Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка ня можа самастойна пераадолець ціск Расеі і шукае падтрымкі Ўкраіны», — лічыць украінскі палітоляг


Тарас Беразавец (Тарас Березовець)

Украінскі палітоляг Тарас Беразавец мяркуе, што галоўнай мэтай візыту кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў было займець падтрымку на выпадак адмовы Расеі вывесьці войскі зь беларускай тэрыторыі пасьля супольных вайсковых вучэньняў «Захад-2017».

«Афіцыйная вэрсія кажа, што візыт быў падрыхтаваны з ініцыятывы ўкраінскага боку. Аднак мае крыніцы сьцьвярджаюць, што ўсё было наадварот, ініцыятарам візыту быў менавіта Аляксандар Лукашэнка. Бо гэта нетрадыцыйна, калі лідэр, нават суседняй краіны, наведвае краіну праз тры месяцы пасьля мінулага візыту. Значыць, усё адбылося ў тэрміновым парадку. Прычынай — правядзеньне супольных з Расеяй вучэньняў „Захад-2017“, якія сталі прадметам занепакоенасьці з боку NATO і Ўкраіны. Пра гэта таксама гаварылі сэнатары, экспэрты, дыпляматы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША — з гледзішча магчымай бясьпекі Ўкраіны, Польшчы, краін Балтыі», — сказаў Тарас Беразавец.

Палітоляг дадаў, што, паводле інфармацыі Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны, Расея зьбіраецца пакінуць на тэрыторыі Беларусі свае вайсковыя падразьдзелы пасьля вучэньняў, якія ёсьць толькі нагодай:

«Замоўленая беспрэцэдэнтная колькасьць вагонаў — утрая больш, чым звычайна падчас такіх вучэньняў, больш за 4,5 тысячы толькі чыгуначных вагонаў, працягваецца перавозка тэхнікі і асабістага складу, у сацыяльных сетках ёсьць інфармацыя, што расейскія вайскоўцы раскватароўваюцца ў кватэрах беларускіх грамадзянаў. І мэта візыту Лукашэнкі была, з аднаго боку, запэўніць украінскае кіраўніцтва, што няма небясьпекі для Ўкраіны, а зь іншага, Лукашэнка ўжо адчувае, што страціў кантроль за сытуацыяй у краіне, ён ня можа гарантаваць нічога, у тым ліку таго, што расейскія войскі не застануцца на тэрыторыі Беларусі», — патлумачыў экспэрт.

Лукашэнка ўжо адчувае, што страціў кантроль за сытуацыяй у краіне, ён ня можа гарантаваць нічога

«Таму натуральна, што ён зьвяртаецца менавіта да Парашэнкі, разумеючы, што цяпер Украіна мае шырокія кантакты, а Пятро Парашэнка мае зносіны з усімі лідэрамі. Таму ён, відавочна, просіць Украіну быць адвакатам, дапамагчы і падтрымаць яго. Летась Лукашэнка праводзіў чысткі найвышэйшага афіцэрскага складу Ўзброеных сілаў, Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, але ён не да канца ўпэўнены ў ляяльнасці спэцслужбаў і вайскоўцаў. І, відавочна, адчувае сурʼёзны ціск з боку Расеі і ня можа яго самастойна пераадолець. Таму мэтаю візыту была дамагчыся падтрымкі з боку Ўкраіны і атрымаць такую падтрымку», — перакананы Тарас Беразавец.

У той жа час палітоляг раіць не перабольшваць наступствы акцыі, зладжанай актывісткаю Femen.

«Ня варта казаць, што там ці тут нехта нешта недагледзеў. Яны прарываліся нават на сустрэчу Мэркель з Пуціным ў Нямеччыне, калі ахова не змагла іх стрымаць. Яны прарываліся на сустрэчы іншых лідэраў, заходніх у тым ліку. На жаль, ня ўсё можна прадбачыць. Пагатоў актывістак нельга ідэнтыфікаваць — там ёсьць валянтэры, і яны маглі акрэдытавацца як журналісты, а пазьней аказалася, што яны робяць правакацыі. Ня ведаю дакладна, як яна туды трапіла. Але калі межы перакрытыя занадта далёка, быў пільны кантроль, я думаю, што магла трапіць на сустрэчу паводле акрэдытацыі на падставе журналісцкага пасьведчаньня», — дадаў Тарас Беразавец.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG