Лінкі ўнівэрсальнага доступу

WannaCry амаль не зачапіў Беларусь, але экспэрты раяць карыстальнікам быць пільнымі


Кіраўніцтва Эўраполу папярэдзіла пра пагрозу новых кібэратак у панядзелак: пад пагрозай 200 тысяч пэрсанальных кампутараў у 150 краінах сьвету.

Пацярпелі Расея, Тайвань і Ўкраіна

Паведамляецца, што ў канцы мінулага тыдня шыфравальны вірус WannaCry найбольш масава атакаваў кампутары ў Расеі, Украіне і Тайвані. Маштабныя блякаваньні фіксаваліся ў шпіталях Вялікай Брытаніі, на тэлекамунікацыйных сэрвісах у Гішпаніі, на прадпрыемствах-аўтавытворцах Францыі.

Ананімныя зламысьнікі, якія запусьцілі хвалю заражэньня па ўсім сьвеце, патрабуюць выкуп у крыптавалюце — біткойнах. Вірус, трапляючы на кампутар, зашыфроўвае ўсе файлы на ім і аўтаматычна патрабуе заплаціць за разблякаваньне ў эквіваленце ад 300 да 600 даляраў. Паводле папярэдніх падлікаў, калі ўсе карыстальнікі выплацяць выкуп хакерам, іхны прыбытак будзе вымярацца мільярдамі даляраў.

Пакуль невядомы мэханізм пранікненьня вірусу ў кампутар, але відавочна, што ў першую чаргу ён шкодзіць машынам, якія працуюць пад кіраваньнем апэрацыйнай сыстэмы Windows. Спэцыялісты не выключаюць, што найбліжэйшым часам пад пагрозай можа апынуцца каля мільёну пэрсанальных кампутараў.

Цяпер над пошукамі выйсьця з праблемнай сытуацыі працуюць адначасова ў офісе Microsoft, спэцслужбы і антывірусныя лябараторыі шэрагу краінаў. Адмыслоўцы перадусім раяць не пераходзіць па падазроных спасылках, асабліва карыстальнікам з састарэлымі вэрсіямі Windows і неабноўленым антывірусам, захоўваць самыя важныя дадзеныя на флэшкі або вонкавыя цьвёрдыя дыскі.

Экспэрты канстатуюць, што мацней за іншых хакерская атака закранула Расею — пацярпелі кампаніі «Мегафон», кампутарныя сістэмы МУС Расеі, Сьледчага камітэту, МНС, Міністэрства аховы здароўя, «Сбербанк» ды іншыя буйныя арганізацыі.

МУС Беларусі: заяваў пра кібэратакі не было

Беларусь лічыцца краінай з павышанай канцэнтрацыяй ІТ-кампаній і высокім узроўнем кампутарызацыі, але тут у масавым парадку WannaCry карыстальнікаў пакуль не зачапіла.

Прынамсі, як заявілі Свабодзе ў Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі, заяваў у міліцыю пра ўрон у выніку кібэратак не паступала — ні ад юрыдычных, ні ад фізычных асобаў.

Праграміст: ёсьць асобныя выпадкі заражэньня WannaCry і ў Беларусі

Тым ня меней, як сьцьвярджае праграміст адной зь менскіх ІТ-кампаній Зьміцер Клінаў, такія адзінкавыя факты ёсьць, і пад другую хвалю атакі беларускія карыстальнікі могуць трапіць у большай ступені:

«Маштаб праблемы даволі шырокі і пацягне наступствы. У Беларусі таксама ёсьць такія выпадкі — іншая справа, што пра іх няма публічнасьці. Асабіста я дакладна ведаю пра тры кампутары, уладальнікі якіх атрымалі на сваю электронную пошту лісты падобнага зьместу. Тут асноўнае пытаньне, як карыстальнік сябе будзе паводзіць: ці актывізуе гэты ліст, ці запрацуе на іншай апэрацыйнай сыстэме, ці, што самае важнае, кампутар мае апошнія абнаўленьні, якія абаранілі яго ад заражэньня. З улікам, што сёньня першы працоўны дзень пасьля мінулай пятніцы, „вылезьці“ можа што заўгодна. Бо ў некаторых арганізацыях ёсьць такое правіла ў ІТ-дэпартамэнтах, калі абнаўленьні праводзяцца толькі на загад зьверху. Гэта значыць, у мэтах эканоміі ахоўныя праграмы маглі нават не ўсталёўваць».

Як кажа экспэрт, чым большая колькасьць кампаній і арганізацый у нейкай краіне карыстаецца пірацкімі вэрсіямі, тым вышэйшы шанец атрымаць «ліст шчасьця» — гэта адно з тлумачэньняў, чаму вірус-вымагальнік у першую чаргу атакаваў Расею ды Ўкраіну. З аналягічнай прычыны другой хваляй можа накрыць і Беларусь:

«Для распрацоўнікаў апэрацыйных сыстэмаў гэта ня стала нечаканасьцю. Адпаведна, калі карыстальнік мае ліцэнзійную вэрсію Windows, калі ён рэгулярна яе абнаўляе, ягоны кампутар будзе застрахаваны ад такога кшталту вірусаў-вымагальнікаў. Калі палітыка фірмы іншая, трэба рыхтавацца да горшага. Таму, думаю, ужо сёньня-заўтра мы пачуем пра новыя выпадкі заражэньня, у тым ліку і ў Беларусі. Справа ў тым, што вірус шкодзіць найперш лякальным сеткам і найбольш распаўсюджваецца на працоўных месцах у буйных кампаніях, мае своеасаблівы карпаратыўны характар. Нягледзячы на тое, што першая хваля заражэньня прайшла, Беларусь нібыта не закрануўшы, можна чакаць другога прышэсьця, і тады гэта беларускія карыстальнікі адчуюць дакладна».

Некаторыя крыніцы паведамляюць, што вірус WannaCry заснаваны на кодах, нібыта выкрадзеных з Агенцтва нацыянальнай бясьпекі. У сувязі з гэтым Адміністрацыя ЗША правяла экстраную нараду з нагоды небясьпечнай сытуацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG