Аляксандар Лукашэнка скажа, што трэба стаць партыяй?

— Гэта будзе вырашаць зьезд.

Падчас зьезду «Белай Русі»
Падчас зьезду «Белай Русі»

Хто такі Давыдзька — актор Купалаўскага і кіраўнік БТ

Генадзю Давыдзьку 62 гады, ён родам зь Сянна Віцебскай вобласьці. Давыдзька вучыўся ў Далёкаўсходнім пэдагагічным інстытуце мастацтваў у расейскім Уладзівастоку, затым у Беларускай акадэміі мастацтваў.

Пачаў працаваць артыстам Арэнбурскага драмтэатру ў савецкай Расеі, адслужыў у савецкім войску, затым стаў артыстам Магілёўскага абласнога тэатру драмы і камэдыі, пасьля — у Купалаўскім тэатры.

Урэшце ў 1997 годзе стаў дырэктарам Купалаўскага тэатру, быў ім да 2004 году, пакуль не абраўся дэпутатам у Палату прадстаўнікоў, у якой прабыў два тэрміны (у якасьці дэпутата заклікаў, сярод іншага, да легалізацыі прастытуцыі).

З канца 2010 году працуе старшынём дзяржаўнай Белтэлерадыёкампаніі — у яе ўваходзяць «нумарныя» тэлеканалы «Беларусь» («Беларусь-1», «Беларусь-2» і так да 5 і міжнародны 24), а таксама «НТВ-Беларусь», радыёстанцыі «Першы Нацыянальны канал», «Культура», «Сталіца», «Радыюс-FM» і міжнароднае радыё «Беларусь», а таксама Агенцтва тэлевізійных навінаў. Прызначыў Давыдзьку асабіста Аляксандар Лукашэнка.

Адзін зь першых праектаў Давыдзькі на БТ — прапагандысцкі фільм «Плошча. Жалезам па шкле», дзе ён выступіў дыктарам. Пры ім БТ дагэтуль здымае прапагандысцкія фільмы, у тым ліку нядаўнія «Званок сябру» і «Белы легіён чорных душаў».

У красавіку ў розных месцах Менску, у тым ліку на фоне будынку Белтэлерадыёкампаніі, зьявіліся выявы кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі ў выглядзе тэлепузіка. Аўтары гэтых вулічных партрэтаў называлі іх адказам на прапагандысцкую кампанію па беларускім тэлебачаньні, накіраваную супраць іншадумцаў, якім не даецца слова.

Таксама Давыдзька — старшыня праўладнай асацыяцыі «Беларуская канфэдэрацыя творчых саюзаў».

Генадзь Давыдзька: «Человек не венец, а пи...ец природы»

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG