Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У памежных раёнах Беларусі этнічныя ўкраінцы змогуць вывучаць сваю мову, а беларусы ва Ўкраіне — сваю. Пра гэта кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў дамовіліся падчас нядаўняй сустрэчы ў Кіеве.

«Я ўзьняў пытаньне пра аднаўленьне вывучэньня ўкраінскай мовы ў Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях, — заявіў Пятро Парашэнка. — Мы працягваем супрацоўніцтва дзеля вывучэньня беларускай мовы ў Кіеўскім нацыянальным унівэрсытэце, адкрываем курсы ў Ірпені ды іншых паселішчах Украіны».

Свабода вывучыла, які грунт мае пад сабой дамоўленасьць прэзыдэнтаў у Беларусі і ва Ўкраіне.

Беларусаў ва Ўкраіне ўсё менш

Паводле апошняга перапісу насельніцтва, якое праводзілася ў 2001 годзе, ва Ўкраіне пражывае 275,8 тысяч беларусаў альбо 0,6% ад агульнай колькасьці насельніцтва. Пры гэтым у параўнаньні з вынікамі перапісу 1989 году колькасьць украінскіх грамадзянаў беларускага паходжаньня скарацілася на 37,3%. Прыкладна ў такой жа колькасьці ва Ўкраіне пражываюць малдаване, крымскія татары ды баўгары.

Але найбольшая шчыльнасьць беларусаў якраз не ў памежных абласьцях. Пераважна беларусы ехалі на поўдзень і ўсход Украіны. Напрыклад, у Крыме да анэксіі Расеяю пражывала 29, 4 тысячы беларусаў. Больш было толькі ў Данецкай (44,5 тысяч) і Днепрапятроўскай (29,5 тысяч) абласьцях. Крыху менш у Луганскай (20,5 тысяч), Кіеве (16,5 тысяч), Адэскай (12,7 тысяч) і Харкаўскай (14,7 тысяч).

У памежных зь Беларусьсю абласьцях — Чарнігаўскай, Валынскай, Ровенскай, Кіеўскай і Жытомірскай пражывае ад 3 да 8 тысяч беларусаў.

Цэнтру беларускай мовы ды культуры ў Кіеве ўжо восем гадоў

Кіеўскі нацыянальны ўнівэрсытэт імя Шаўчэнкі, у якім, дарэчы, вучыўся беларускі пісьменьнік Уладзімер Караткевіч, на сваім афіцыйным сайце заяўляе, што ажыцьцяўляе навучаньне па спэцыяльнасьці «беларуская мова і літаратура, украінская мова і літаратура, ангельская мова», але яна адсутнічае ў пераліку ліцэнзаваных, то бок беларуская мова і літаратура выкладаюцца хутчэй факультатыўна.

У той жа час пры Інстытуце філялёгіі, які ёсьць падразьдзяленьнем унівэрсытэту, ад 2009 году працуе Цэнтар беларускай мовы ды культуры. Ён створаны пры катэдры славянскай філялёгіі на выкананьне міжурадавага пагадненьня аб супрацоўніцтве ў галіне культуры і адукацыі паміж Кіеўскім нацыянальным унівэрсытэтам імя Тараса Шаўчэнкі і Міністэрствам адукацыі Беларусі.

Цэнтар каардынуе супрацоўніцтва зь беларускімі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі ды стварае ўмовы для вывучэньня беларускай мовы і літаратуры з выкарыстаньнем свайго бібліятэчнага фонду.

«Беларуская мова як другая замежная»

У Кіеве няма школ зь беларускаю моваю навучаньня або зь яе факультатыўным вывучэньнем. Разам з тым, у Міністэрстве адукацыі і навукі Ўкраіны Свабодзе паведамілі, што ніхто зь беларусаў ці беларускай дыяспары не зьвяртаўся да іх з ініцыятывай арганізаваць вывучэньне беларускай мовы ды гісторыі для дзетак.

У той жа час у 27 кілямэтрах ад сталіцы — у Ірпені — ёсьць гімназія з паглыбленым вывучэньнем замежных моваў, у тым ліку і беларускай. Дырэктар гэтай гімназіі Валянціна Антоненка вельмі ганарыцца сталымі традыцыямі вывучэньня беларускай мовы і дачыненьнямі зь беларуска-славянскай гімназіяй № 36 імя Івана Мележа у Гомлі. Для яе была нечаканай зьвестка пра тое, што там закрылі факультатыў па вывучэньні ўкраінскай мовы.

У гімназіі Ірпеня вывучаюць 14 замежных моваў, у тым ліку і беларускую
У гімназіі Ірпеня вывучаюць 14 замежных моваў, у тым ліку і беларускую

— Гэта вельмі складанае пытаньне. Бо для выкладаньня замежных моваў патрэбныя кваліфікаваныя кадры. Але мы кожны год абменьваемся візытамі адзін да аднаго, а нашые дзеткі бяруць удзел у Міжнародных мележаўскіх чытаньнях. Беларуская амбасада ў Кіеве нам таксама шмат дапамагае. А сёлета мы будзем уводзіць беларускую мову як факультатыў зь першай ці другой клясы, а зь пятай мова будзе прапаноўвацца на выбар як другая замежная мова, — кажа Валянціна Антоненка.

Паводле яе, у гімназіі вучыцца каля 2 тысяч дзяцей, але вывучэньне беларускай мовы абіраюць нямногія.

На мележаўскіх чытаньнях у Гомлі
На мележаўскіх чытаньнях у Гомлі

У нас беларускую мову выкладае настаўнік італьянскай мовы

— У нас беларускую мову выкладае настаўнік італьянскай мовы. Яму ўжо каля 60 гадоў. Мы некалькі разоў зьвярталіся да беларускай дыяспары дапамагчы з настаўнікамі беларускай мовы, але пакуль дапамогі не атрымалі, — дадае дырэктар Ірпенскай гімназіі. Паводле яе, у горадзе няшмат беларусаў, а вывучэньне беларускай мовы абіраюць менавіта дзеці ўкраінцаў.

«Беларусы мусяць усьвядоміць, якім выдатным багацьцем валодаюць»

Нягледзячы на цяперашнія абмежаваныя магчымасьці ў вывучэньні, беларуская мова ва Ўкраіне жыве і выклікае цікаўнасьць. Часьцей яе вывучаюць не пад кіраўніцтвам настаўнікаў ці на адмысловых курсах. Найперш — гэта чытаньне беларускіх аўтараў у арыгінале або кантакты зь беларускамоўнымі сябрамі-беларусамі.

Валянціна Раманенка брала ўдзел у акцыях пад беларускай амбасадай у Кіеве
Валянціна Раманенка брала ўдзел у акцыях пад беларускай амбасадай у Кіеве


— Беларускую мову я фактычна не вывучаю, хоць вельмі люблю. Але я чытаю кнігі, сачу за навінкамі. Зараз, напрыклад, чакаю нагоды, каб мне перадалі зь Менску новую кнігу Ўладзімера Арлова «Танцы над горадам». Зь яго ўсё, дарэчы, і пачалося, — распавядае рэдактар навіннай стужкі інтэрнэт-выданьня «Украінская праўда» Валянціна Раманенка. — Здаецца, у далёкім 2005-м ён прыяжджаў у Кіеў, прадстаўляць пераклад Аляксандра Ірванца «Рэквіем для бензапілы». І адзінага ягонага слова «ведаеце...» і ўзмаху рукі хапіла, каб я, чалавек, які ў савецкім дзяцінстве чуў стэрэатыпы пра тое, што беларуская — гэта нават ня мова, а сумесь расейскай ды ўкраінскай, закахалася ў яе назаўсёды.

Ад таго часу Валянціна Раманенка асабіста пазнаёмілася са шматлікімі беларускімі пісьменьнікамі і паглыбляе свае веды пра беларускую культуру. А іхныя творы захоўвае на адмысловай кніжнай паліцы.

Калекцыя Валянціны Раманенка — у творах беларускіх аўтараў
Калекцыя Валянціны Раманенка — у творах беларускіх аўтараў



— Найбольшым камплімэнтам для мяне дагэтуль застаецца рэпліка майго сябра, які аднойчы сказаў: «Прывітаньне, я тут зьбіраюся ў Менск, а Менск у мяне заўсёды асацыюецца з табой. Што табе адтуль прывезьці?». Сама я ў Менску ніколі не была. Ды і наўрад ці пабываю, таму што маю «Пагоню» на акцыях перад беларускай амбасадай, думаю, тамтэйшае КДБ зафіксавала. Больш пра беларускую мову і стаўленьне да яе ў Беларусі мне распавяла кніга Валянціна Акудовіча «Код адсутнасьці. Аснова беларускай мянтальнасьці» і раман Альгерда Бахарэвіча «Дзеці Аліндаркі». Бахарэвіч, на маю думку, наагул годны Нобэлеўскай прэміі. Спадзяюся, калі-небудзь беларусы ўсьвядомяць, наколькі выдатным багацьцем яны валодаюць, — перакананая Валянціна Раманенка.

Пра беларускую мову і стаўленьне да яе ў Беларусі мне распавяла кніга Валянціна Акудовіча «Код адсутнасьці»

Украінская прыхільніца беларускай мовы і літаратуры называе ініцыятыву прэзыдэнтаў пра стварэньне цэнтраў вывучэньня нацыянальных моваў добрай ідэяй. «Мне цяжка казаць адназначна. З аднаго боку, чым больш магчымасьцяў для вывучэньня любой мовы, тым лепш. З іншага боку, паўстае пытаньне, ці не ператворыцца гэтая ініцыятыва на падзею „для галачкі“ ці на нагоду, напрыклад, для крадзяжу сродкаў. Таксама пытаньне, хто гэтым будзе займацца... Але я, як аптыміст, хачу верыць у лепшае», — адзначыла Валянціна Раманенка.

Цікаўнасьць да мовы ва Ўкраіне мае прыйсьці зь Беларусі

Іван Сталярчук, рэдактар аддзелу культуры штотыднёвіка «Країна» ды «Газети по-українськи», таксама вывучаў беларускую мову самастойна і сьцьвярджае, што цікавіўся ёю на падсьвядомым узроўні — у дзяцінстве ён зьвярнуў увагу на нязвыклае для Кіева «цеканьне» ў мове сваёй бабусі, якая жыла ў Рэпкінскім раёне Чарнігаўскай вобласьці (гэта памежны зь Беларусьсю раён — РС) і размаўляла на мясцовым дыялекце. А ўжо ў войску да яго трапіў украінскі пераклад Ўладзімера Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» — гэты раман ён пазьней чытаў у арыгінале.

Іван Сталярчук вывучыў беларускую мову самастойна
Іван Сталярчук вывучыў беларускую мову самастойна



— Са зьяўленьнем інтэрнэту пачаў цікавіцца сучаснай беларускай культурай, асабліва рок-музыкай, і на гэтай глебе пазнаёміўся як зь беларусамі, гэтак і з прыхільнікамі беларускага року ва Ўкраіне. І зараз цікаўлюся навінкамі беларускай літаратуры, люблю, напрыклад, Альгерда Бахарэвіча. Дарэчы, беларуская мова дапамагла мне вывучыць польскую, — адзначыў Іван Сталярчук.

Паводле яго, разьвіцьцём беларускай мовы найперш трэба займацца ў Беларусі.

Беларускай дыяспары ва Ўкраіне гэта ня вельмі патрэбна

— Я станоўча стаўлюся да ініцыятывы прэзыдэнтаў. Але ўсё ж трэба абапірацца на факты. Беларусы, якія прыяжджаюць ва Ўкраіну вельмі хутка асымілююцца з украінскім грамадзтвам. І беларускай дыяспары ва Ўкраіне гэта ня вельмі патрэбна. Праблема ў тым, што ў самой Беларусі беларуская мова знаходзіцца ў нейкім гета, на жаль, не ў апошнюю чаргу з-за дзяржаўнай палітыкі. Украінцы ці этнічныя беларусы тут маглі б зацікавіцца мовай, калі б адчувалі магутную культурную хвалю менавіта зь Беларусі. Асаблівай пэрспэктывы я ня бачу, бо, напрыклад, на Валыні, у памежжы, вывучаюць польскую мову, бо ведаюць, што безь яе ў Польшчы нікуды. Калі я быў у Беларусі, то я сьвядома спрабаваў размаўляць на беларускай мове у крамах, і былі выпадкі, калі да мяне ставіліся агрэсіўна. Мне вельмі хацелася б, каб беларусы сьвядома прыйшлі да беларускай мовы — і на дзяржаўным, і на асабістым узроўні, — патлумачыў журналіст.

Беларусы Прыдняпроўя

Найбольш вялікая ва Ўкраіне беларуская дыяспара цяпер дзейнічае ў Днепрапятроўскай вобласьці, калі ўлічваць, што Крым анэксаваны, а частка Луганскай ды Данецкай абласьцей не кантралюецца кіеўскімі ўладамі. Тут дзейнічае грамадзкая арганізацыя «Беларусы Прыдняпроўя». Яе кіраўнік Валер Каралёў перакананы, што нацыянальныя мовы мусяць разьвівацца і пры падтрымцы дзяржавы, і пры падтрымцы грамадзкасьці.

— У нас, вядома ж, спрабуюць стварацца і вячэрнія, і нядзельныя школы. Але, калі шчыра, досыць складана сказаць, што гэта мае масавы характар. Польская абшчына больш актыўна вывучае польскую мову, таму што многія імкнуцца ў Эўропу, і гэта больш выгадна. Мы стараемся праводзіць мерапрыемствы на беларускай мове, каб мова гучала. Амбасада нам цяпер выдатна дапамагае — забясьпечвае неабходнаю літаратураю і нават падручнікамі для дзяцей на беларускай мове. Цікавасьць і да беларускай мовы, і да беларускай гісторыі, адназначна ёсьць, — распавядае Валер Каралёў.

Асаблівы гонар днепрапятроўскіх беларусаў — паселішча Сурска-Літоўскае, што непадалёк ад абласнога цэнтру. Яго заснавалі менавіта беларусы.

Паселішча Сурска-Літоўскае заснаванае ў 1794 годзе
Паселішча Сурска-Літоўскае заснаванае ў 1794 годзе



— Там дагэтуль захаваліся беларускія традыцыі, і мы стараемся ўсяляк іх захоўваць. Там ёсьць і музэй, экспазыцыя якога адлюстроўвае датычнасьць беларусаў да заснаваньня гэтага паселішча — гэта былі ткачы, прывезеныя з Дуброўна ў свой час, потым яны пасяліліся на беразе ракі Сура і адтуль пайшла назва, — дадае кіраўнік беларускай арганізацыі.

У нас жаданьне ёсьць

Валер Каралёў сьцьвярджае, што калі арганізацыя праводзіць мерапрыемствы — і Калядкі, і Купальле, усе ведаюць: іх праводзіць беларуская грамада.

— Я магу сказаць, што і раней ніхто асабліва не перашкаджаў ствараць цэнтры разьвіцьця мовы. Было б жаданьне. У нас жаданьне ёсьць, і гэта добра, што кіраўнікі дзьвюх краінаў выступілі з такой ініцыятывай. Чаму б не? Калі будуць захаваныя беларускія традыцыі, а на самой справе ўсе беларусы, якія жывуць ва Ўкраіне, перш за ўсё ўкраінскія грамадзяне, то і Ўкраіна стане больш багатай, — перакананы Валер Каралёў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG