Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NATO захвалявалася, што Расея пакіне ў Беларусі пасьля вучэньняў «траянскага каня»


Бэн Ходжэс (зьлева) падчас вучэньняў у Баўгарыі ў ліпені 2017 году

Кіраўнік войскаў ЗША ў Эўропе генэрал Бэн Годжэс 20 ліпеня заявіў Reuters, што саюзьнікі Штатаў ва Ўсходняй Эўропе і Ўкраіне турбуюцца наконт беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2017».

Паводле Годжэса, вучэньні могуць быць «траянскім канём», нацэленым на тое, каб пакінуць у Беларусі вайсковую тэхніку:

«Яны кажуць, „мы проста робім вучэньні“, а потым раптоўна перамяшчаюць гэтых людзей і тэхніку кудысьці», — тлумачыць Годжэс.

Хоць NATO ня бачыць прыкметаў «ваяўнічых» плянаў Расеі што да вучэньняў «Захад-2017», Годжэс кажа, што большая адкрытасьць Масквы ў ейных «вайсковых гульнях» магла б супакоіць яе суседзяў.

NATO таксама турбуецца таму, што папярэднія маштабныя вучэньні Расеі праходзілі з удзелам сілаў спэцыяльнага прызначэньня, ракетаў далёкага дзеяньня і бесьпілётнікаў — паводле тактыкі, падобнай да той, што Расея пазьней ужывала ў час анэксіі Крыму ў 2014 годзе, у падтрымцы баевікоў на ўсходзе Ўкраіны і ў час вайны ў Сырыі. А цяперашнія вучэньні, паводле зьвестак NATO, могуць праходзіць з удзелам 100 тысяч чалавек і стаць найвялікшымі з 2013 году.

У вучэньнях «Захад-2017» могуць узяць удзел больш сілаў, чым заяўлена афіцыйна, мяркуе кіраўнік NATO

Тым ня менш Годжэс сьцьвярджае, што NATO ня будзе рабіць асаблівых захадаў у бясьпецы з прычыны вучэньняў, толькі адашле ў краіны Балтыі 120 дэсантнікаў для сваіх вучэньняў «малога маштабу».

Раней прадстаўнікі ўсіх суседзяў Беларусі, акрамя Расеі, выказвалі занепакоенасьць што да вучэньняў «Захад», у прыватнасьці ў тым, што расейскія войскі могуць застацца ў Беларусі пасьля іх заканчэньня. Але на бягучым тыдні міністар замежных справаў Латвіі заявіў, што Латвія «больш ня мае пытаньняў» наконт цяперашніх беларуска-расейскіх вучэньняў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG