Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампутарны вірус WannaCry: пад падазрэньнем — Паўночная Карэя


Экспэрты ў розных краінах сьвету паведамляюць, што разбуральны кампутарны вірус WannaCry зьмяшчае элемэнты коду, з дапамогай якога КНДР у 2014 годзе пасьпяхова атакавала сайт кінакампаніі Sony Pictures у адплату за зроблены ёю фільм пра замах на паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына.

Брыгада хакераў, якая ажыцьцявіла ўзлом сэрвэраў Sony Pictures, называе сябе Lazarus Group. Сьляды «электронных адмычак», якімі карысталася выключна Lazarus Group, былі выяўленыя ў зыходных вэрсіях WannaCry, выпрабаваных супраць аб’ектаў у Паўднёвай Карэі і Злучаных Штатах, — распавялі супрацоўнікі каліфарнійскай фірмы Symantec, якая спэцыялізуецца на кампутарнай бясьпецы. «Мы не сьцьвярджаем, што Lazarus Group стоадсоткава адказная за апошнюю атаку, але наяўных доказаў цалкам дастаткова, каб весьці расьсьледаваньне ў гэтым кірунку», — заяўляе Symantec.

Вірус-вымагальнік «замарозіў» доступ да дадзеных на сотнях тысяч кампутараў у ста пяцідзесяці краінах, уключаючы ЗША, Расею і Кітай. Экспэрты, аднак, выказваюць аптымізм у сувязі з тым, што распаўсюджаньне віруса ўдалося запаволіць і што кампутарныя піраты атрымалі на сёньня ў якасьці выкупу ўсяго крыху больш за 50 тысяч долараў, што зусім няшмат, улічваючы маштабы акцыі.

Аўтамабільны гігант Renault, спаслаўшыся на заражанасьць кампутараў, прыпыніў вытворчасьць на шэрагу сваіх заводаў у Францыі і Славеніі.

Чырвонага колеру застаўка віруса WannaCry была заўважаная на маніторах з інфармацыяй аб руху цягнікоў на чыгуначнага вакзалах у Нямеччыне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG