[Абноўлена 3.01.2017. Прэс-сакратарка Вярхоўнага суда Юлія Ляскова паведаміла, што прысуд японцу быў агучаны яшчэ ў кастрычніку 2017-га].
Грамадзянін Японіі трапіў у Беларусь з Украіны, падчас дагляду ў Нацыянальным аэрапорце ў яго знайшлі прыдатныя для выкарыстаньня часткі вінтоўкі.
За незаконнае перамяшчэньне празь мяжу Беларусі частак агнястрэльнай зброі іншаземец пазбавіўся свабоды, паведамляе агенцтва «Менск-Навіны» са спасылкай на Менскую транспартную пракуратуру.
Грамадзянін Японіі 1990 году нараджэньня прыляцеў з Украіны ў Нацыянальны аэрапорт Менск. У багажы маладога чалавека падчас надгляду былі знойдзеныя больш за 10 розных частак вінтоўкі Мосіна ўзору розных гадоў. Гэтыя прадметы, згодна з заключэньнем экспэртаў, прыдатныя для выкарыстаньня.
Грамадзянін Японіі быў прызнаны вінаватым у іх незаконным перавозе, а таксама незаконным перамяшчэньні празь мяжу, і засуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
На судзе малады чалавек прызнаў віну. Ён распавёў, што на запрашэньне знаёмых удзельнічаў у фэстывалі ва Ўкраіне. Шпацыруючы па Кіеве, убачыў спэцыялізаваную краму, дзе прадаваўся ў тым ліку вайсковы антыкварыят. Гандляр запэўніў, што выстаўленыя часткі да зброі — макеты, не прыдатныя да выкарыстаньня.
Справа француза з патронам
У канцы лістапада шырокі розгалас атрымаў іншы выпадак затрыманьня іншаземца за правоз зброі празь дзяржаўную мяжу Беларусі. 24-гадовы француз Жалян Віё быў затрыманы 21 верасьня на памежным пераходзе Новая Гута (мытнік сказаў, што Віё аглядалі, бо быў барадаты) і абвінавачаны ў незаконнай перавозцы агнястрэльнай зброі (ч. 2 арт. 295 КК) і незаконным абарачэньні атрутных рэчываў (ч. 1 333-1 КК). Санкцыі паводле гэтых артыкулаў прадугледжваюць да 7 гадоў пазбаўленьня волі.
17 лістапада прадстаўніца дзяржаўнага абвінавачаньня Вольга Лашчанка папрасіла пакараць падсуднага штрафам у памеры 300 базавых велічыняў (6900 рублёў) і вызваліць на парукі. Пры гэтым прадстаўніца пракуратуры адзначыла, што віна іншаземца «цалкам даказаная». У выніку Жаляна Віё прызналі невінаватым і вызвалілі з-пад варты ў сувязі з адсутнасьцю складу злачынства.