Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ні да чаго не прывядзе», — завуч пра «моўныя дамоўленасьці» Лукашэнкі і Парашэнкі


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

У памежных раёнах Беларусі этнічныя ўкраінцы змогуць вывучаць сваю мову, а беларусы ва Ўкраіне — сваю. Пра гэта кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў дамовіліся падчас нядаўняй сустрэчы ў Кіеве.

«Я ўзьняў пытаньне пра аднаўленьне вывучэньня ўкраінскай мовы ў Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях, — заявіў Пятро Парашэнка. — Мы працягваем супрацоўніцтва дзеля вывучэньні беларускай мовы ў Кіеўскім нацыянальным унівэрсытэце, адкрываем курсы ў Ірпені ды іншых паселішчах Украіны».

Свабода вывучыла, які грунт мае пад сабой дамоўленасьць прэзыдэнтаў у Беларусі.

Быў факультатыў — і ня стала

Яшчэ пяць гадоў таму ў Гомлі, найбуйнейшым памежным горадзе, невялікая група ўкраінскіх дзяцей вывучала родную мову. Факультатыўныя заняткі ладзілі ў гімназіі № 36 імя Івана Мележа.

Гомельская гімназія № 36 імя Івана Мележа
Гомельская гімназія № 36 імя Івана Мележа

«Каб вывучаць нейкую мову нават факультатыўна, патрэбная праграма, распрацаваная Міністэрствам адукацыі, — кажа завуч гімназіі Алена Якіменка. — Праграмаў для вывучэньня ўкраінскай мовы няма. Таму мы нават не высьвятляем, ці ёсьць жаданьне бацькоў навучаць дзяцей украінскай мове, бо гэта ні да чаго не прывядзе. Польскую мову, напрыклад, некаторыя дзеці ў нас вывучаюць, таксама факультатыўна, — на тое ёсьць адпаведная праграма».

Кіраўнік украінскай дыяспары ў Гомелі Багдан Дземкіў лічыць, што брак праграмаў — гэта адгаворка, і робіць акцэнт на тым, што калі ў 2014 годзе закрывалі факультатыў, у бацькоў ніхто не пытаўся:

«Як мне падалося, склалася нейкае такое нэгатыўнае стаўленьне да падзеяў на Майдане ў Кіеве — і на ўкраінскую мову цалкам забыліся. Нам і цяпер кажуць, што, маўляў, няма праграмы для навучаньня нашых дзяцей украінскай мове. А ў Гомлі, між іншым, паводле перапісу жыве больш за 15 тысяч украінцаў альбо 3,11% ад агульнай колькасьці жыхароў».

Двое школьнікаў-украінцаў на раён

Найцясьнейшыя повязі з Украінай здавён існавалі ў жыхароў Брагінскага раёну. Багата ўкраінцаў жылі ў памежных беларускіх вёсках. Нават гаспадаркі называлі тут «Чырвоная Ўкраіна», як прыкладам, у вёсцы Гдзень.

Калі будзе распараджэньне, будзем вучыць дзяцей хоць кітайскай

Тутэйшых жыхароў зрушыла зь месца Чарнобыльская катастрофа — многія перасяліліся ў Віцебскую, Менскую, Горадзенскую вобласьці.

«У нас у дванаццаці ўстановах адукацыі сёлета вучыліся толькі двое школьнікаў, якія вызначалі сябе як украінцы, — кажа начальнік аддзелу адукацыі Брагінскага райвыканкаму Аляксандар Калясан. — Мы працуем паводле заяваў бацькоў — не было такіх, каб патрабавалі навучаць іх дзяцей украінскай мове. Усе вучацца па-беларуску альбо на расейскай мове. Калі будзе распараджэньне, будзем вучыць дзяцей хоць кітайскай. Але заяваў ад бацькоў пакуль не паступала».

Паводле апошняга перапісу, у Брагінскім раёне 3,07% жыхароў назваліся ўкраінцамі.

Вайна на Данбасе дадала перасяленцаў

У прыватнасьці, у Ельскі раён. Яны кампактна пасяліліся ў Кочышчах, Старым Высокім, Валаўскай Рудні, іншых вёсках.

Украінец баяніст Віктар Яцко прыжыўся ў вёсцы Падгальле Ельскага раёну
Украінец баяніст Віктар Яцко прыжыўся ў вёсцы Падгальле Ельскага раёну

Але далёка ня ўсе перасяленцы засталіся ў раёне. Хтосьці вярнуўся назад ва Ўкраіну, палічыўшы непрыдатнымі сацыяльныя ўмовы і ўзровень заробкаў, хтосьці пераехаў у іншыя мясьціны.

«Беларуская і ўкраінская мовы блізкія, таму не было ў нас нейкіх непаразуменьняў зь пераходам на нашу мову навучаньня, — кажа выканальніца абавязкаў начальніка Ельскага раённага аддзелу адукацыі Вольга Сіўчук. — Нават пра факультатыўныя заняткі пытаньняў не ўзьнікала».

Пагатоў няма ня толькі праграмы, але й кваліфікаваных пэдагогаў, якія маглі б выкладаць украінскую мову. Каб пачынаць навучаньне, трэба знайсьці ўкраінцаў з пэдагагічнай адукацыяй альбо беларусаў, якія скончылі адпаведныя ўстановы. А такіх ў раёне няма.

«Да тэмы вывучэньня ўкраінскай мовы не падступаліся»

Пра гэта адкрыта заяўляюць і кіраўнікі, і спэцыялісты ўправы адукацыі Гомельскай вобласьці.

У нас жа няма ні сярэдняй спэцыяльнай, ні вышэйшай адукацыі ня толькі на ўкраінскай, але й на беларускай мове

«Да першага верасьня мы ня можам нават вызначыць, колькі ўкраінцаў пажадаюць, каб іхныя дзеці вывучалі ўкраінскую мову, — кажа начальніца аддзелу Натальля Сапрыка. — Не паўставала гэтае пытаньне, і мы яго глыбока не вывучалі. Калі будуць нейкія даручэньні ці патрабаваньні ў зьвязку з заявамі кіраўнікоў дзьвюх дзяржаваў, вывучым сытуацыю праз школьнікаў ды іхных бацькоў.

Цяпер, дарэчы, самыя бацькі ўжо думаюць, дзеля чаго вывучаць тую ці іншую мову. Нехта, безумоўна, думае пра агульнае разьвіцьцё дачкі ці сына. Аднак бальшыня ставіцца да заняткаў прагматычна: а што далей? У нас жа няма ні сярэдняй спэцыяльнай, ні вышэйшай адукацыі ня толькі на ўкраінскай, але й на беларускай мове».

Украінская мова зьнікла з унівэрсытэту

На Берасьцейшчыне ўкраінская мова не вывучаецца нідзе, ні ў воднай школе. Пра гэта распавёў кіраўнік грамадзкага абʼяднаньня «Ўкраінскі навукова-пэдагагічны саюз „Берагіня“» Віктар Місіюк:

Віктар Місюк
Віктар Місюк

«У гэтым сэнсе мы значна саступаем іншым меншасьцям, якія маюць нават асобныя школы, ня кажучы ўжо пра клясы ці нейкую факультатыўную форму навучаньня. Такая праблема па ўсёй рэспубліцы, але найбольш яна адчуваецца ў нашым рэгіёне, бо на Берасьцейшчыне вялікі адсотак людзей, якія выкарыстоўваюць украінскую мову».

У часе перапісу ў 2009 годзе ў Берасьцейскай вобласьці ўкраінцамі запісаліся 2,9% насельніцтва або 40 046 чалавек. Да параўнаньня, палякамі — 1,3% (17 539 чалавек). Аднак калі палякі маюць магчымасьць вывучаць мову, то ўкраінцы — не, кажа спадар Місіюк:

«Раней вялося навучаньне ў паўтара дзясятка школаў, у 1990-я гады мова вывучалася ў гуртковай форме. Было вывучэньне ўкраінскай мовы як дадатковай спэцыяльнасьці разам з расейскаю моваю на філялягічным факультэце ў Берасьцейскім унівэрсытэце. Але ў пэўны момант, калі тут былі юрыдычныя праблемы ў таварыстваў, і два зь іх, найбуйнейшыя, не былі перарэгістраваныя, зьнікла і гэтае навучаньне. Хоць польская мова на філялягічным факультэце існуе».

Як расказаў Віктар Місіюк, цяпер у Берасьці ёсьць толькі гурток-курсы ўкраінскай мовы пры Цэнтры моладзевай творчасьці.

Перапіс насельніцтва 2009 году падае, што ў Беларусі жывуць звыш 158 тысяч украінцаў. Найбольш іх у Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях — адпаведна 40 і 31 тысяча альбо 44,7% ад агульнай колькасьці ўкраінцаў у Беларусі. У асобных раёнах, у прыватнасьці, Кобрынскім, украінцы складаюць пятую частку насельніцтва. Больш за 17 тысяч украінцаў стала жывуць у Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG