Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка пра перамовы з Лукашэнкам: плённыя, грунтоўныя і шчырыя


«Гэты візыт — чарговае пацьвярджэньне нашых добрасуседзкіх дачыненьняў, якія будуюцца на даверы. Гэта ня проста візыт надзейнага партнэра, а і майго сябра, які гатовы нас падтрымліваць», — заявіў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Пасьля традыцыйных словаў вітаньня Пятро Парашэнка нагадаў пра агрэсію Расеі ва Ўкраіну, пра неабходнасьць аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласьці краіны. Ён падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за прадастаўленьне пляцоўкі для мірных перамоваў.

«Мы правялі плённыя, грунтоўныя і шчырыя перамовы. Я атрымаў пацьвярджэньне, што тэрыторыя Беларусі ніколі ня будзе выкарыстаная для агрэсіі супраць Украіны, а мяжа паміж намі будзе мяжою міру», — дадаў украінскі прэзыдэнт.

Пятро Парашэнка адзначыў, што на перамовах абмяркоўваліся пытаньня бясьпекі ў рэгіёне ды двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва.

Перамовы працягваліся амаль на 2 гадзіны больш, чым было заплянавана, што праўда і пачаліся пазьней — Аляксандар Лукашэнка спазьніўся на сустрэчу зь Пятром Парашэнкам прыблізна на 40 хвілін.

Пасьля перамоваў у пашыраным складзе былі падпісаныя праграма супрацоўніцтва між Беларусьсю ды Ўкраінай у сфэры культуры на 2017-2021, у сфэры міжнацыянальных адносін, пагадненьне пра навуковае супрацоўніцтва паміж Нацыянальнымі акадэміямі навук

Назвы дакумэнтаў перад падпісаньнем абвяшчалі на беларускай і ўкраінскай мове.

У сваю чаргу Аляксандар Лукашэнка дадаў: «Ужо цяпер мы можам казаць пра высокую прадуктыўнасьць перамоваў — і ў фармаце сам-насам і ў пашыраным складзе. Размова была гранічна кароткая, гранічна даверлівая па ўсіх пытаньнях. Перамовы мелі абсалютна адкрыты характар, улічваючы нашае даўняе сяброўства зь Пятром Аляксеевічам».

Празь некалькі хвілін пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка пачаў выступаць з заяваю, аднаму з удзельнікаў паседжаньня, кіраўніку дзяржаўнай памежнай службы Віктару Назаранку, мужчыну на руках вынесьлі з пакою.

Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама заявіў пра намер ажыцьцяўляць гуманітарную дапамогу для Луганску ды Данецкай абласьцей на рэгулярнай аснове. “Мы пастаўляем гуманітарную дапамогу ў гэтыя вобласьці. Мы хацелі б там працаваць без пасярэднікаў і па найбольш кароткім шляху – а ён праз Украіну. Я б хацей, калі гэта будзе цікава, каб мы гэта зрабілі разам – людзі ж нашыя, дзяліць няма чаго”, - адзначыў ён. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, украінскі бок пагадзіўся з такою ініцыятываю.

«Мая пазыцыя не зьмянілася адносна тых канфліктаў, якія працягваюцца ва Ўкраіне. Вы мусіце разумець: я ніколі ня ставіў перад сабою мэту бегчы паперадзе паравоза, або паперад бацькі ў пекла, як у нас, у Расеі, Беларусі, Украіне кажуць. Я рабіў, раблю і буду рабіць толькі тое, пра што мяне папросяць два прэзыдэнты. Мне было даручана Ўладзімірам Уладзіміравічам і Пятром Аляксеевічам арганізаваць гэтую сустрэчу ў Менску, гэта не мая ініцыятыва. Мне сказалі, як гэта зрабіць — я зрабіў. Прэтэнзіяў няма», — дадаў Аляксандар Лукашэнка.

«Усё, што мне даручаць два прэзыдэнты, больш чым хто-небудзь залучаныя ў гэты канфлікт мы, беларусы, будзем рабіць. Мы не прэтэндуем ні на якія лаўры — якія могуць быць лаўры, калі гінуць людзі. Таму вы, украінцы, мусіце ведаць, што ў вас ёсьць блізкія ды родныя людзі, якія жывуць на поўначы ад вас, але нічым не адрозьніваюцца ад вас. І калі вам цяжка, усім, чым можам —дапаможам», — заявіў кіраўнік Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG