Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік БТ: «Мне не спадабалася параўнаньне з разынкамі. Я думаю, з булкі тараканаў трэба выкалупваць»


Генадзь Давыдзька, архіўнае фота

У тэлеперадачы «Клюб рэдактароў» на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» кіраўнік Белдзяржтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька і галоўны рэдактар «Советской Белоруссии» Павал Якубовіч запэўнівалі, што на пратэсты «недармаедаў» выходзяць тыя, каму непатрэбны дыялёг, а пытаньне дэкрэту №3 «ужо зьнятае».

Давыдзька пераасэнсаваў ранейшае выказваньне Аляксандра Лукашэнкі, які загадаў «выкалупаць правакатараў, як разынкі з булкі»:

«Прэзыдэнт сказаў, што трэба павыкалупваць з булкі разынкі, то бок тых, хто ня хоча дыялёгу, — выказаў сваё разуменьне словаў Лукашэнкі Давыдзька. — З народам улада заўсёды і павінна, і гатовая размаўляць. Мне не спадабалася параўнаньне з разынкамі. Я думаю, з булкі тараканаў трэба выкалупваць. Таму што гэты мілы вобраз разынак ну ніяк не падыходзіць да вось гэтых мярзотнікаў, часта вялікаўзроставых, якія і цяпер, 25-га, зьбіраюцца ісьці і нагнятаюць абстаноўку».

Паводле Давыдзькі, на акцыі «недармаедаў» у Горадні 15 сакавіка, калі да мітынгоўцаў выйшла намесьніца старшыні гарвыканкаму Зоя Кулеша, яе не хацелі слухаць ні мітынгоўцы, ні карэспандэнтка Свабоды:

«У Горадні ж выйшла жанчына, намесьніца старшыні выканаўчага камітэту, сказала: „Хадземце ў актавую залю, давайце вырашым праблемы“. Тут жа яе акружыла група людзей, актывістаў, якія „Ганьба! Ганьба!“. Карэспандэнт, па-мойму, „Свабоды“: „Чаму вы не ідзяце на дыялёг?“ Яна прапануе, а ў яе: „чаму ня хочаце, чаму не ідзяце?“ Тыя людзі, якія яшчэ там — ня ведаю, колькі было — некалькі соцень, нават не чулі, што ім прапаноўваюць зайсьці там і пагутарыць».

Насамрэч, не

У сапраўднасьці размова чыноўніцы з мітынгоўцамі ў Горадні выглядала інакш. На відэа — прыблізна ад 90-й хвіліны:

Кулеша прапануе прайсьці мітынгоўцам у актавую залю, што зьмяшчае 250 чалавек — на акцыі ж сабралася каля 1000 чалавек. Там, кажа яна, людзей чакае старшыня гарвыканкаму. Людзі перабіваюць Кулешу з пытаньнямі, чаму ўлады не дазволілі акцыі «недармаедаў» і садзілі актывістаў пад арышт. Тая ж адказвае, што «тыя, хто заяўляліся, не забясьпечылі вашую гарантыю бясьпекі». У адказ на абурэньне мітынгоўцаў яна неаднаразова падкрэсьлівае, што Горадня — прыгожы горад і «культурная сталіца Беларусі».

«Тысяча чалавек просіць, каб мэр выйшаў, чаму вы ня чуеце?» — так гучала пытаньне карэспандэнткі Свабоды Аляксандры Дынько да Кулешы, якая заяўляла, што «хоча пачуць і чуе» мітынгоўцаў. У выніку Кулеша сышла зь мітынгу праз паўгадзіны, не задаволіўшы мітынгоўцаў сваімі адказамі. Мітынгоўцы не пайшлі ў залю, баючыся цісканіны «як была на Нямізе», а старшыня гарвыканкаму да мітынгоўцаў ня выйшаў.

Дзяржаўныя СМІ маюць своеасаблівае бачаньне акцыяў пратэсту. Так, пра акцыі 15 сакавіка, калі былі затрыманыя дзясяткі людзей (усяго па Беларусі з пачатку сакавіка — больш за 200 затрыманых і асуджаных за «Маршы недармаедаў»), БЕЛТА паведамляла, што акцыі былі «без здарэньняў», а БТ распавядала пра «нацыстаў і кроў міліцыі». Замежныя СМІ тым часам мелі іншае бачаньне.

***

Таксама ў праграме «Клуб рэдактароў» Давыдзька задаўся пытаньнем, ці была выказваньнем радасьці, ці схаванай агітацыяй фраза з блогу палітоляга Валера Карбалевіча: «Беларускае грамадзтва пазбаўляецца ад „сындрому Майдану“, то бок страху перад забурэньнямі ў выніку вулічных акцый».

А Якубовіч абурыўся загалоўкам «Нашай Нівы»: «Ідуць суды над студэнтамі, затрыманымі пасьля „Маршу недармаедаў“»: маўляў, «глядзіце, як гучыць: судзяць студэнтаў! А не проста людзей, якія незразумела што рабілі ў масках».

Ці былі затрыманыя ў Менску людзі, якія ішлі на менскай акцыі 15 сакавіка ў масках, ці простыя мінакі, няма пэўнасьці: у час судоў сьведкі-міліцыянты блыталіся ў паказаньнях, не маглі апісаць тыя ж маскі затрыманых, а некаторыя затрыманыя сьцьвярджалі, што наогул ня бралі ўдзел у акцыях пратэсту. «Эўрарадыё» прасачыла па кадрах «Свабоды», фота і відэа з сацсетак шлях на мітынгу асуджанага на суткі Пятра Маркелава: насуперак паказаньням сьведкаў-міліцыянтаў, не падобна, каб ён хаваў твар, а таксама не падобна, каб у час «хапуну» ў тралейбусе «людзі ў цывільным» прадстаўляліся яму міліцыянтамі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG