Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчымы «Менск-3» — новае пагадненьне пра Данбас?


Перамовы ў Менску аб крызісе на ўсходзе Ўкраіны, люты 2015 году

Беларусь ня бачыць пэрспэктывы ўрэгуляваньня крызісу на ўсходзе Ўкраіны ў бліжэйшай будучыні — пра гэта заявіў міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей падчас візыту ў Славенію. Ён дадаў, што ў сувязі з гэтым «трэба падумаць аб арганізацыі яшчэ адной сустрэчы, можа быць, у тым жа самым „нармандзкім фармаце“, а можа быць, з прыцягненьнем іншых гульцоў, якая дазволіла б удасканаліць гэтыя дамоўленасьці, якія былі заключаныя ў 2015 годзе, і вызначыць дакладны мэханізм кантролю за выкананьнем гэтых дамоўленасьцяў».

Ад афіцыйнага Менску падобная заява гучыць упершыню. Пра тое, што Менскія пагадненьні аб Украіне не працуюць, не вядуць да вырашэньня канфлікту, кажуць усе, аднак пры гэтым ізноў жа ўсе клянуцца менавіта гэтымі пагадненьнямі, да апошняга часу ніякай альтэрнатывы не праглядалася. Мабыць, зь першых асобаў сусьветнай дыпляматыі аб альтэрнатыве ўпершыню сказаў дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан у чэрвені. Тады, выступаючы на слуханьнях у кангрэсе, ён заявіў, што адміністрацыя прэзыдэнта Дональда Трампа ня хоча «быць прыкутай кайданкамі» да Менскіх пагадненьняў, і дапусьціў, што Масква і Кіеў могуць прыйсьці да нейкага пагадненьня і па-за рамкамі «Менску-2».

У чым менавіта магло б палягаць такое пагадненьне, дзяржсакратар ЗША публічна не паведаміў ні тады, ні пазьней.

Цікава адзначыць, што Аляксандар Лукашэнка тады ж у чэрвені адразу адрэагаваў на ідэю Тылерсана. На сустрэчы з сакратарамі Радаў бясьпекі краінаў АДКБ ён заявіў: "Ужо ідуць намёкі, што можна і без Менскага фармату абыйсьціся, знайсьці нейкія іншыя спосабы ўрэгуляваньня ўкраінскага канфлікту. Можна, вядома. Але пачынаць спачатку заўсёды складаней, чым працягваць добрую справу".

Гэта значыць — не. Прычым, "не" самой ідэі прыдумаць нейкую новую формулу, прыйсьці да новага пагадненьня.

Праходзіць крыху больш за месяц і міністар Макей кажа роўна тое, што казаў у чэрвені яго амэрыканскі калега, і прама супрацьлеглае таму, што тады ж казаў прэзыдэнт Беларусі. Зразумела, справа ня ў тым, што міністар павёў нейкую сваю зьнешнюю палітыку, а ў тым, што зьмяніліся погляды яго шэфа. Месяц таму Лукашэнка быў за захаваньне Менску-2, а цяпер зусім ня супраць яго замены.

Чаму? У самым агульным выглядзе адказ — таму што прама і ўскосна заангажаваныя ў канфлікт бакі прыйшлі да згоды пра новую форму перамоваў ці набліжаюцца да яе. Мы ж дакладна ня ведаем, пра што размаўлялі Трамп і Пуцін у Гамбургу, як менавіта расшыфроўваў Тылерсан для эўрапейскіх, украінскіх і расейскіх калегаў свае крыху загадкавыя словы пра «пагадненьне па-за рамкамі «Менску-2».

Ну, няведаньне — ня ёсьць аргумэнт, але ж крутая зьмена пазыцыі афіцыйнага Менску навідавоку. Але ёсьць і больш ясныя, хоць таксама ускосныя, прыкметы таго, што зьмена фармату абмяркоўваецца. Скажам, пуставаты, на першы погляд, візыт прэзыдэнта Беларусі ва Ўкраіну. Не, вядома, карысна паўтарыць соты раз, што зь беларускай зямлі пагроза Ўкраіне ніколі ня будзе зыходзіць, што вучэньні «Захад-17» — гэта ўсяго толькі вучэньні, а не пралёг чагосьці жахлівага. Але ці трэба для гэтага ехаць у Кіеў?

Пагаварыць пра грошы, пра ўсякага роду ўзаемавыгадныя зьдзелкі — таксама мілая справа. Але пагадненьні паміж міністэрствамі культуры і акадэміямі навук, якія сталі бачнай «сухой рэштай» перамоваў, неяк ня цягнуць на амбіцыйны прарыў у двухбаковым адносінах.

А вось калі Лукашэнка абмяркоўваў з Парашэнкам той самы новы фармат міжнародных перамоваў па Ўкраіне — тады гэтая сустрэча малюецца зусім у іншым сьвятле, набывае выразны сэнс.

Яшчэ адзін індыкатар — тэлефонная размова удзельнікаў «нармандзкай чацьвёркі» ў поўным складзе, якая адбылася 24 ліпеня. Прэзыдэнт Парашэнка сустракаўся зь лідэрамі Нямеччыны і Францыі апошнім часам неаднаразова, прэзыдэнт Пуцін гутарыў з Эманюэлем Макронам і Ангелай Мэркель апошні раз на саміце «дваццаткі». Учатырох лідэры Нямеччыны, Расеі, Францыі і Ўкраіны размаўлялі апошнім разам у кастрычніку 2016 году, яшчэ ў бытнасьць прэзыдэнтам Францыі Франсуа Алянда.

З таго, што стала вядома пра перамовы 24 ліпеня, Украіна і Расея не зьмянілі свае пазыцыі. Але ня ўсё ж можа быць вядома. І паказальны сам факт — упершыню за 10 месяцаў ўдзельнікі «чацьвёркі» наўпрост пагаварылі. У старым фармаце, аднак, магчыма, пра новы.

Ну і нарэшце — праект «Маларосіі», агучаны адным зь лідэраў сэпаратыстаў Аляксандрам Захарчанкам. Адных ён абурыў, другіх устурбаваў, трэціх насьмяшыў. Ну і праўда — перазаснаваць краіну са сталіцай у Данецку, фактычна, далучыць да ДНР астатнюю Ўкраіну — гэта нешта ў стылі Астапа Бэндэра, міжплянэтны шахматны турнір, Васюкі пераймяноўваюцца ў Нью-Маскву, Масква — у Старыя Васюкі. І пры гэтым Крэмль ўпарта аднекваецца ад аўтарства праекту, Пуцін на перамовах «чацьвёркі» гэта яшчэ раз паўтарыў.

Уяўляецца, што насамрэч гэта такая бізантыйская дыпляматыя алегорыяў. Сэнс якіх раскрыў адзін з архітэктараў украінскай палітыкі Крамля Вячаслаў Суркоў, які заўважыў, што прапанова Захарчанкі — яна ж пра адзінства краіны. Зразумела, прыдумаў гэтую прыгажосьць не Захарчанка, зразумела, у Крамлі і ня думаюць пра тое, што гэты праект можа быць менавіта ў такім выглядзе рэалізаваны. Гэта спосаб размовы з Кіевам і з Захадам, спосаб правесьці насамрэч стары плян — Данбас ў складзе Ўкраіне, але з правам «залатой акцыі» ў зьнешнепалітычных рашэньнях Кіева.

Магчыма, і на першы погляд недарэчны праект «Маларосіі» — таксама частка размовы аб новым фармаце перамоваў па Ўкраіне, пасланьне таму ўдзельніку, які фармальна наогул ня мае дачыненьня да Менскіх пагадненьняў — ЗША.

Ну а калі новаму фармату наканавана паўстаць, то зусім ня выключана, што месцам правядзеньня новых перамоваў можа зноў стаць Менск. Зразумела, калі фармат прадугледжвае, скажам, прамыя перамовы Масквы і Кіева, то нават пастаўшчыкі добрых паслугаў наогул не патрэбныя. Калі ж фармат «Менску-2» проста пашырыцца за кошт уключэньня ЗША, то прымальных перамоўных пляцовак аказваецца ня так і шмат. Расейцы не паедуць на перамовы ва Ўкраіну, украінцы — у Расею. У сваю чаргу, данбаскія сэпаратысты не паедуць ні ў кантраляваную Кіевам Украіну, ні на Захад, хоць бы з меркаваньняў бясьпекі.

А тады мэтадам выключэньня застаецца што? Па сутнасьці толькі Менск ды Астана. Ну а Менск — месца звыклае, «намоленае», так бы мовіць, інфраструктура перамоваў створаная і функцыянуе ўжо больш за два гады.

Чаму б і не? Так што, магчыма, Лукашэнка ўжо рыхтуе вёдры кавы для дарагіх гасьцей.

Перадрук з парталу TUT.BY

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG