Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольнены падпалкоўнік міліцыі з Крычава Ігар Вусік расчараваны, але барацьбы не спыняе


Ігар Вусік
Ігар Вусік

«Мы зьвярнуліся з праблемай, але нас не пачулі, усё перавярнулі дагары нагамі», — заявіў Ігар Вусік у інтэрвію для Радыё Свабода і расказаў падрабязна пра прычыны канфлікту ў Крычаўскім РАУС.

Інтэрвію было запісанае ў пачатку траўня.

— Ігар Валер’евіч, як вы паставіліся да вынікаў службовай праверкі, якую правялі ў Магілёўскай абласной управе ўнутраных спраў?

— Канечне, быў вельмі зьдзіўлены. Бо праблемы, пра якія мы пісалі ў звароце да міністра ад 16 лютага, там ніякага адлюстраваньня не знайшлі. Затое я аказаўся лідэрам міліцэйскай групы, створанай нібыта, каб зьняць з пасады начальніка РАУС Чупрына. І гэта нібыта я да яго перадузята стаўлюся, а не наадварот. Але гэта няпраўда.

У выніку паводле той праверкі мне абвясьцілі строгую вымову і вырашылі перамясьціць мяне ў іншы РАУС. А Чупрыну абвясьцілі толькі заўвагу за нетактоўныя адносіны з асабістым складам. А адносна намесьніка па ідэалягічнай працы Васіля Ціханенкі вырашылі накіраваць матэрыял у Крычаўскі раённы сьледчы камітэт.

Праверка выявіла факты злоўжываньняў, а ня проста недахопы. А захадаў — ніякіх, толькі вымова начальніку. І гэта вынік?

Але гэткі вынік сьмешны. Службовая праверка праводзілася амаль два месяцы. Спачатку выявілі факты злоўжываньняў з боку намесьніка, участковыя пэўна ўказвалі, што перадавалі яму грошы са сваіх прэмій, але гэта не ўзялі пад увагу. А пра тое, што ў сьнежні 2016 году зноў спрабавалі ўзяць з нас грошы з прэмій і я гэтаму перашкодзіў, дык увогуле правяраючыя не ўзгадалі. То бок праверка выявіла факты злоўжываньняў, а ня проста недахопы. А захадаў — ніякіх, толькі вымова начальніку. І гэта вынік?

— Пра якія злоўжываньні вы казалі?

— Найперш пра тое, што нас прымушалі аддаваць частку прэмій. Пра гэта мы расказалі правяраючым, калі пачалася праверка нашай калектыўнай скаргі. А ў самім звароце да міністра ад 16 лютага мы пісалі найперш пра факты неабгрунтаванага ўзмацненьня — калі нас пераводзілі на працу паводле ўзмоцненага рэжыму службы. За мінулы і пачатак гэтага году ажно 8 разоў нас пераводзілі на такі рэжым. А гэта 10 сутак запар службы па 12 гадзін. Лічу, гэта рабілася беспадстаўна. Плюс паведамлялі пра зьняважлівае стаўленьне да ўчастковых з боку начальніка РАУС. Пра выразы: «Прынясіце мне свае дыплёмы, я іх парву». Гучалі і іншыя зьнявагі, нават ня хочацца іх паўтараць. Але пытаньне: чаму гэта пачалося? Мяркую, сярод іншага дзеля грошай. Бо перасталі ім аддаваць грошы з прэмій. Прыкладам, у лютым нам выдалі прэмію, я павінен быў аддаць яе, але адмовіўся.

— Гэта было такое правіла для ўсіх вызначана, што калі атрымліваеш прэмію, дык аддаеш частку начальству?

— Мне цяжка казаць пра іншых, але асабіста я тройчы перадаваў грошы з прэмій. Двойчы намесьніку па ідэалягічнай працы і былому намесьніку нчальніка адзін раз. Ад іх быў такі вусны загад, каб перадаў грошы з прэмій.

Міліцыянты Крычава ў чаканьні звальненьняў і «суду афіцэрскага гонару»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:06 0:00

— Яны тлумачылі, на што прызначаныя гэтыя паборы?

— Так, я пытаўся, дык намесьнік пэўна казаў, што начальніку. Але ці ішлі гэтыя грошы начальніку — сказаць такога не магу. А на што ішлі грошы? Казалі — «цяжка жыць».

Дарэчы, да нашага звароту да мяне прэтэнзій не было. Але пасьля таго, як мы зьвярнуліся да міністра ўнутраных спраў, дык адносна мяне была прызначаная службовая праверка. Правяралі на паліграфе.

— Вы яшчэ скардзіліся на тое, што прымушаюць любым коштам знаходзіць і затрымліваць хуліганаў. Навошта, як мяркуеце, гэта рабілася? Дзеля паляпшэньня статыстыкі? Існаваў нейкі плян?

Не заменяць пасьля дзяжурства, пакуль ня знойдзеш і не затрымаеш каго па артыкуле аб адміністрацыйным парушэньні 17-1 ці 17-3. Гэта дробнае хуліганства. Ідзі куды хочаш і шукай, але знайдзі. Гэтак адбывалася цягам 2016 году.

— Пляна як такога не было, а быў асабісты загад начальніка. Не заменяць пасьля дзяжурства, пакуль ня знойдзеш і не затрымаеш каго па артыкуле аб адміністрацыйным парушэньні 17-1 ці 17-3. Гэта дробнае хуліганства. Ідзі куды хочаш і шукай, але знайдзі. Гэтак адбывалася цягам 2016 году.

— Ці абураўся і скардзіўся хто на такую практыку? Адмаўляўся гэта выконваць?

— Калі нас пераводзілі на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы, так што людзі не маглі нармальна адпачыць, я пра гэта дакладваў ва ўправу абласной міліцыі. Прыкладам, званіў і расказваў Сяргею Васільевічу Волкаву. Але нічога не зьмянілася.

— А што непасрэдна падштурхнула супрацоўнікаў аддзелу зьвярнуцца на імя міністра?

— Дык вось тое, што ў лютым нас зноў вырашылі перавесьці на ўзмоцнены варыянт службы. Толькі ў студзені 11 дзён гэтак адпрацавалі, па 12 гадзін, і тут зноў, бязь нейкіх істотных прычын. Тады мы і вырашылі зьвярнуцца да міністра з калектыўным лістом.

— Гэта адбылося да гісторыі са звальненьнем вашага падначаленага Юрыя Дзюбанава ці пасьля?

— Да звальненьня.

— Паводле матэрыялаў праверкі, вы з парушэньнем адпусьцілі яго са службы, ён сышоў ды яшчэ і ўжыў алькаголь. У выніку быў звольнены. Які ваш погляд на гэтую сытуацыю?

— Глядзіце. Гэта адбылося ў суботу, а ў суботу ў мяне заўсёды быў працоўны дзень. Дзюбанаў прыйшоў да мяне, сказаў, што ў яго пералом нагі і яму трэба зьвярнуцца ў шпіталь. Я яго адпусьціў і прызначыў яму замену. Потым высьветлілася, што ён ужыў сьпіртное, бо моцна балела нага. Мне ж паставілі ў віну, што адпусьціў Дзюбанава, нібыта ня маючы на гэта права — быў на выходным. Але, паўтараю, суботы ў мяне заўсёды былі працоўнымі, у тым ліку і тая. Да таго ж я забясьпечыў Дзюбанаву замену, як і трэба паводле інструкцыі. Дзюбанава звольнілі нібыта за прагул, а мне далі строгую вымову.

— У матэрыялах праверкі калектыўнага звароту ёсьць ацэнка, што вы дзейнічалі ў мэтах «наданьня сваёй асобе асаблівай значнасьці». Вы з гэтым згодны?

Менавіта пасьля нашага звароту мяне пачалі рабіць крайнім, дрэнна мяне характарызаваць. Да таго ўсе характарыстыкі былі станоўчыя, а тут — усё наадварот, дзіву даюся.

— Ну што тут скажаш: найлепшая абарона — гэта напад. Таксама не магу з гэтым пагадзіцца. Менавіта пасьля нашага звароту мяне пачалі рабіць крайнім, дрэнна мяне характарызаваць. Да таго ўсе характарыстыкі былі станоўчыя, а тут — усё наадварот, дзіву даюся. Участковым адпрацаваў 7 гадоў, начальнікам аддзелу прафіляктыкі, калі кіраваў іншымі ўчастковымі, — 3 гады. Акадэмію МУС скончыў, усё было добра. А тут паскардзіўся — і...

— На вашу думку, як недахопы і злоўжываньні, пра якія вы расказалі, адбіваліся на агульнай працы райаддзелу міліцыі?

—Цяжка гэтак ацаніць, але для мяне відавочна, што калі пішуць адразу 11 чалавек пра пэўныя праблемы, дык гэта сур’ёзна. Маглі адразу і хутка да нас прыслухацца і вырашыць праблемы, але — не. Праверку зладзілі аднабаковую. Мяне амаль адразу зрабілі крайнім, кагосьці ж трэба пакараць.

Ігар Вусік
Ігар Вусік

— Калі б сёньня падпісвалася тая скарга, колькі б яе падпісала, як думаеце?

— Мяркую, і сёньня ўсе б падпісалі.

— І што цяпер будзе з вашай міліцэйскай кар’ерай?

— Як што? Адназначна буду звольнены. Мяне ж зрабілі «арганізатарам міліцэйскай групы», які настроены на звальненьне начальніка РАУС Чупрына з пасады. Але ў мяне да яго няма ніякіх асабістых прэтэнзій. А вось у яго да мяне такія прэтэнзіі былі.

— Як думаеце, будзеце шкадаваць, калі страціце працу міліцыянта?

Так, не ўяўляю сябе на іншай працы. Мне 38 гадоў, і ўсё працоўнае жыцьцё я міліцыянт. Усё жыцьцё як міліцыянт я імкнуўся дапамагаць людзям, вырашаць праблемы, якія былі ў людзей. А тут — ня ведаю, што далей.

— Так, не ўяўляю сябе на іншай працы. Мне 38 гадоў, і ўсё працоўнае жыцьцё я міліцыянт. І што, міліцыянта выкідаць на вуліцу? Хіба гэта нармальна? Усё жыцьцё як міліцыянт я імкнуўся дапамагаць людзям, вырашаць праблемы, якія былі ў людзей. А тут — ня ведаю, што далей.

— А што будзе зь іншымі падпісантамі звароту?

— Юрыя Дзюбанава ўжо звольнілі, паступова будуць і за іншых брацца. Ведаю, што ўжо на іх ціснуць. Хаця — ну ў чым яны вінаватыя? Мы зьвярнуліся з праблемай, але нас не пачулі, усё перавярнулі дагары нагамі, за сваю праўду мы яшчэ і атрымалі.

— А ці была ў вас іншая магчымасьць зьвярнуць увагу начальства на праблемы ў райаддзеле, а не пісаць калектыўны зварот міністру? Інакш вы маглі б дзейнічаць?

— Ды ніякай магчымасьці няма. Можна толькі пашкадаваць, што раней не задакумэнтавалі злоўжываньні, пра якія кажам, тую ж перадачу грошай. Зьняць гэта на відэа. Але які быў для нас у гэтым сэнс? Мы ж не зьбіраліся помсьціць, нават не настойвалі на завядзеньні крымінальнай справы. Нам было важна, каб ставіліся да нас па-людзку і каб мы працавалі ў штатным нармальным рэжыме. І ўсё.

— Калі б у вас былі відэаздымкі, цяпер гэта быў бы неаспрэчны аргумэнт...

— Ды ўсё роўна нічога б не было. Хоць я шчыра кажу, што тройчы перадаваў грошы.

— Вы казалі, што праходзілі працэдуру допыту на паліграфе. І што паказаў паліграф?

— Што я нібыта настроены на зьняцьцё з пасады Чупрына, маю да яго няпрыязь.

— А паліграф пытаўся ў вас, ці праўду кажаце наконт грошай?

— Не было такога. Ня памятаю, здаецца, не было. Але паліграфу цяпер ня веру, гэтая праверка не дала выніку.

— А чаму вы настойвалі на тым, каб вас правяралі не з магілёўскай управы міліцыі, а з МУС?

— Як чаму? Бо прадбачыў вынік. І спачатку, калі нас правярала ўправа ўласнай бясьпекі МУС, эпізод пра злоўжываньні вылучылі ў асобны, а потым перадалі праверку ў Магілёў — і вось такі вынік. Дагэтуль ніякай справы. А пра мяне кажуць, што навёў паклёп. Толькі ў чым паклёп? Мы ж адразу, адкрыта далі паказаньні, што адбываліся злоўжываньні. І чаму гэтым фактам няма прававой ацэнкі? Паводле маіх зьвестак, нават у раённым СК ніякіх матэрыялаў дагэтуль няма.

— Калі вас звольняць, супакоіцеся ці будзе змагацца за сваю праўду далей? Якія ў вас пляны адносна гэтага канфлікту?

— Якія пляны, не скажу. А што звольняць — гэта адназначна. Звольняць за праўду, бо нічога дарэмнага я не сказаў. Ніякіх сакрэтаў не раскрыў.

Справа не ў маім асабістым гонары. Так, прысутнічае самапавага, але ёсьць і павага да асабовага складу аддзелу. Калі я гарой стаў за асабовы склад, супроць зьнявагаў, дык натуральна, што буду далей змагацца.

— Будзеце далей адстойваць свой гонар?

— Справа не ў маім асабістым гонары. Так, прысутнічае самапавага, але ёсьць і павага да асабовага складу аддзелу. Калі я гарой стаў за асабовы склад, супроць зьнявагаў, дык натуральна, што буду далей змагацца.

***

Ігар Вусік скончыў сярэднюю беларускамоўную школу пад Бялынічамі, у роднай вёсцы размаўляе па-беларуску, паступаючы ў школу міліцыі ды ў Акадэмію міліцыі, здаваў экзамэны таксама па-беларуску.

«Мог бы лёгка адказваць на вашы пытаньні па-беларуску», — падсумаваў міліцыянт. А чаму ж ня стаў?

Ігар Вусік пагадзіўся з вэрсіяй, што ня стаў адказваць па-беларуску, каб не выглядаць апазыцыянэрам. Падпалкоўнік падкрэсьліў: ён ніякі не рэвалюцыянэр і не прадстаўнік апазыцыі, на выбарах заўсёды шчыра галасаваў за Аляксандра Лукашэнку. А што дамагаўся праўды на сваім працоўным месцы — такая ў яго жыцьцёвая пазыцыя.

4 траўня Ігар Вусік напісаў рапарт аб звальненьні. Сказаў, што фактычна прымусілі.

У сярэдзіне лютага начальнік аддзелу правапарадку і прафіляктыкі Крычаўскага РАУС Ігар Вусік і яшчэ 10 міліцыянтаў, якія працуюць участковымі, зьвярнуліся са скаргай да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. Скаржнікі наракалі, што кіраўнік РАУС Станіслаў Чупрын іх нібыта зьневажае, таксама расказалі пра прымушэньне вяртаць частку выплачаных прэмій ды іншыя хібы.

5 траўня міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч, камэнтуючы канфлікт у Крычаўскім РАУС, сказаў, што вінаватыя ў канфлікце абодва бакі.

«У выніку намі ўстаноўлена парушэньне дысцыпліны і ведамасных нарматыўных актаў як з боку кіраўніцтва райаддзелу, так і з боку скаржніка, які зьяўляецца фігурантам праверкі. У выніку абодва прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасьці», — сказаў міністар Ігар Шуневіч і пры гэтым папярэдзіў, што калі новая праверка выявіць віну Ігара Вусіка, то «ён будзе звольнены з улікам наяўнасьці ў яго дысцыплінарнага спагнаньня».

На гэтую заяву міністра Ігара Шуневіча Ігар Вусік заўважыў Свабодзе, што спадзяваўся ўбачыць таксама ацэнку зьвестак пра злоўжываньні кіраўнікоў Крычаўскага РАУС, пра якія паведамлялася ў скарзе.

19 траўня Ігар Вусік пацьвердзіў карэспандэнту Свабоды, што яго азнаёмілі з загадам аб звальненьні, а таксама разам зь ім быў звольнены ўчастковы лейтэнант міліцыі Андрэй Шашкоў, які таксама падпісваў калектыўны ліст крычаўскіх міліцыянтаў да міністра Ігара Шуневіча.

Ігар Вусік пракамэнтаваў сваё звальненьне:

«Што тут сказаць? Думаю, паступілі з намі несправядліва і не паводле закону. Па-першае, трэба глядзець, чаго пачалося. Мы праінфармавалі міністра пра парушэньні, якія адбываліся ў Крычаўскім РАУС, але фактычна тую справу замарудзілі: чатыры месяцы ідзе праверка, а выніку няма. Сказаў бы так, што адбываецца ўтойваньне парушэньняў закону. Па-другое, вось менавіта таму, што нічога не вырашалася (як працавалі тыя, пра каго мы пісалі міністру, так і працуюць), мы і мусілі зьвярнуцца да мэдыя, каб пра гэта ўсе ведалі і нешта зьмянілася. Але за гэта нас ужо звольнілі, нібыта мы парушылі службовыя інструкцыі і кантракт.

Яшчэ раз паўтару, што намі рухала менавіта жаданьне палепшыць сытуацыю ў РАУС, нікога мы не зьбіраліся дыскрэдытаваць. І ў СМІ мы зьвярнуліся проста дзеля таго, каб нас пачулі на самым высокім узроўні. Я ўжо казаў у інтэрвію „Белсату“, што на выбарах галасаваў за Аляксандра Лукашэнку, верыў, што зь ім можа нешта да лепшага зьмяніцца. Але мы ж разумелі, што да яго нас ня пусьцяць, дык вырашылі зьвярнуцца празь СМІ. Цяпер асабіста зь мяне зрабілі парушальніка, дрэннага міліцыянта, хоць яшчэ ў пачатку году начальнік РАУС адзначаў добрую працу ўчастковых на чале з Вусікам. Такім чынам, вось гэта варта падкрэсьліць: што мы дзейнічалі ў інтарэсах службы і не насуперак уладзе».

Ігар Вусік сказаў, што будзе зьвяртацца ў суд і дамагацца адмены загаду аб ягоным звальненьні. Наколькі ён ведае, так зьбіраецца дзейнічаць і ягоны калега лейтэнант Андрэй Шашкоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG