Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БТ: «нацысты і кроў міліцыі». Белта: «без здарэньняў». Дзяржаўныя СМІ пра «марш недармаедаў»


Дзяржаўныя СМІ прысьвяцілі ня шмат увагі акцыі пратэсту, якая прайшла ў Менску. Аднак зьвяртае на сябе ўвагу розная танальнасьць паведамленьняў. У той час, як тэлеканал "Беларусь 1" падкрэсьліваў агрэсыўны характар акцыі, афіцыйнае агенцтва Белта напісала, што акцыя прайшла «без здарэньняў«.

У выпуску навінаў на тэлеканале «Беларусь 1» акцыю ў Менску параўналі з маршам нацыстаў. Вядучая інфармацыйнай перадачы «Панарама» пракамэнтавала «Марш недармаедаў» наступным чынам:

«Патрэбен хаос, патрэбныя дывідэнды, і не важна — якім коштам. Жыхары горада былі шакаваныя паводзінамі анархісцкіх груп. Падобныя дзеяньні нагадалі шэсьці нацыстаў. Ці трэба гэта нам? Чаго дамагаюцца арганізатары? Разрухі, як у суседзяў? Страху хадзіць па вуліцах і перажываць за дзяцей? Ці гэта барацьба за гранты?» — сказала вядучая.

Напрыканцы сюжэту былі паказаныя кадры чалавека з разьбітай галавой, якога вядучая назвала «супрацоўнікам аховы парадку», які, нібыта, пацярпеў падчас мітынгу. Аднак вядучая не ўдакладніла, ад каго ён пацярпеў, і пры якіх абставінах.

Інакш менскую акцыю апісала афіцыйнае агенцтва Белта:

«Санкцыянаваная акцыя тых, выступае за адмену дэкрэта № 3, прайшла ў Менску без здарэньняў. Удзельнікі акцыі сабраліся каля Акадэміі навук у 17.30, дзе агучылі рэзалюцыю з патрабаваньнямі адмяніць дэкрэт № 3. Затым удзельнікі акцыі прайшлі па заплянаваным маршруце. Акцыя завяршылася ў 19.25.»

Дарэчы, пра адсутнасьць інцыдэнтаў падчас акцыі паведамілі зарэгістраваныя ў Беларусі расейскія агенцтвы «Інтэрфакс» і «Спутник». Апошні ў той жа час апісвае на сваім сайце суды над 24 затрыманымі ўдзельнікамі акцыі.

Глядзіце таксама: «Хапалі за галаву і цягнулі па асфальце», — відавочца затрыманьня анархістаў у Менску​

Акцыю ў Менску наведаў журналіст «СБ-Беларусь сегодня». Ён размаўляў з прысутнымі і падкрэсьліў, што на акцыю прыйшлі не пацярпелыя ад дэкрэту, а салідарныя з пацярпелымі. Аўтар напісаў, што акцыя была нешматлікай, а выхад людзей назваў дарэмным, бо «ўлада ўжо іх пачула, узяла паўзу ў выкарыстаньні дэкрэту​».

«Пару назіраньняў. Раптам на ўвесь праспэкт раздаліся гучныя гукі бубнаў, якія сталі заглушаць галасы выступоўцаў. Дурнавата, падобна, ізноў «анархісты». Чаго яны хочуць, на што «нарываюцца» .. Затое відэакарцінка выйшла эфэктнай: бубны — гэта амаль па-кіеўску. Тэхналёгія, аднак ... Аратары, усе як адзін — пра ўсё і ні пра што. Запісныя, як той казаў, прамоўцы. Выступаюць, аднак, ад «імя народа» ... Ці не залішне гэта крута?»

Акцыі ў Горадні і Магілёве рэгіянальная дзяржаўная прэса пакуль ніяк не пракамэнтавала.

Будзе дапоўнена.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG