Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кляўзэвіц пра «Захад-2017»: сыдуць ці застануцца


Суседзі Беларусі пра расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017»

Гэтае пытаньне задаюць многія палітыкі, вайскоўцы і экспэрты на Захадзе, некаторыя адмыслоўцы і палітыкі ў Беларусі. Пры гэтым выказваецца вялікая трывога наконт таго, што расейскія войскі, якія прыедуць у Беларусь, у краіне і застануцца. А далей... А рознае можа быць далей, ад фактычнай акупацыі да кідка на поўнач, на захоп балтыйскіх краінаў.

Аднак якія аргумэнты на карысьць такой вэрсіі, і якіх аргумэнтаў відавочна не хапае? Аргумэнтаў, грунтаваных на фактах, а не страхах, уласна два: першы — сёлета ўвосень у Беларусі сапраўды адбудуцца маштабныя беларуска-расейскія вучэньні, і другі — далучэньне Крыму да РФ, дзеяньні Расеі ў Данбасе, яе вайсковая апэрацыя ў Сырыі паказваюць, што Масква здольная да нечаканых рашучых дзеяньняў па-за сваімі межамі.

І лягічны ланцужок — немалая колькасьць расейскіх войскаў у верасьні апынецца ў Беларусі, Расея здольная выкарыстоўваць свае войскі па-за сваімі межамі, значыць, і зараз выкарыстае. Усе. Ніякіх іншых сурʼёзных аргумэнтаў на карысьць такой вэрсіі няма.

Можна пагадзіцца, што нават гэтых двух фактаў дастаткова, каб лічыць імавернасьць такога сцэнару ненулявой. Але наколькі вялікай?

Вайна як вырашэньне крызісу

Так, ёсьць гістарычныя прыклады, калі ўварваньне адбывалася, як той казаў, ні з пушчы, ні з поля. Клясыка — 22 чэрвеня 1941 году, напад Нямеччыны на СССР. Учора калі не саюзьнікі, дык прынамсі партнэры, сёньня — ворагі. Ці савецкае ўварваньне ў Аўганістан у 1979 годзе — учора з кіраўніком Аўганістану Амінам палітбюро вяло перамовы, сёньня савецкія дэсантнікі яго забіваюць.

Часьцей уварваньню папярэднічае значны, як правіла, усім відавочны міжнародны ці ўнутраны крызіс

Але варта сказаць, што такія сцэнары ўсё ж даволі рэдкія, уласьцівыя пераважна таталітарным сыстэмам, і нават для іх не такія ўжо і частыя. Часьцей уварваньню папярэднічае значны, як правіла, усім відавочны міжнародны ці ўнутраны крызіс.

Зьмены статусу Данцыгу Гітлер дамагаўся ад Варшавы даволі працяглы час да 1 верасьня 1939 году. Саакашвілі ў 2008 годзе паслаў войскі ў Паўднёвую Асэтыю, каб аднавіць тэрытарыяльную цэласнасьць Грузіі, што, зразумела, істотна мяняла ваенна-палітычную сытуацыю. Ва Ўкраіне ў лютым 2014 году законны прэзыдэнт Януковіч згубіў уладу (ці ў яго яе аднялі), але ў любым выпадку навідавоку быў крызіс.

Гэта не апраўданьне, не абгрунтаваньне — гэта канстатацыя: як правіла, уварваньню папярэднічае палітычны крызіс.

Варта дадаць яшчэ адну асаблівасьць, зьвязаную з палітычнай філязофіяй цяперашняга Крамля — ён не зрынае вайсковай сілай афіцыйных правіцеляў. У 2008 годзе ўзялі Цхінвалі, але не Тбілісі. Хаця тэхнічна напэўна і маглі. У 2014-2017 годзе ўзялі Крым, ну і Данбас у пэўным сэнсе, але не Кіеў. Улада — ад Бога.

«Царыца палёў» — інфармацыйныя гарматы

У 2013-2014 гадах на працягу ўсяго Эўрамайдану расейская прапаганда распавядала расейцам, як жахлівыя «бандэраўцы» за «пячэнькі дзярждэпу» ладзяць пераварот у Кіеве

Ну і нарэшце, нават таталітарныя рэжымы, а аўтарытарныя і пагатоў, усё ж як правіла рыхтуюць сваё насельніцтва да рашучай вайсковай апэрацыі за мяжой. Савецкая інфармацыйная машына ў 1956 годзе распавядала насельніцтву, пад якой страшнай пагрозай знаходзяцца заваёвы сацыялізму ў Вугоршчыне, і гэтая інфармацыйная апрацоўка працягвалася даволі доўга, яна папярэднічала ўводу войскаў.

У 2013-2014 гадах на працягу ўсяго Эўрамайдану расейская прапаганда распавядала расейцам, як жахлівыя «бандэраўцы» за «пячэнькі дзярждэпу» ладзяць пераварот у Кіеве. У інфармацыйным пляне зьяўленьне ў Крыме «зялёных чалавечкаў» рыхтавалася, і даволі доўга, прынамсі, некалькі месяцаў.

«А што там у беларусаў?»

Ну а зараз да сытуацыі ў Беларусі напярэдадні «Захад-2017».

Вось калі б Лукашэнка абвясьціў, што Беларусь выходзіць з АДКБ, што мае намер уступіць у NATO, падпісаць асацыяцыю з ЭЗ, даць Украіне зброю — тады так, тады рэзкі адказ быў бы значна больш імаверным

Ці ёсьць хоць нейкі палітычны крызіс у Беларусі ці ў двухбаковых адносінах? Варта прызнаць — ніякага. Летась бакі даволі энэргічна бадаліся наконт цаны за газ, але нават гэта не было ніякім выклікам стратэгічным інтарэсам Расеі. Тым больш, што сёлета і гэтая спрэчка вырашылася і вычарпалася.

Тыя ці іншыя аспэкты зьнешняй палітыкі Менску выклікаюць пэўнае раздражненьне ў Крамлі. Непрызнаньне незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, двухсэнсоўнае стаўленьне да Крыму, паляпшэньне адносінаў Беларусі з Захадам, асобная пазыцыя Беларусі адносна Ўкраіны — усё гэта выклікае незадавальненьне, але ўсё гэта несувымерна паводле значнасьці і гучнасьці ані з рэйдам грузінскай арміі на Цхінвалі, ані з адхіленьнем ад улады прэзыдэнта Ўкраіны.

Несувымерна ані абʼектыўна, ані субʼектыўна, з пункту гледжаньня Крамля. Усе гэтыя чыньнікі, якія выклікаюць раздражненьне Масквы — ня ўчора зьявіліся, сытуацыя ня тая, каб у Крамлі нехта вырашыў — у Беларусі ці ў сувязі з Беларусьсю здарылася нешта, чаго не можам пацярпець. Нічога ня здарылася. Ёсьць у пэўным сэнсе руціна.

Вось калі б Лукашэнка абвясьціў, што Беларусь выходзіць з АДКБ, што мае намер уступіць у NATO, падпісаць асацыяцыю з ЭЗ, даць Украіне зброю — тады так, тады рэзкі адказ быў бы значна больш імаверным. Але ж нічога падобнага няма і блізка. Няма крызісу — няма падставаў сілай яго вырашаць.

Бабрака Кармаля сапраўды прывезьлі ў савецкім транспартніку і пасадзілі ў прэзыдэнцкі палац замест забітага Аміна, але Кармаль і да ўварваньня быў значнай аўганскай фігурай

Вельмі важна, што няма і ўнутранага палітычнага крызісу. Тое ж уварваньне СССР у Аўганістан было абумоўлена, апроч іншага, вострым канфліктам паміж рознымі фракцыямі ў кіроўнай эліце Аўганістану. Бабрака Кармаля сапраўды прывезьлі ў савецкім транспартніку і пасадзілі ў прэзыдэнцкі палац замест забітага Аміна, але Кармаль і да ўварваньня быў значнай аўганскай фігурай, лідэрам адной з варагуючых фракцыяў кіроўнай партыі.

Ну а ў сучаснай Беларусі — якія такія фракцыі, дзе крызіс ва ўладнай эліце, дзе ўзяць аўтарытэтную альтэрнатыўную фігуру? Ніякага расколу ўва ўладным маналіце няма.

Маўчаньне інфармацыйных гарматаў

Пасьля газавага замірэньня ў цэлым палагаднеў тон нават маргінальных расейскіх СМІ, ну а ад фэдэральных тэлеканалаў і раней шквальнага вагня адносна Беларусі не было і цяпер няма

Ну і нарэшце — інфармацыйная артпадрыхтоўка. Да пачатку манэўраў засталося зусім няшмат часу. Так, часам нешта напішуць ў Рэгнуме, выплюхнуць ува «Взгляде», папярэдзіць Lenta.ru, што ў Беларусі «нацыяналізм падымае галаву». Але «падымае» — гэта не падняў, як тое трактавалася ў лістападзе 2013-лютым 2014 адносна Ўкраіны. І тады ў адну кропку білі штодзень галоўныя расейскія тэлевізійныя калібры. Зараз ізноў жа — нічога падобнага. Пасьля газавага замірэньня ў цэлым палагаднеў тон нават маргінальных расейскіх СМІ, ну а ад фэдэральных тэлеканалаў і раней шквальнага вагня адносна Беларусі не было і цяпер няма.

Калі б гэта мела месца — цалкам можна было б дапусьціць, што вучэньні стануць пралёгам нейкіх ваенна-палітычных нечаканасьцяў.

А калі ня маюць месца вельмі важныя неабходныя чыньнікі такога сцэнару — то і сцэнар нерэальны ці прынамсі вельмі малаімаверны.

Няма чаго працягваць вайной

Вядомая трапная формула знакамітага ваеннага тэарэтыка Кляўзэвіца: вайна — працяг палітыкі іншымі сродкамі. Расейская палітыка адносна Беларусі не прадугледжвае ніякіх рэзкіх, неабарачальных крокаў, яны нічым не вымушаныя, не выкліканыя. Большая залежнасьць — гэта так, гэтага Крамлю хацелася б, каб Менск не перакрочваў «чырвоныя лініі» — таксама хацелася б. Калі-небудзь, калі палітычны крызіс у Беларусі і ў сувязі з Беларусьсю раптам здарыцца — ну тады іншая справа.

Аднак цяпер у Расеі адносна Беларусі проста няма палітыкі, якую можна было б і варта было б працягваць іншымі, ваеннымі сродкамі.

Зараз ёсьць па сутнасьці толькі тая падстава баяцца, што ўварваньне пад выглядам вучэньняў можа адбыцца — тая, што нечаканасьці наагул здараюцца, што «чорныя лебедзі» часам прылятаюць.

Але іншых падставаў для гэтага ня бачна.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG