Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імклівая хваля кібэратак, колькасьць якіх расьце па ўсім сьвеце, не абмінула і Беларусь. Як паведамляе МУС Беларусі, ва Ўпраўленьне «К», якое займаецца раскрыцьцём злачынстваў у сфэры высокіх тэхналёгій, з заявамі ўжо зьвярнуліся прадстаўнікі буйных беларускіх кампаній.

Мэта махляроў — блякаваньне каштоўнай інфармацыі. У першую чаргу вірусы (напрыклад, «Petya») пагражаюць фінансавым і бухгальтарскім падразьдзяленьням. Заражаныя файлы дасылаюцца пад выглядам рэзюмэ, фінансавых справаздач, іншай уваходнай дакумэнтацыі або маскіруюцца пад архіў з дакумэнтамі. На самой справе вірус — EXE-файл, пасьля запуску якога загрузіць апэрацыйную сыстэму немагчыма, тлумачыць МУС.

Начальнік упраўленьня па раскрыцьці злачынстваў у сфэры высокіх тэхналёгій палкоўнік міліцыі Вадзім Усьціновіч настойліва раіць грамадзянам самім не рабіць ніякіх дзеяньняў, а пры зьяўленьні на маніторы кампутара патрабаваньня «выкупу» за дэшыфроўкі зьвяртацца ў міліцыю.

Каб ня стаць ахвярай кібэр-нападаў, МУС раіць выкарыстоўваць складаныя паролі, карыстацца толькі ліцэнзійным праграмным і антывірусным забесьпячэньнем і пастаянна іх абнаўляць. Пільнасьць пры атрыманьні паведамленьняў па электроннай пошце зь незнаёмых і падазроных крыніц таксама дапаможа пазьбегнуць заражэньня кампутара і сеткі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG