Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 выпадкаў, калі Femen распраналіся супраць Лукашэнкі


Анжаліна Дыяш з Femen на цырымоніі падпісаньня дамоваў паміж Беларусьсю і Ўкраінай
Анжаліна Дыяш з Femen на цырымоніі падпісаньня дамоваў паміж Беларусьсю і Ўкраінай

Аголеная актывістка Femen сёньня трапіла ў залю падчас падпісаньня дамоваў паміж Беларусьсю і Ўкраінай. Там знаходзіліся Пятро Парашэнка і Аляксандар Лукашэнка. Дзяўчына выкрыквала «Жыве Беларусь!» і «Stop dictatorship!». Гэта ўжо шосты выпадак, калі Femen прысьвячае акцыю кіраўніку Беларусі.

11 траўня 2011 году. Кіеў, Украіна

11 траўня ў Менску праходзілі суды над фігурантамі Плошчы-2010. У гэты ж дзень на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве прайшла акцыя Femen. Актывісткі арганізацыі ўсталі дагары нагамі і расстралялі яйкамі і памідорамі партрэт Лукашэнкі з «жывых рагацінаў».

«Лукашэнкаўская дыктатура не шкадуе ні жанчын, ні дзяцей: маленькі сын Ірыны Халіп ледзь быў ня трапіў у прытулак пад маркай адсутнасьці бацькоўскай апекі. У знак пратэсту супраць вусатага вандала жаночы рух Femen возьме яго пад прыцэл сваіх рагатак з стройных ног актывістак на Майдане Незалежнасьці», — пісалі ў сваёй заяве Femen.

19 сьнежня 2011 году. Менск, Беларусь

У гадавіну разгону Плошчы прайшла першая акцыя Femen у Беларусі. Тры актывісткі стаялі з плякатамі каля будынку КДБ у Менску. Некалькі хвілінаў яны выкрыквалі «Жыве Беларусь!». З КДБ выбегла ахова і затрымала відэаапэратара «Нашай Нівы» Тацяну Гаўрыльчык, а таксама фатографа Юлію Дарашкевіч. Самі актывісткі Femen пасьпелі зьбегчы.

Пазьней іх затрымалі невядомыя, вывезьлі ў лес, дзе забралі дакумэнты, аблілі валасы зялёнкай, зьдзекаваліся і пагражалі забіць. Беларуская міліцыя праводзіла праверку, але не змагла пацьвердзіць фактаў затрыманьня і зьбіцьця актывістак Femen. У Ельскім РУУС Гомельскай вобласьці адмовіліся пачынаць крымінальную справу.

1 лютага 2012 году. Цюрых, Швайцарыя

Каля будынку Міжнароднай фэдэрацыі хакею топлес-актывісткі Femen згулялі ў хакей у робах зьняволеных. Яны прынесьлі плякаты з надпісамі: «Раб не гуляе ў хакей», «Не заахвочвайце дыктатуру!», «Лукашэнка, згуляем у Гаазе?».

У сваёй заяве Femen патрабавала ад Міжнароднай фэдэрацыі хакею адвярнуцца ад «апошняга дыктатара Эўропы» і адмовіцца ад правядзеньня хакейнага чэмпіянату сьвету 2014 году ў Беларусі.

2 ліпеня 2012 году. Кіеў, Украіна

На Алімпійскім пляцы ў Кіеве актывісткі Femen правялі акцыю «КеГеБевро-2012». Адна дзяўчына была ў вобразе кіраўніка Беларусі, яшчэ пяць чалавек стаялі ў масках і размахвалі дубінкамі. Акцыя была скіраваная супраць прысутнасьці Аляксандра Лукашэнкі на фінале футбольнага чэмпіянату Эўропы ў Кіеве.

«УЭФА зноў дэманструе поўны брак гідлівасьці там, дзе патыхае лобі, зыскам і адкатамі. Для УЭФА грошы ня пахнуць ані прасьцінамі бардэляў, ані сьмярдзючай піўной брагай, ані крывёй беларускага народу», — тлумачылі сваю акцыю ў Femen.

18 чэрвеня 2013 году. Кіеў, Украіна

17 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка прыляцеў у Кіеў для перамоваў зь Віктарам Януковічам. Уначы з 17 на 18 чэрвеня актывісткі Femen паспрабавалі правесьці акцыю супраць прэзыдэнта Беларусі. Яны даведаліся, дзе прыпыніўся Лукашэнка, і мерыліся прарвацца да гатэлю. Але ім перашкодзіла міліцыя і спэцназ.

«Жаночы рух Femen змагаецца, каб зрынуць апошняга дыктатара Эўропы Лукашэнку, за свабодную Беларусь без дыктатуры, турмаў і забойстваў», — напісалі ў справаздачы пра акцыю актывісткі.

21 ліпеня 2017 году. Кіеў, Украіна

Шостая акцыя, скіраваная на Аляксандра Лукашэнку, прайшла 21 ліпеня. Лукашэнка прыехаў з афіцыйным візытам у Кіеў. Падчас адкрыцьця цырымоніі падпісаньня дамоваў паміж Беларусьсю і Ўкраінай у залю выбегла жанчына з крыкам «Жыве Беларусь» і такім жа надпісам на аголеных грудзях. Цягам 10 сэкундаў яе вывелі ахоўнікі, цырымонія прадоўжылася.

«Рух Femen такім чынам выказаў сваё стаўленьне да візыту беларускага дыктатара ва Ўкраіну, — паведаміла Свабодзе кіраўніца руху Ганна Гуцал. — Сотні ўкраінцаў загінулі і надалей гінуць за дэмакратыю і свабоду Ўкраіны, але сёньня на афіцыйным узроўні ў нашай краіне прымаюць чалавека, які ў сваёй краіне забівае, выкрадае людзей і душыць усялякае іншадумства».

Сам Аляксандар Лукашэнка пра гэтыя акцыі ведае.

«Прыяжджалі да нас нейкі голыя жанчыны з Украіны. І мяне выяўлялі там. Праўда, у мяне не такія грудзі, як у іх. Хадзілі, целяпаліся тут. Мне ўжо: „Ды мы іх...“ Я кажу: „Не чапайце, ну хай паходзяць, ну што? Ну дзьве тысячы чалавек іх пабачыць. Калі мы іх хапаць пачнем, яны яшчэ свае грудзі камусьці на плечы пакладуць і сфатаграфуюць. Ня трэба. Проста акуратненька падабраць момант“».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG