Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як я «кабанеў» у Эгіпце. Некалькі магніцікаў на лядоўню


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Не люблю курорты, пляжнае ляжаньне, закрыты ад сьвету парадыз прыморскіх гатэляў all included.

Дзёня Раманюк называе гэта ўсё словам «кабанець». Таму й не люблю. Але калі ўжо так выйшла, прынамсі, некалькі ўражаньняў вязу з сабой — як магніцікі на лядоўню.

Арабскія гатэлі Чырвонага мора створаныя для саміх арабаў. Іх тут сярод курортнікаў абсалютная большасьць. Яны тут у сябе дома. На гэтую думку я натыкаюся паўсюль, асабліва калі стаю ў моры ў атачэньні вялікага мноства жанчын у чорных балахонах. Эгіпцянкі купаюцца ў адзеньні з галавы да ног. У некаторых адкрытыя твары, у іншых — толькі палоска для вачэй. Доўга не магу зразумець, што я пры гэтым адчуваю. Урэшце ўспамінаю, як калісьці апынуўся на нудысцкім пляжы і глядзеў на аголеных жанчын з падобным пачуцьцём няёмкасьці. У абодвух выпадках я пачуваюся ханжой. Гэта ад рудымэнтарнага савецкага «паложана». «Паложана», каб усе жанчыны выходзілі на пляж у купальніках. А ўсякая рэвалюцыя ў гэтай справе — хоць арабская, хоць нудысцкая — выклікае няёмкасьць. Добра, што не пратэст.

У аквапарку па калена ў басэйне стаіць жанчына ў балахонах. На руках у яе чорныя пальчаткі, палоскі для вачэй таксама не відаць, жанчына ў чорных акулярах. Поўны камуфляж. Пры гэтым у руках у жанчыны айфон — яна робіць сэлфі. Мэтафара «новай беларускай журналістыкі», дзе не распазнаюцца аўтар, стыль, жанр. Але прыкольна. (Я якраз думаў пра журналістыку.)

Калі не зважаць на гэтыя балахоны, арабы ўвогуле кранутыя глябалізацыяй у такой самай ступені, што і мы. Я бачу ў іх шмат чалавечых тыпажоў, якія мне падабаюцца ў беларусах. Зрэшты, я пасьпяшаўся з высновай — арабы больш глябалізаваныя за беларусаў. Уражвае бездакорны сэрвіс і чысьціня курорту. Уражваюць тэлеканалы, дзе так шмат ток-шоў і ўвогуле шоў, як мне падалося, жывейшых за амэрыканскія ці заходнеэўрапейскія. У арабаў карцінка, пэрсанажы, эмоцыі — проста агонь. Пры тым тэхналёгія на найвышэйшым узроўні.

Цікава, што адчувае арабская жанчына, якой нельга паказвацца на людзях аголенай, калі бачыць эўрапейскую жанчыну ў купальніку? І што пры тым самым адчувае арабскі мужчына? Я думаю, яны адчуваюць сваю самасьць. Па ідэі, гэта і ёсьць тое, што адрозьнівае глябалізаванага араба ад беларуса. А што адрозьнівае беларуса ад глябалізаванага іншага? Вышыванка? Мова?

Чамусьці згадалася, што ў 1970-я гады мужчыны ў Літве заводзілі сабе бакенбарды. Як бы калі ў цябе бакенбарды, адразу відаць, што ты літовец. У нас гэта не віталася, бо гэта быў выклік слову «паложана». І як толькі Літва стала незалежнай, бакенбарды адразу зьніклі.

Пачынаю ныць. Ад таго, што ўспамінаю наша панылае БТ, якое робіцца па аналёгіі з расейскімі каналамі зь іх гумарам ніжэй поясу, істошнымі малахавымі і вядоўцамі навінаў, у якіх уваччу застыла хлусьня. У якім жа другасным, трэцясным інфармацыйным сьвеце мы, беларусы, жывем, якое б/у спажываем. А расейская папса яшчэ… Філіп Кіркораў зьбірае Мінск-арэну… Алег Газманаў у Магілёве… Білет на Стаса Міхайлава — выйграй у Эўраопце ўдачу ў прыдачу… Група «Любэ» ў маршрутцы…

Заўважаю, што ў Эгіпце думкі пра гэта больш праціўныя, чым калі яны прыходзяць дома ці дзе-небудзь у Заходняй Эўропе. Арабская краіна атрымлівае яшчэ адзін бал павагі.

Мой кагнітыўны дысананс: уяўленьне пра арабаў як людзей дзікаватых і тэрарыстаў, сфармаванае яшчэ, мабыць, савецкай прапагандай, мяняецца на адваротнае. Гэта мы ў параўнаньні зь імі ня толькі менш глябалізаваныя, але і менш цывілізаваныя. Ясна, што і арабы розныя, але ў абсалютных велічынях уражаньне менавіта такое.

Пакуль я ныю, прыходзіць Алі Баба і робіць кантрольны стрэл. У пляжным дынаміку, які грыміць на ўсю ваколіцу, мужчынскія галасы заводзяць запальны арабскі шлягер. Нешта вельмі знаёмае. У інтэрнэце я чытаў, што расейскія папсавікі падкрадаюць у арабаў музыку. Урэшце, распазнаю. Аказваецца, і гэта, «очень русское», насамрэч арабскае. Арабы па-арабску пяюць: ану давай-давай наяривай, ану давай-давай наяривай… Дзіўна, што арабская эстэтыка без сумневу ўспрымаецца як расейская, а пра тое, каб у чым расейскім разгледзець нешта арабскае, і думкі не прыходзіць.

У аграмадным гатэлі на тысячы нумароў у абслузе працуе сотня арабаў. За ўвесь час побыту я ўважліва назіраю за імі, і ні разу не заўважаю чагосьці — позірку, інтанацыі, руху — што дысанавала б і замінала гасьцям «кабанець». Пры гэтым на тварах абслугі — нязьменная годнасьць, ніякай угодлівасьці. Можа быць нават трохі паблажлівасьці, калі перад ім «русо турысто». Мне гэта падабаецца. І я зноў думаю, што беларусам моцна бракуе нацыянальнай годнасьці, каб можна было ўявіць сабе такую бездысанансную сытуацыю дзе-небудзь у гатэлі на Нарачы.

Нацыянальная годнасьць — як стрыжань, вакол якога мацуюцца ўсе твае позіркі, рухі, інтанацыі. Ты робісься ураўнаважаным, прадбачным, надзейным. І агульны вобраз аграмаднага гатэля на Нарачы не складаецца бяз гэтага стрыжнявога чыньніка. Каб які-небудзь араб сказаў: «Ведаеце, адпачываў на Нарачы. Выдатны сэрвіс. Там абслугоўваюць беларусы».

Ня скажа, бо беларусы пачуваюцца другаснымі. Так «паложана». І араб гэта адразу адчуе.

Эгіпцянін інструктар дайвінгу на караблі, які вязе нас на каралавую выспу, кажа, што іх са школы вучылі, што існуе толькі адна краіна — Эгіпэт і ўвесь астатні сьвет. Цяпер яны глядзяць на гэта з гумарам, але ведаюць сваю чалавечую цану.

Каб стаць першаснымі, трэба паверыць ва ўнікальнасьць сваёй краіны, нацыі, сябе. А гэта настолькі ж цяжка, як усім разам надзець балахоны ці адпусьціць якія-небудзь бакенбарды. Ці, хаця б, перастаць глядзець расейскую тэлевізію і слухаць расейскую папсу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG