Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошы не былі асноўным матывам глябальнай кібэратакі, — прадстаўнік ААН


Кампутар, атакаваны вірусам Petya

Сьледчыя дагэтуль ня могуць вызначыць ініцыятараў апошняй глябальнай кібэратакі, але стратэгія нападнікаў паказвае, што ня грошы былі асноўным матывам іхных дзеяньняў, паведаміў 29 чэрвеня старшыня Глябальнай праграмы ААН па кібэрзлачыннасьці Ніл Уолш.

Праграмнае забесьпячэньне, якое выкарыстоўваецца пры атацы на гэтым тыдні, было больш складаным, чым тое, якое ўжывалася ў папярэдніх нападах з ужываньнем віруса Wannacry, адзначыў спэцыяліст. Але ініцыятары новага нападу неспрактыкаваныя ў зборы выкупу ад ахвяраў у абмен на разблякаваньне іх кампутараў, сьцьвярджае Уолш.

Гэта дазволіла 28 чэрвеня заблякаваць уліковы запіс і зрабіць немагчымым атрыманьне грошай. «Гэта можа быць хто заўгодна: ад аднаго хлопца, які сядзіць у падвале, да нацыянальнай дзяржавы», — сказаў кіраўнік Глябальнай праграмы ААН па кібэрзлачыннасьці Ніл Уолш.

27 чэрвеня маштабная хакерская атака пачалася ва Ўкраіне, яна паразіла кампутары ўраду, банкаў, прадпрыемстваў. Пра кібэратаку паведамілі і ў іншых краінах. Значны ўрон быў нанесены ў Італіі, краінах Цэнтральнай Эўропы і Ізраілі. У Нямеччыне «пашкоджана сыстэма цэнтральнага офісу кампаніі Nivea Beiersdorf у Гамбургу», паведамляе тэлеканал ARD. У Расеі пад атакай апынулася дзяржаўная карпарацыя «Роснефть».

28 чэрвеня кампутарны вірус-вымагальнік Petya распаўсюдзіўся на краіны Азіі. У Індыі праз кібэратаку выйшла са строю сыстэма кіраваньня грузамі найбуйнейшага порту краіны. Збоі зафіксавалі і ў Кітаі, аднак іх маштабы не былі такімі значнымі.

Вірус Petya шыфруе дадзеныя на кампутары і патрабуе выкупу. Спэцыялісты ў кампутарнай бясьпецы раяць нічога не плаціць — ніякіх ключоў пасьля выплаты грошай уладальнікі атакаваных кампутараў не атрымліваюць.

Падобным чынам дзейнічаў вірус-вымагальнік Wannacry, ад якога ў траўні 2017 году пацярпела больш за 300 тысяч кампутараў у 150 краінах.

XS
SM
MD
LG