Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабода слова і свабода чуткі


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Пабываў у новым месцы — «мэдыяруме» Горадні. Абяцаюць сустрэчы з журналістамі. Запрашаць будуць, зразумела, сталічных.

Міжволі падумалася: правінцыю робіць правінцыяй багомленьне сталіцы. Што праўда, было ўдакладненьне — тых, хто ўплывае «на мэдыясфэру» будуць запрашаць. Дзеля справядлівасьці: першым быў Аляксандар Фядута, які паходзіць з Горадні.

Заяўленая была размова пра свабоду. Пра свабоду слова перадусім, вядома. Але гутарка была шырэйшай. Пра якасную журналістыку, пра сацсеткі. Што публіцыста, палітоляга зь Менску найбольш зьдзівіла, уразіла за апошні час? Што нехта напісаў пра маленькую пэнсію Аляксандра Мядзьведзя, былога вядомага барца. Прачытанае зачапіла Аляксандра Фядуту. Напісаў тэкст для «Народнай Волі». Але аказалася, што лічба была неправераная. Патэлефанаваў Іосіф Сярэдзіч, каб пра гэта сказаць. Карацей: інтэрнэт — «памыйка», факты трэба правяраць…

Падставай для другога закіду калегам госьць назваў процьму публікацый пра «Захад-2017». Ён лічыць, што нельга нагнятаць жарсьці, на ягоную думку, не існуе падставы для сцэнару накшталт крымскага: «дыму няма і агню няма».

Аляксандар Фядута ў Горадні
Аляксандар Фядута ў Горадні

Да слова, іншы гарадзенец, Аляксандар Мілінкевіч, прытрымліваецца сваёй пазыцыі: няхай можа ня варта перабольшваць праблему, але прымяншаць — таксама, ён лічыць пагрозу даволі рэальнай, аб гэтым сказаў «Рацыі».

Што да мяне, я болей схільны лічыць так, як Мілінкевіч… Калісьці ў яго пад вокнамі стаяў Ленін. Перад гарвыканкамам. Мілінкевіч адказваў за культуру. Пэнсыянэрам не падабаўся. Аднойчы яны настрачылі на яго «цялегу», што не даглядае Леніна, і ад пастамэнту адвальваюцца пліты гранітныя. Брахня была. А яшчэ не існавалі сацсеткі.

Мы жывём у час, калі толькі пасьпявай зважаць на новыя магчымасьці ў прафэсіі. І нехта распавядае пра калегу, агульнага знаёмага, які піша ад рукі. Як раней машыністцы аддаваў рукапіс, так цяпер — наборшчыцы на кампутар. Дыназаўр у рэдакцыі папросту чалавек. Але. Ён не валодае інструмэнтамі, але валодае думкай. Ён застаўся ў ХХ стагодзьдзі, але не перастаў быць журналістам. Маладзёнам сёньня можа здавацца, што авалодаўшы інструмэнтамі, яны машынальна авалодалі «залатымі пёрамі»…

Канечне, наяўнасьць інструмэнтаў робіць журналістыку болей даступнай, больш дэмакратычным заняткам, не элітарным, як было некалі. Напрыклад, магчымасьць рабіць «стрымы» у фэйсбуку. Але нельга спакушацца ілюзіямі. Раней былі даступныя чарнілы і асадкі, папера і сшыткі, але пісьменьнікаў гэтая абставіна больш не рабіла. Хаця нават машынкі сталі прадавацца свабодна. Аднак гэта магло толькі павялічыць лічбу машыністак, не літаратараў. Пісаць — гэта таксама прафэсія.

Успамінаецца: калі масава паявіліся нескладаныя фотаапараты, называныя мыльніцамі, узьнікла ілюзія, што даступнасьць усіх ураўнала, кожны можа быць фатографам. Але большасьць паняцьця ня мела пра кампазыцыю, пра кадраваньне, ня мела пачуцьця зграбнасьці. А што складанага, здавалася б, пабудаваць кадар?

Мне аднойчы пахваліўся чалавек, які друкаваў на машыне здымкі са стужак у фоташапіку. Вы ведаеце, сказаў ён захоплена: мне адна дама звычайнай мыльніцай такія здымкі робіць, што выглядаюць вельмі прафэсійна.

Вось і ў «журналістыцы» з сацсетак ногі растуць таксама адтуль: кожны можа фатаграфаваць мыльніцай… Нешта падумаў, нешта пачуў ці сасьніў. Альбо ўвогуле зьеў ці выпіў, выняўшы зь лядоўні ці згатаваўшы на фаерцы. Плясь — вось табе паведамленьне ў стужцы ў сацсетках.

А хіба чуткі ці меркаваньні могуць быць журналістыкай, жанрамі? Ці проста паасобная думка? Ня варта блытаць божы дар зь яечняй. Але бывае ў гэтым жыцьці ўсякае. У савецкіх людзей на сьценах рэпрадукцыі Шышкіна ды іншых дарэвалюцыйных аўтараў перамаглі карціны. Было такое, было, ну й што? Яны замянілі сабой мастацтва, скасавалі мастакоў? Не.

Як некалі старанныя чыноўнікі прагнулі абвесьціць блогі сродкамі масавай інфармацыі, так сёньня сацыяльныя сеткі ледзь не прэтэндуюць, каб імі быць. Ня сродкамі камунікацыі, а, бач, заменай СМІ, ні многа ні мала. Чыноўнікі, між іншым, ня парыліся, каб удакладніць, што хутчэй за ўсё меліся на ўвазе інфармацыйныя сайты, якія прадстаўляюць сябе як блогі, бо самі навіны ня робяць, зьяўляюцца дайджэстамі па сваёй сутнасьці.

Сёньня кожны можа выпусьціць кнігу, у інтэрнэце прапановаў колькі хочаш. Але гэта не заменіць прафэсійнай літаратуры. Тое, што «кожны» можа напісаць нейкую кнігу, не адменіць пісьменьнікаў. І не скасуе кнігі з вокладкай тэкст на флэшцы. Прыемнасьць мы атрымліваем праз дотык да кнігі. Узяць у рукі, адчуць рэч. E-book ня пахне, нічога не азначае навобмацак.

Так што, кнігам — кнагавае, мэдыям — мэдыявае, сацсеткам — сацсеткавае. Але ўзаемаўплыў, ён застанецца, ён будзе. У гэтым і плюс сытуацыі: ні забранзавець, ні заплесьнявець ня дадзена. Але свабода чуткі ня можа перамагчы свабоду слова.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG