Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэт, здольны зрабіць памылкі прыгажосьцю


Віктар Жыбуль

Міхаіл Рубін. Пераклад з іншага: свае вершы. 2017.

Ужо сама назва кнігі «Пераклад зь іншага» наводзіць на думку пра пэўныя ўзаемадачыненьні аўтара з мовай. Сапраўды, Міхаіла Рубіна многія ведаюць як віцебскага музыку, кампазытара, барда і расейскамоўнага паэта, аўтара зборнікаў «Книжка с картинками» (2001), «Лёгкие намёков» (2004), «Голоса с постановкой молчанием» (2007), «Каждому» (2014). І кніга «Пераклад з іншага» ў яго творчай біяграфіі сапраўды выглядае нечаканай. Ці ўсё ж чаканай?

Зварот да беларускай мовы не такі ўжо і выпадковы

Як пазначана ў біяграфічнай нататцы, па-беларуску М. Рубін піша з красавіка 2015 г. А ў 2016-м стаў адным зь пераможцаў знакамітага фэстывалю «Бардаўская восень». І чым далей, тым болей у яго рэпэртуары пачало зьяўляцца беларускамоўных песьняў — на словы Анатоля Сыса, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Уладзімера Жылкі і іншых вядомых паэтаў. Так што ўласны паэтычны зварот віцебскага барда да беларускай мовы не такі ўжо і выпадковы.

У вершах Міхаіла Рубіна, як і ўва ўсялякай іншай паэзіі, ёсьць лірычны герой. Ён спрабуе зразумець гэты сьвет і ўсё, што ў ім адбываецца, ён разважае, рэфлексуе, спрачаецца, сумняецца, натхняецца, кахае, саромеецца, шукае, губляе, знаходзіць, блытаецца, хвалюецца, вагаецца, памыляецца і выпраўляецца.

Нам жа цяпер хацелася б спыніць увагу ня так на ім, як на іншым героі, які заяўляе пра сябе са старонак кнігі самым розным чынам, нават ужо зь яе назвы. Гэты герой — мова. Беларуская мова, што зьдзяйсьняе падарожжа па сьвядомасьці нэафіта, які, у сваю чаргу, кажучы словамі аўтара прадмовы Фэлікса Аксёнцава, спрабуе «знайсьці шлях дахаты». Калі паэтычная творчасьць для многіх — інструмэнт спасьціжэньня сьвету, дык чаму яна ня можа быць інструмэнтам спасьціжэньня мовы?

Штуршок да гэтага ў кожнага свой. Як гэта было ў Міхаіла Рубіна — ён і ня ўтойвае, а шчыра прызнаецца ў вершы «Мой беларускі гуру»:

напрыканцы сакавіка 2015
усё той жа Сярога Маркаў
сказаў
Мішка Рубін рухае беларушчыну
вось так і прамовіў
з алітэрацыяй на «р»
Рубін рухае беларушчыну
прыйшлося мне пісаць беларускія вершы

Я – чалавек рускамоўны

Пры гэтым «Рубін, які рухае беларушчыну», зьмясьціў у канцы кнігі «Маніфэст рускамоўнага», у якім сьцьвярджае: «Я — чалавек рускамоўны. І мае беларускія вершы — для гэткіх жа рускамоўных, як я. Для тых, хто жыве ў Беларусі, штосьці ведае са школьных часоў, але — не карыстаецца. Ня мае патрэбы. Мабыць, і мае патрэбу, але — складана…». Вось менавіта, усё тут даволі складана. Міхаіл Рубін называе сябе рускамоўным, а сам адначасова нібы аспрэчвае гэта — і вышэй працытаваным вершам, і ўсім зборнікам. Выдаў кнігу па-беларуску — значыцца, ужо як мінімум, дзьвюхмоўны.

Ёсьць беларусы сьвядомыя, а ёсьць і падсьвядомыя

Дзе ж і з чаго пачынаецца беларускамоўнасьць? З засвоенай жменькі выпадковых словаў і выразаў (як піша М. Рубін, «божухна, станік, паразумеліся» або «як маесься, ну ты ёлуп, даць рады»)? З пары фразаў, пачутых з вуснаў даўняга сябра? (І тады сябар пачынае ўспрымацца ні больш ні менш як гуру.) З прагледжанага фільма зь беларускай агучкай? З прачытанай і ўпадабанай кнігі? А можа, нават і не кнігі, а ўсяго толькі шыльды над крамай? А можа, з наведваньня курсаў «Мова нанова»? Трапна заўважыў у адным зь вершаў аўтар кнігі, што ёсьць беларусы (ці — шырэй — носьбіты беларускай мовы) сьвядомыя, а ёсьць і падсьвядомыя. «Сьвядомы я ці падсьвядомы? — задумваецца аўтар. — Гэта справа явы ці справа сну?»

Так што, мяркую, «Пераклад з іншага» — кніга ня толькі для расейскамоўных. Яна і для падсьвядомых. І нават для ўжо-сьвядомых і даўно-ўжо-сьвядомых (бачыце: колькі людзей — столькі, напэўна, і ступеняў авалоданьня моваю…), якія таксама некалі засвойвалі мову не з калыскі, а па падручніках, фільмах, шыльдах… Кніга Міхаіла Рубіна прымушае тых, хто ўжо даўно спасьцігнуў мову, узгадаць свае першыя крокі. Яны могуць быць паступовымі, нерашучымі і… выпадковымі — ступаеш, куды атрымліваецца, але дзякуючы ім, гэтым крокам, прыходзіш да нечаканых для сябе вынікаў:

дарога
бумага
таму «на дарозе»
а бумага гэта папера
таму «на паперы»
але Вася кажа
гэта нават не памылка
беспамылкова
гэта як безвынікова
а тут
вынік відавочны

Або не прыходзіш — і застаесься на раздарожжы:

мой унівэрсытэцкі выкладчык
Рычард Іванавіч
злы вусаты дзядзька
выбухнуў:
глупства!
калі я паказаў яму
«восемсот» у слоўніку
гэта было даўно
зараз у слоўніку
нават
«пяцьдзясят»
шаноўны Адам Глобус
піша «пяцьдзЕсят»
я ня ведаю каму верыць
у гэтым складаным сьвеце

Нехта, пабачыўшы такія «мовацэнтрычныя» вершы, скажа, што і паэзіі ў іх замала

Працытаваны верш мае назву «Глупства». Чалавек, для якога беларуская моўная стыхія зьяўляецца звыклай і натуральнай, сапраўды палічыць гэта глупствам, ня вартым увагі, а тым болей — разгортваньня такой дробязі ў цэлы верш. Нехта, пабачыўшы такія «мовацэнтрычныя» вершы, скажа, што і паэзіі ў іх замала. Але той, хто вывучаў мову ўжо ў дарослым веку, зловіць сябе на думцы, што і сам нядаўна жыў вось так, чапляючыся за кожную слоўнікавую і кніжную старонку як за выратавальнае кола. А ўжо потым, напрактыкаваўшыся і набыўшы сякі-такі багаж ведаў, спакушаўся паставіць перад сабою прыкладна такую мэту — нават не істотна, дасягальную ці не, — як і лірычны герой М. Рубіна:

а я буду пісаць пісаць пісаць
пакуль не скончацца слоўнікі
а потым паеду ў вандроўку
па месцах мінулых натхненьняў

На шляху нэафіта — шмат адкрыцьцяў, і нават самае маленькае зь іх выклікае шквал эмоцый, а разам зь імі верш. (Верш — гэта часта адлюстраваньне імгненьня. А імгненьні бываюць розныя, напоўненыя самымі разнастайнымі падзеямі і ўражаньнямі, і часам вельмі непрадказальныя.) Вунь адной толькі тэме блытаньня «паперы» з «бумагай» прысьвечаны ажно два вершы. У другім паэт напісаў:

націскі
канчаткі
блытаю
блытаю
ведаю
паперу з бумагай
два разы пераблытаў
трэці раз будзе самы цікавы
калі я
па-руску
напішу папера
наўмысна

Лірычны герой губляе адны літары і знаходзіць іншыя

Урэшце, ён пачынае заўважаць, як само ягонае жыцьцё ператвараецца ў тэкст. Гэта — «штодзённае адкрыцьцё сябе» ў сьвеце, дзе «знакі паўсюль». Лірычны герой губляе адны літары і знаходзіць іншыя, больш удалыя, таму — на шляху спасьціжэньня мовы (і разам зь ёю — сьвету) яму няма чаго губляць. Пагатоў, навокал «…мова ліецца ліецца ліецца / праз паведамленьні / праз адносіны / праз дзірку дзірку…». Праграмным у гэтым сэнсе выглядае верш «Мой сьвет»:

во каб мне ведаць элітарныя словы
быў бы я паэт жыцьцёва складаны
і мэтафарычна пераканаўчы
не рабіў бы столькі памылак
у тэстах для самых звычайных людзей
але я ж незвычайны
я здольны зрабіць памылкі прыгажосьцю
жыцьцёва складанай
мэтафарычна пераканаўчай
дурной такой прыгажосьцю
майго элітарнага сьвету

Аднак гэта ня значыць, што герой ставіцца да мовы/жыцьця/сьвету безадказна і робіць усё, каб адшукаць гэтаму прыгожае апраўданьне. Ён называе сябе «перакладам самага звычайнага на мову лёсу і вопыту» і здольны адчуваць сорам за памылкі, зробленыя як у слове, так і ў асабістым жыцьці, і спрабуе (на) іх «рэагаваць — рэдагаваць». Тут ён можа быць і дастаткова строгім да сябе:

мне сорамна
зрабіць памылку
мне сорамна
што я цябе не кахаю
на жаль

Усе вершы, што ўвайшлі ў кнігу, напісаныя вэрлібрам

Усе вершы, што ўвайшлі ў кнігу, напісаныя вэрлібрам. Здаецца, гэтая форма спрыяе і дапамагае паэту, які толькі-толькі перайшоў (або яшчэ пераходзіць) з мовы на мову. Вось заўважыў у вершы русізм — замяніў слова на іншае, і вершу ад гэтага нічога ня зробіцца: ні рыфма, ні рытм нічога ня страцяць, бо іх тут як бы і не прадугледжана. Але часам ён ня проста карыстаецца беларускай мовай, але і дазваляе сабе зь ёю гуляць. А гэта ўжо сьведчыць пра нейкі іншы, наступны ўзровень авалоданьня мовай. Спачатку будзеш устаўляць у расейскі тэкст беларускія словы, а потым урэшце і сам не заўважыш, як зробісься для кагосьці гуру:

па маіх вершах
яны вывучаюць мову
якую я вывучаю
калі пішу вершы

Або:

на маім прыкладзе
мова бедная
на маім прыкладзе
мова багатая
таму што я магу выказаць ёю
больш чым думаю

«Выказваю больш, чым думаю», — ці ня ў гэтым адна з сутнасьцяў паэзіі?

Віктар Жыбуль

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG